Вы тут

Як на «бохане» бандытаў лавілі


У музея Міністэрства ўнутраных спраў з'явіўся свой аўтапарк. Напярэдадні Дня міліцыі ў музейным дворыку ўрачыста адкрылі экспазіцыю рарытэтных аўтамабіляў

4-21

Аўтатэхніка стаяла тут і раней. Падчас чэмпіянату свету па хакеі ад аўто было не адцягнуць замежных турыстаў з фотакамерамі. Але наспеў час рэканструкцыі, адкрыцця новай выставы. І цяпер бліскучыя, нібы толькі з канвеера, «ВАЗ-2106», «УАЗ-452», які ў народзе празвалі «боханам», «Масквіч-401» і нават славуты «ГАЗ-67Б» з'явіліся перад гледачамі і аматарамі рэтрааўто ў новым абліччы. Самаму старому — ужо за 70, а маладому — каля 40 гадоў. Усяго 6 мадэляў стаяць пад спецыяльным навесам, што дазваляе праводзіць экскурсіі ў любы перыяд года. Адметна, усе аўтамабілі былі знойдзены ў Беларусі, у суседнія краіны звяртацца не прыйшлося.

— За кожным з гэтых аўтамабіляў — цэлая эпоха працы нашага ведамства, — адзначыў падчас адкрыцця выставачнага павільёна Ігар ШУНЕВІЧ, міністр унутраных спраў. — Гэтыя «працаўнікі» выканалі сур'ёзны аб'ём работы і заслужана займаюць тут сваё месца.

Міністр не толькі адкрыў экспазіцыю, але і пасядзеў за рулём, уявіў сябе на месцы тагачасных кіроўцаў міліцэйскіх аўтамабіляў.

[caption id="attachment_74021" align="alignnone" width="600"]4-22 За рулём аўтамабіля «Маск­віч-401» мі­ністр унут­ра­ных спраў Ігар ШУ­НЕ­ВІЧ.[/caption]

— Маёй першай службовай машынай быў «Масквіч-412», — прыгадаў Ігар Шуневіч. — Менавіта на ім у складзе следча-аператыўнай групы я выязджаў на месцы злачынстваў. Безумоўна, ездзіў на 469-м «УАЗе». Добрая была тэхніка.

— Ці цяжка было падрыхтаваць для паказу ўсю тэхніку? — спыталі ў міністра журналісты.

— Цяжка. Мы імкнуліся захаваць аўтэнтычнасць. Усе машыны змяшчаюць камплект дэталяў і вузлоў, якія першапачаткова закладзены ў іх канструктарамі. Замянілі толькі салоны. Зрабілі іх скуранымі. Нам дапамаглі некалькі цывільных арганізацый, што займаюцца аднаўленнем аўтамабіляў. Вялікі ім дзякуй за гэта. Той, хто рэстаўраваў, ведаю, рабіў усё з натхненнем, і атрымалася, на маю думку, нядрэнна.

Канстанцін Андрончык, былы камандзір батальёна дарожна-патрульнай службы Дзяржаўтаінспекцыі Мінска, амаль з усімі мадэлямі гэтай аўтатэхнікі сутыкаўся ў рабоце.

— На 90 працэнтаў упэўнены, што ўсе яны былі ў нашай эксплуатацыі. І мне разам з маімі калегамі вельмі прыемна бачыць падобную экспазіцыю.

— А які з гэтых аўтамабіляў лічыўся ў свой час самым «наварочаным»?

— Кожны з іх быў са сваімі вартасцямі. Напрыклад «УАЗік»-бохан незаменны для выезду на месцы здарэнняў. У ім змяшчалася ўся следчая група, можна было запісаць паказанні відавочцаў, правесці пэўныя даследаванні... Камфортным, прадстаўнічым аўтамабілем быў «ГАЗ-21Р «Волга», на якім давялося ездзіць і мне. Пры неабходнасці магла выціскаць да 120 кіламетраў у гадзіну. «Жыгулі» — «ВАЗ-2106» — больш сучасная машына, палепшанага класа. Лічылася больш манеўранай і хуткаснай.

4-20

Ужо пасля афіцыйнага мерапрыемства Віялета Салодкая, дырэктар музея МУС, паведаміла, што ў экспазіцыі з'явяцца яшчэ 5 аўтамабіляў і матацыкл. Усе машыны прыехалі сваім ходам. Пакуль будавалі навес, яны захоўваліся ў міністэрскай аўтагаспадарцы. Плануецца, што да 100-годдзя беларускай міліцыі арганізуюць марш па праспекце. У тым ліку з удзелам гэтай аўтатэхнікі.

А пакуль прыходзьце ў музей, цікаўцеся і атрымлівайце эстэтычную асалоду ад убачанага.

Тарас ШЧЫРЫ.

Віктар ПІСКАРОЎ, былы міністр унутраных спраў БССР:

— Нам, ветэранам, давялося служыць у часы, калі, на жаль, і гэтай тэхнікі ў нас не было. А кожны супрацоўнік міліцыі разумее, што ад хуткасці рэакцыі на заяву ці паведамленне аб злачынстве залежыць поспех у гэтай справе. І гэты павільён — настаўленне сучаснікам даражыць тым, што маем: тэхнікай, аснашчэннем, каб паспяхова вырашаць ускладзеныя на міліцыю задачы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.