Вы тут

Казюкі, што паволі вяртаюцца


Святы Казімір, сын польскага караля і вялікага князя літоўскага Казіміра ІV Ягелона, нарадзіўся ў 1458 годзе, а памёр у 1484 годзе ў Гародні, маючы ўсяго 26 гадоў. Апошнія некалькі гадоў жыцця ён фактычна кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім ад імя бацькі. Быў вельмі набожным, сціплым, але хваравітым. Асабліва шанаваў шлюбную чысціню. Больш за 100 гадоў каталікі Літвы хадайнічалі перад Ватыканам за прызнанне каралевіча святым і нарэшце ў 1602 годзе дамагліся свайго. Хаця і каралеўскага роду, але пазбаўлены пыхі, міласэрны і просты, Казімір вельмі хутка зрабіўся сапраўдным народным героем, заступнікам і дарадчыкам, блізкім і сваім, нібы той сусед па вуліцы, ды і зваць яго пачалі проста і ласкава — Казюк, Казюкас.

3-15

Фэсты ў яго памяць з абавязковымі шумнымі кірмашамі, народнымі гульнямі і забавамі зрабіліся самым галоўным краёвым каталіцкім святам, па якім можна было пазнаць даўнюю Літву, на якой бы мове ні славілі каралевіча — па-літоўску, па-польску ці па-беларуску. У гады савецкага атэізму свята было забаронена, але з 1990-х гадоў адзначаецца зноў, штогод з усё большым размахам. Вядома, самыя людныя, шумныя, самыя сапраўдныя Казюкі адзначаюцца ў Вільні, у сталіцы Літвы. Але і ў іншых гарадах і малых мястэчках, у тым ліку ўжо і па наш бок мяжы, традыцыя пачынае адраджацца. Цалкам натуральна, што пачалося гэтае адраджэнне з Гародні, дзе наш патрон падоўгу жыў і дзе ўласна адышоў у вечнасць у той самы дзень, які пазней зрабіўся Казюкамі, 4 сакавіка 1484 года. Але ўжо пачалі ўспамінаць яго і ў Лідзе, і ў Астраўцы, і ў Мінску...

Ужо даўно акрэсліўся асартымент тых традыцыйных тавараў, што абавязкова мусілі прысутнічаць на «казюковых» кірмашах як у Вільні, так і ў правінцыі. Гэта найперш традыцыйныя вербы, або «пальмы», — маляўнічыя мастацкія кампазіцыі, у якіх выкарыстоўваюцца народныя ўзоры яшчэ дахрысціянскіх часоў, але якія яскрава сведчаць пра набожнасць і працавітасць народу Божага нашых краёў. Казюкі — своеасаблівая рэпетыцыя Вербнай, або Пальмовай, нядзелі. Таксама абавязковыя на Казюках і вырабы з лазы, дрэва, саломкі, кераміка, асабліва розныя цацкі... Усё, што доўгімі зімовымі вечарамі, узяўшы перапынак ад вечнай сялянскай працы, рабілі мясцовыя саматужнікі. Больш маляўнічага кірмашу народных рамёстваў, чым Казюкі, у Літве няма! А калі Бог дасць, дык праз нейкі час падцягнуцца да Вільні і гарадзенскія Казюкі, тут добразычлівая канкурэнцыя не пашкодзіць! Бо здолела ж польская Познань, у якой такіх традыцый ніколі не было, амаль дагнаць Вільню па размаху святаў. Два былыя віленчукі, каб не памерці ад настальгіі па каханай Літве, у 1994 годзе заснавалі Казюкі на цалкам новым месцы. А цяпер там штогод збіраюцца святкаваць ужо дзясяткі тысяч чалавек, прыязджаюць «зоркі» эстрады, пісьменнікі, мастакі, цыркачы, авантурысты, разявакі з Польшчы, Літвы, Беларусі і ўсяго свету! Можа быць, праз паўстагоддзя Казюкі пакрочаць далей і па ўсім свеце, бо дзе ж сёння не жывуць выхадцы з Літвы, Беларусі і Польшчы, як пайшоў у шырокі свет ірландскі дзень Святога Патрыка.

Не пераказаць усіх гульняў і відовішчаў традыцыйных Казюкоў. І, вядома, ёсць у Казюкоў свая ўстойлівая кулінарная традыцыя. Гэта найперш славутыя сэрцы-пернікі, што прынята дарыць у гэты дзень жонкам і асабліва каханым дзяўчатам, у тым ліку і тым, якім да Казюкоў прызнацца ў сваім пачуцці не наважваліся. Бо не ведалі ў нас ніякіх валянцінак, як не ведалі і прыдуманага Кларай Цэткін «міжнароднага жаночага дня», і таму Казюкі замянялі і 14 лютага, і 8 сакавіка. Надпісы на сэрцы — дасціпныя і іранічныя прызнанні ў каханні, як і на тых «валянцінках». А яшчэ на Казюкі абавязкова пякуць абаранкі з заварнога цеста, і прытым прынята развешваць іх на дрэвах, замест яшчэ адсутнага лісця. Абаранкі, незалежна ад таго, дзе іх выпеклі, па традыцыі называюць «смаргонскімі». Калісьці так і было — наша Смаргонь была сталіцай абаранкаў. Цяпер назва тая, на жаль, ужываецца толькі па інерцыі, але жыхары Смаргоні ўжо задумаліся, як ім аднавіць годны старадаўні промысел.

Застаецца толькі пашкадаваць, што беларускія Казюкі яшчэ такія сціплыя і нясмелыя, што ёсць яшчэ ў іх нядобразычліўцы, якія панура касавурацца ў іх бок, як, зрэшты, і ўсяго добрага, вясёлага і самастойнага. Але Казюкі — веснавое свята! Свята надзеі і кахання. Здолее наш добры Казюк растапіць лёд у зімовых сэрцах, вясна і Божая праўда абавязкова перамогуць! Маліся за нас, Казімір каралевіч, за ўвесь Божы люд, за твой Нёман, які можаш ахапіць з неба адным позіркам. Сцеражы гэтую зямлю і раку, што яна, з усімі прытокамі, поіць, ад Святой гары аж да Куршскай касы, ад пачатку да скону часоў.

Пернікавае сэрца

Складнікі: Шклянка мёду (можна штучнага), 2 лыжкі маргарыну або масла, 250 г мукі, разрыхляльнік цеста, спецыі (імбір, кардамон, гваздзікі — найвялікшы сакрэт пернікаў у кожнага свой), 4 лыжкі малака, 1/2 лімона, 1 яйка, соль, мука для падсыпкі, шакаладная або цукровая глазура.

Спосаб прыгатавання: Растапіць мёд і тлушч, астудзіць. Дадаць муку, змяшаную з разрыхляльнікам цеста і спецыямі, выціснуты сок і цэдру лімона, убіць яйка, пасаліць. Старанна размяшаць цеста, пакінуць на ноч у халодным месцы.

На пасыпаным мукой стале раскачаць цеста пластом 1/2 см таўшчынёй і выкраіць вялікае сэрца (можна, нават 2-3). Выпякаць каля 15-20 хвілін на 180 градусах. Затым пакрыць глазурай (пажадана зрабіць надпіс) і паставіць на некалькі хвілін у яшчэ цёплую духоўку.

Зоя і Алесь Прышывалкі, заснавальнікі штукарскай пякарні-цукерні «ZORNY», кажуць пра пернікавыя сэрцы так: «Святочны Казюковы пернік — гэта каштоўны сімвал нашай культуры. Традыцыя вылучае нас у глабальным свеце з безаблічнай масы. Кожны раз, калі вы дорыце маленькае сэрца каханай дзяўчыне, вы адначасова робіце і нешта большае. Сімвалічна працягваеце жыццё і памяць усіх тых, хто ўсталяваў гэтую традыцыю і пранёс яе праз стагоддзі. А значыць, дорыце кавалак вашага сэрца і ім».

Чытайце яшчэ:

Свята Трох Каралёў

Іван Сікора, садавод і касманаўт

Кухня Тышкевічаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.