Вы тут

Дзівосны скарб беларусаў


Пашане да роднай мовы вучыцеся ў Паўла Сцяцко!

«Роднае слова! Ты акраса нашага жыцця-існавання. Ты жывеш і жыцімеш, як дзівосны скарб беларусаў і ўсёй Славіі, як найчысцейшая крыніца, што наталяе смагу славянскай першароднасці, яе вытокаў». Так гаворыць пра беларускую мову доктар філалагічных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Павел Сцяцко. Са славутым навукоўцам і педагогам, аўтарам 36 кніг (манаграфій, слоўнікаў, падручнікаў і дапаможнікаў для навучальных устаноў) і дзясяткаў іншых прац па пытаннях беларускага і славянскага мовазнаўства і міжмоўных стасункаў, якія друкаваліся і рэцэнзаваліся ў многіх краінах свету, напярэдадні яго 85-гадовага юбілею сустрэўся карэспандэнт «Звязды».

4-27

— Павел Уладзіміравіч, колькі моў ведаеце?

— Сярод славянскіх найлепш — беларускую, на якой заўсёды размаўляю не толькі на працы, але і ў паўсядзённым жыцці, а таксама рускую, украінскую, польскую, чэшскую, славацкую, балгарскую. Ведаю таксама англійскую і нямецкую мовы.

— Цікава, адкуль у звычайнага вясковага хлопчыка з'явілася такая цяга да мовазнаўства?

— Нарадзіўся я ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна, у бацькоў нас было васьмёра дзяцей. Цяга да вывучэння моў пачалася з самага дзяцінства. Інтарэс да рускай мовы з'явіўся таму, што маці яшчэ ў дзявочыя гады працавала ў Расіі, была ткачыхай у Іванава-Вазнясенску. Вярнуўшыся дахаты, яна часта спявала нам песні на рускай мове. Потым, калі Зэльвеншчына, як і ўся Заходняя Беларусь, была ў складзе Польшчы, пайшоў у польскамоўную школу і вывучаў польскую мову. А далей у Ваўкавыскім педвучылішчы і Гродзенскім педінстытуце — беларускую.

Беларуская мова надзвычай самабытная, у многіх выпадках дапамагае лінгвістам зразумець сэнс паходжання слова, яго бытавання ў свеце ў іншых мовах. І таму я ўзяўся за напісанне новага спецкурса «Культура мовы», што быў накіраваны на тое, каб захаваць адметнасць беларускай мовы. Калі мы развучымся гаварыць па-беларуску, то перастанем існаваць як нацыя. Таму варта задумацца, ці не пара нам ва ўсёй магутнасці ўзяцца за захаванне і адраджэнне нашай мовы. І, трэба сказаць, тое-сёе робіцца ў гэтым плане, ужо, скажам, стала больш з'яўляцца тэлеперадач пра беларускую мову. Але гэтага, зразумела, недастаткова. Наперадзе вялікая праца, якая патрабуе нашай адказнасці.

4-26

— У чым жа адметнасць беларускай мовы?

— Гэта заўважылі нават расійскія даследчыкі. Напрыклад, у слоўніку Даля каля 30 % беларускіх слоў. І там усе складаныя паняцці, што расшыфроўваюцца, — яны, па сутнасці, з беларускага жыцця. Беларусы будавалі Маскву, засвойвалі культурныя асяродкі, якіх і цяпер нямала ў расійскіх рэгіёнах.

Беларуская мова, як ні адна іншая, захавала славянскую першароднасць. У ёй вельмі мала, скажам, гэтых варварызмаў, абразлівых слоў, матаў-пераматаў. Даследчыкі-этымолагі даказваюць, што беларуская мова існавала яшчэ ў шостым тысячагоддзі да нашай эры. І яна мае шмат супольнага са старажытным санскрытам. Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім, на ёй створана каля 600 помнікаў пісьменства — больш, чым на ўсіх славянскіх мовах. Такую спадчыну хіба можна знішчыць? Хіба можна не адчуваць яе вялікую каштоўнасць?

На падставе сваіх шматгадовых лінгвістычных стасункаў з навукоўцамі многіх краін магу ўпэўнена сцвярджаць, што адметнасці беларускай мовы вельмі высока цэняцца ва ўсім свеце. Нездарма ж мая кніжка «Беларускае народнае словаўтварэнне» цытуецца ў многіх слоўніках польскай, чэшскай і іншых моў, выкарыстоўваецца на славістычных факультэтах усяго свету. Таму што там разгледжаны многія словаўтваральныя сродкі, якія існавалі ў старажытнасці і захаваліся да гэтага часу. І гэта вельмі цікавіць усіх лінгвістаў.

Толькі адзін прыклад. З дырэктарам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) Вітаўтам Кіпелем мы пазнаёміліся ў сценах ГрДУ імя Янкі Купалы падчас візіту да нас амерыканскай дэлегацыі. Я ўручыў госцю тры кнігі («Народная лексіка», «Народная лексіка і словаўтварэнне», «Беларускае народнае словаўтварэнне»), на што ён сказаў: «Наш інстытут мае вашыя кнігі, спадар Павел, але няхай яны будуць і ў маёй хаце. Тым болей, з дарчым подпісам і атрыманыя з рук самога аўтара». Ад Вітаўта Кіпеля я атрымаў яго кнігі пра беларусаў Амерыкі.

Дарэчы, калі я павышаў свой славістычны досвед у Карлавым універсітэце Прагі, то разам са мной там былі прадстаўнікі прыкладна з 30 краін. Яны прыехалі вывучаць чэшскую мову, але на базе рускай. І калі я размаўляў з імі па-беларуску, то некаторыя пыталіся: «На якой мове гаворыце?»

— На роднай, беларускай.

— Дык яна ж такая блізкая да нашай! — здзіўляліся калегі.

І сапраўды так, бо ўсе 12 славянскіх моў маюць у сваім складзе да 3 тысяч агульных слоў. Таму славянін са славянінам можа лёгка паразумецца, асабліва на побытавым узроўні.

Шаноўны Павел Уладзіміравіч! «Звяздоўцы» віншуюць Вас з юбілеем і зычаць моцнага здароўя. Няхай Ваша праца на ніве беларускага і ўвогуле славянскага мовазнаўства працягваецца як мага даўжэй!

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.