Вы тут

«Дзве кароўкі на казу абмяняў Антонік…»


Што было — было, бо такое, каб і хацеў, наўрад ці прыдумаеш. У горадзе дзве маладзіцы сустрэліся (адна — замужняя, з пяцігадовай дачушкай, другая — дзеўка яшчэ), у нейкую кавярню зайшлі, штось замовілі, сядзяць, гамоняць. Незамужняя на сваю долю скардзіцца. Маўляў, што цяпер ні мужчына — казёл: «Так і глядзіць, каб я вакол яго тупала, каб даглядала, а каб ён мяне — дык нават не падумае!..»

Малая, гэта пачуўшы, устала з‑за свайго століка, падышла да суседняга, дзе сядзелі двое мужчын, і спытала:

Дзядзечкі, бачыце вунь тую цёцю?

Ну.

А можаце крыху падаглядаць яе? А то мама неяк пра нашу хамячыху забылася — два дні не даглядала, дык ад яе такі смурод быў…

3-6

Ці трэба казаць, што маладзіц ад гэтых слоў з кавярні як ветрам выдзьмула! А вось мужчыны — засталіся. І рагаталі, кажуць, так…

Зрэшты, сёння размова не пра іх, не пра мужчын, і нават не пра казлоў — амаль што. «Вочы неяк самі «зачапіліся» за новы конкурсны здымак, бо на ім жа козачка! — прызнаецца спадарыня Галіна Пятроўская з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна.— Акурат як наша Цыганачка… А ўсяго іх дзве. З казлянятамі і болей бывала. Мужу яны вылечылі язву, мне дапамагаюць змагацца з бранхітам. Так што козак мы вельмі паважаем!.. Чаму вось гэтая ды раптам у «карэце»? Адказаў можа быць шмат».

І ёсць! Бо гэтай казой, як прызнаецца чытачка, яна ўсіх сваіх сямейнікаў «дастала». «Муж папросіць нешта зрабіць, — я тут жа яму ўмову: «А радок у рыфму падкажаш?..» Ён для прыліку трохі пасварыцца, але ж потым нештачка і выдасць».

Прыклад? Калі ласка:

Дзве кароўкі на казу

Абмяняў Антонік…

Засталося абмяняць

І каня — на поні.

Вы скажаце, што гэта нейкія нераўнацэнныя абмены? І сапраўды, калі ў корань не глядзець, калі не чуць, як адна кабета кажа другой:

Зяць чакае дапамогі.

Мы — з гуманітарнаю:

Паглядзі, кума, на рогі,

Козка — элітарная!

Чым такім адметная? Ды не злічыць! Ну па-першае, як паведамілі сужэнцы Пятроўскія, яна лечыць (і не толькі язвы ды бранхіты). Бяры болей, як піша спадарыня Любоў Чыгрынава з Вілейшчыны:

Зацяжка ўжо трымаць кароўку —

Тады хоць козак на вяроўку.

Надоім меней малака,

Ды будзе сіла ў мужыка!

Гэта, па-першае. А па-другое — грошы! Як піша спадарыня Марыя Грышчанка з Дзяржынска:

Усіх вяскоўцаў малаком

Забяспечыць дзед Пахом:

Жонку, козачку — на воз

І па вуліцах павёз.

Гандаль борзда ў іх ідзе:

Сэрвіс, так бы мовіць —

Каму шклянку, каму дзве

«Свежачка» надояць.

І нештачка ўтаргуюць! Аднак выгада, на думку спадара Анатоля Гарачова з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна, не толькі ў мільёнах:

Гэтым жонка мужыка

У руках трымае:

За тры літры малака

Чарку налівае.

А магла б і больш, бо, як мяркуе спадар Мікола Кісель з Мінска, тыя тры літры ну вельмі цяжка даюцца:

У козкі нораў — не дай Божа,

Дзед яго трываць не можа:

Раніцой не пакатаеш —

Малачка не атрымаеш!

Значыць, катае-такі? Ці ўжо збрыдзела: ён тую козку на рынак вязе ды час ад часу на размовы спыняецца?

Адну з іх «падслухалі» сужэнцы Астроўскія з Мінска:

Ой, суседка, што я чую!

Можа, Богу не грашы?!

Няўжо козачку такую

Прадасі на кірмашы?

Што адказвае суседка, не падслухаў ніхто, а вось што яе муж (ён да жанчынак спінай сядзіць), пачула спадарыня Грышчанка:

Сваю жонку і казу

На базар я завязу.

Бабу ма́ю не старую —

Скрыню грошай утаргую!

І што — тая скрыня яго прывеціць?.. Абдыме, пашкадуе? Нейкай смакаты напячэ? Не! Гаспадыня ў хаце — вось яно, багацце! Як і гаспадар, дарэчы. А калі яно, тое багацце, завялікае ўжо, то ім (на думку спадарыні Ларысы Салей са Скідаля) і падзяліцца можна:

Дзед і баба ў воз паселі

І — гайда на наваселле!

Конік ведае кірунак,

Козка — найлепшы падарунак…

Ды суседка ім сказала,

Што казы цяпер — замала:

Каб зяцёк не супіў бровы,

Падарыце й гэты ровар.

Во якія людзі ў вёсцы! Свой веласіпед гатовы аддаць, каб чужому зяцю дагадзіць! А таму… далучайцеся! Пажадана — такія ж добрыя, шчырыя, непітушчыя і… нежанатыя. Ім сужэнцы Пятроўскія адкрытым тэкстам пішуць:

Прыязджайце кумак сватаць!

Бачыце — багатыя:

Маюць хаты, самакаты

І казу рагатую.

Карацей, маюць кумкі ўсё, што трэба! А значыць, можа і адгукнецца хто (у пошуках гаспадыні і грошай) на гэты заклік. Бо пісаў жа некалі Васіль Шукшын, што пазбіраюцца людзі ў вялікіх смярдзючых гарадах, а потым паразбягаюцца ў чыстае поле.

Але ж пакуль, як сведчыць здымак (і вырыянт подпісу да яго ад спадара Сцяпана Нефідовіча з Лунінеччыны), назіраюцца іншыя працэсы:

Бывай, сябровачка з сяла,

Мне сёння выпала ўдача:

Купіў Іван майго казла,

Яшчэ й мяне бярэ ў прыдачу!

Во як здараецца паміж пакупнікамі і гандлярамі, паміж мужчынамі і жанчынамі! Хоць паразуменне (прынамсі паміж тымі, што на возе), як лічыць спадарыня Чыгрынава, узнікла не адразу:

Маня Янку гаварыла:

А навошта ж вам казёл?..

Бо таго не палічыла,

Колькі ён «абслужыць» сёл!

Трэба разумець, многа? Бо «элітарны»!.. І зноў жа не «за так»!

Зрэшты, козлік, ды гэтакі прыгожанькі (на думку спадарыні Гудачковай з Жыткавіч), можа ехаць не толькі па справах:

Нарэшце!.. Пашана

            жывёльнаму свету:

Казлу з агарода

            зрабілі «карэту»…

Павезлі ў горад яго на выставу:

Ну, хочацца людзям

            і грошай, і славы.

3-7

Магчыма, якраз пра іх, тыя грошы, славу, выставу, кабеты і гамоняць. Прычым гамоняць даўно. Мужыку, што на возе, «слухаць» збрыдзела: сядзіць ды сам сабе думае (запісала гамяльчанка Раіса Васільева):

Даць бы добрай лазы,

Бо балбочуць, балбочуць…

Ажно ў беднай казы

Павылазілі вочы!

Данялі, дапяклі,

Аж у роце ўжо горка:

Ну калі ўжо, калі

Сціхне ваша гаворка?!

Адказу на гэтае пытанне ў рэдакцыйнай пошце няма. Ёсць хіба здагадка — у спадарыні Чыгрынавай:

Стрэлісь бабы на базары —

Тары-бары-растабары…

Балбатні ў дзвюх кабет

Ад світанку — пад абед!

Аж шапнула Верцы Каця:

Ты — начальніца у хаце…

Ну й ціхмяны ў цябе муж,

Мой — даўно ўзяў бы гуж!

Альбо і што іншае прыдумаў бы:

Дзе дзве бабы, там — базар,

Гэта і не дзіва.

Мужыку ж які навар

Слухаць іхні тарабар?!.

Лепш бы выпіў піва!

Што праўда, тое праўда: хто не пагодзіцца са спадаром Валерыем Гаўрышам з Чавусаў! І хто з мужчын, глянуўшы на здымак яшчэ раз, не… парадуецца разам са спадаром Анатолем Гарачовым з Іўеўшчыны:

Па зіме садочкі

У прыгожых шатах…

Ад'язджае прочкі

Цешча з нашай хаты!

Чаму з казой? А таму што іншы раз і карову аддасі, толькі б яна з'ехала! Куды-небудзь падалей… Анекдот, да слова. Цешча ў двары ля машыны круціцца. Зяць, адчыніўшы акно: «Мама, а куды гэта вы сабраліся?» — «На могілкі, сынок». — «А хто машыну дамоў прыгоніць?»

Канфлікт пакаленняў, як той казаў… Нявестка са свякроўю таксама не заўжды ўжываецца. З'язджае вось… Спадар Анатоль «развітальны маналог «падслухаў»:

Час, як рэчачка, бяжыць,

Ды не бачна зрухаў:

Вельмі цяжка стала жыць

Мне са злой свякрухай.

Бач, дадому ўсё вязу,

Бо яна сказала:

«Забірай сваю казу!»

І… казла таксама.

Атрымліваецца, родная маці гэтак сына заве?! Самы час яму крыўдзіцца? Сужэнцы Астроўскія лічаць, што не варта:

Сімвалы-прывіды

Побач з чалавекам,

І мянушкі носяць

Многія спрадвеку.

Ёю пакаралі?

Крыўдзіцца не варта:

Як казлом назвалі,

Значыць, ты ўпарты.

І хто сказаў, што гэта дрэнна? Як лічыць спадар Гарачоў, нічога падобнага:

Я і жонку, і казу

Да Варшавы давязу.

Там змяню каня на «бус» —

І гайда ў Еўрасаюз!

Трэба гэта, не трэба — меркаванні розныя ёсць… Спадарыня Маркушэўская з Баранавіччыны выказвае адно і бясспрэчнае:

У пятнаццатым у годзе

Козы белыя не ў модзе…

Разам з бурымі, з Усходу,

Мы завозім лад і згоду!

Хто супраць? Мусіць, няма такіх. Тады яшчэ два кароткія назіранні — ад спадара Віктара Трайкоўскага з Мінска:

Плачуць казляняты —

Самы час дахаты:

Адышлі Калядкі,

Скончыліся святкі!

Шкада, вядома ж. А яшчэ больш таго, што:

Вёска горад даганяе,

Бач, кароў на коз мяняе.

Потым — козак на катоў

І… «працэс» ужо гатоў.

Гэта — прагноз ад спадарыні Марыі Кахоцкай з Воранаўшчыны.

Да слова, пра яго ж, пра гэты «працэс», Рыгор Барадулін вельмі трапна сказаў: гэта не мы, маўляў, пакінулі вёску, гэта яна:

Усіх пакінула за тое,

Што ўсе зняважылі яе.

А пад жалезнаю пятою,

Як пад магільнаю плітою,

Трава ў абразе не ўстае.

Зрэшты, не будзем пра сумнае, а тым больш што ў пошце ёсць радкі (ад сужэнцаў Астроўскіх), якімі можна падсумаваць увесь гэты россып подпісаў:

Хай мужчыны кажуць штось,

Хай кабеты трэплюцца,

Калі ў скрыні козка ёсць —

Гаспадарка цепліцца!

Вось на гэтай аптымістычнай ноце і можна было б паставіць кропку, аднак трэба падвесці вынікі. Нагадаем, што на папярэднім здымку («Звязда» 17 студзеня) быў адзін нечым заклапочаны хлопец. Ён не тое стаяў, не тое праходзіў міма чатырох дзяўчат, што сядзелі на лаўцы… Дык вось па меркаванні вялікага чытацкага журы найлепшыя радкі пра гэту «кампанію» склалі спадары Гаўрыш з Чавусаў, Гарачоў з Іўеўшчыны, Старых з Гомеля, сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадарыні Маркушэўская з Баранавіччыны, Гудачкова з Жыткавічаў, Чыгрынава з Вілейшчыны, Грышчанка з Дзяржынска, Пятроўская са Смаргоншчыны і Алена Муляр з Бабруйска. З гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Гэта значыць, што прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцу «Звязду» на другі квартал бягучага года накіроўваецца ў Бабруйск.

Хочаце, каб да вас? Новы здымак унізе: разглядайце, думайце, падключайце сямейнікаў, пішыце (коратка, трапна, па-беларуску), дасылайце. Не выйграе той, хто не гуляе.

Валянціна Доўнар.

Фота Анатоля Клешчука.

Ад іх жа заўсёдная ўдзячнасць усім, хто чытаў, пісаў, а таксама шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не вытрымалі канкурэнцыі, не прайшлі строгага конкурснага адбору на гэты раз, — але ў наступны…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.