Анёл (працяг)


«Анёл мой, пойдзем разам са мной, ты — наперадзе, а я — следам» — менавіта так прагаворвае кожны з нас, пакідаючы родную хату.

* Па народных уяўленнях, у кожнага чалавека ёсць свой анёл і свой злы дух. Яны пастаянна спрачаюцца паміж сабой, адзін дапамагае, другі — шкодзіць: анёл ахоўвае ад зла, а чорт схіляе да грахоў. Калі чалавек робіць добрыя справы, анёл-ахоўнік задаволены, калі ж чалавек грашыць — анёл плача і пакутуе. Нездарма добрыя якасці чалавека прыпісвалі яго моцнаму анёлу-ахоўніку, а пра дрэннага, апантанага чалавека казалі, што «ў ім пасяліўся сатана».

* Пра чалавека, які трапляў у складаныя жыццёвыя становішчы і выходзіў з іх з гонарам, знаходзіўся на мяжы паміж жыццём і смерцю, але заставаўся жывым, казалі, што ў яго моцны анёл-ахоўнік, які яго выратаваў.

* Добры дух, добры анёл знаходзіцца над правым плячом чалавека. Сатана-спакусіцель, злы ці падшы анёл — над левым. Таму ў абрадах, якія неслі ачышчальную функцыю, дзеянні неабходна было выконваць на левы бок і праз левае плячо: тройчы плюнуць, каб не сурочылі; выліць гарэлку, якую прапаноўваюць выпіць маладым, калі яны вярталіся ў дом бацькоў пасля вянчання; калі прасыпалі соль, каб не было сварак у сям'і, праз левае плячо трэба было тройчы перакінуць крыху солі і г. д.

* Лічылася, што ў вялікія святы ці ў дні ўшанавання продкаў анёлы за рукі прыводзяць душы памерлых, падводзяць да вокнаў, каб тыя зірнулі ў хату і ўбачылі, як жывуць іх дзеці і ўнукі. Так з'явілася строгая забарона выліваць брудную ваду, выкідаць смецце, пляваць і іншае праз вокны.

* Нашы продкі лічылі, што ў час сну чалавека «ахоўваюць» анёлы-ахоўнікі: яны гуляюць па хаце і пужаюць нячыстую сілу. Таму ўвечары ў хаце неабходна было абавязкова падмесці падлогу, каб «анёлам было чыста гуляць».

Аксана Катовіч, Янка Крук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.