Вы тут

Савецкі карэец з Баронькаў


Генадзь Цян упэўнены, што хворых будзе менш, калі людзі адмовяцца ад курэння і тлустай ежы

Тое, што ўрач — карэец, для тутэйшых даўно ўжо не экзотыка. У Касцюковіцкі раён ён прыехаў яшчэ ў пачатку 90‑х. Працаваў загадчыкам урачэбнай амбулаторыі ў Забычанні, а цяпер узначальвае Баронькаўскую. Пра сваё мінулае расказвае сціпла. «Па нацыянальнасці я — карэец, але савецкі, — усміхаецца ён. — У 1938 годзе, падчас прымусовага перасялення прыморскіх карэйцаў ва Узбекістан і Казахстан, мае бацькі пераехалі ў горад Ургенч Харэзмскай вобласці. Там я і нарадзіўся. Нават імёны ў мяне і маіх братоў, у адрозненне ад бацькоў, рускія. Бацьку звалі Намшу, але ў ЗАГСе параілі, каб сыны яго былі не Намшуевічы, а Мікалаевічы.

4-15

Пасля вучобы ў алма-ацінскім медыцынскім інстытуце малады спецыяліст карэйскага паходжання працаваў у розных населеных пунктах Казахстана і Узбекістана. Пра той час ён расказвае паэтычна, згадваючы нацыянальных герояў. У горадзе Навоі, які носіць імя славутага паэта Алішэра Навоі, жыў больш за 20 гадоў, пакуль не трапіў у Беларусь. Спачатку ў пошуках працы на касцюковіцкі цэментны завод падаліся яго дзеці. А потым на пераезд адважыўся і ён з жонкай. Быў яшчэ перыяд, калі па сямейных абставінах давялося некалькі гадоў працаваць ва Украіне. Але, як аптымістычна запэўнівае суразмоўца, гэта толькі спрыяла яго прафесійнаму ўзроўню. «Падчас працы ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках на практыцы зведаў усе асаблівасці лячэння кішэчных інфекцый, — параўноўвае ён асаблівасці тыповых для той ці іншай тэрыторыі захворванняў. — У аулах людзі зусім нічога не ведалі пра санітарныя нормы, ваду пілі проста з арыкаў і нават не кіпяцілі. Узровень захворванняў быў такі высокі, што прыязджалі дапамагаць урачы з суседніх краін. Цяпер там, канешне, прагрэс. А тады я вопыт атрымаў вялікі. Ва Украіне ўпершыню прыйшлося сутыкнуцца з дыфтэрыяй...»

Што датычыцца жыхароў Касцюковіцкага раёна, то тут, як і ў цэлым па краіне, праблема № 1 — сардэчна-сасудзістыя захворванні. У мэтах іх прафілактыкі ўрач раіць пацыентам адмаўляцца ад алкаголю, цыгарэт, прытрымлівацца дыеты, сачыць, каб халестэрын быў у норме. Асабліва важна гэта для людзей сталага ўзросту, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. «Толькі мала хто мяне слухае, — уздыхае ён. — У выніку хваробы адна за другую цяжэйшыя — цукровы дыябет, гіпертэнзія, ішэмія сэрца…»

Безумоўна, нават пры ўзорным ладзе жыцця цяжка прадухіліць усе захворванні. Але шкада, калі чалавека да крытычнага стану даводзяць нейкія там звычкі, якія нярэдка патрабуюць яшчэ і значных фінансавых выдаткаў. Здаровае харчаванне таксама не таннае, але што перашкаджае завесці курэй, пасадзіць яблыню, пасеяць агарод? Гэта ж вёска.

— У нас на стале заўсёды шмат расліннай ежы, — ставіць сябе ў прыклад Генадзь Мікалаевіч. — На сваім участку вырошчваем бульбу, памідоры, моркву, капусту, цыбулю, нават баклажаны. А якая смачная і карысная прыправа атрымліваецца з часнаку, морквы і марской капусты! Дабаўляеш туды спецыі, чорны перац — і на стол. Па-карэйску страва называецца «маркаўча». А яшчэ робім шмат розных салатаў з капусты, у тым ліку марской і пекінскай. Баклажаны наогул вельмі карысны прадукт, асабліва пры паталогіі сэрца. Там вельмі шмат калію і магнію. Ва Украіне гэта самы папулярны прадукт.

Ёсць у суразмоўцы і свой досвед барацьбы з курэннем. «Калі быў малады, спрабаваў курыць, але хутка зразумеў, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца, — прызнаецца ён. — Вось бацька мой дыміў, як паравоз, але калі споўнілася 70 гадоў, кінуў, харчаваўся малаком і да 84 гадоў пражыў».

— Добра яшчэ, што ў нас у Бароньках пра спайсы не чуваць, — амаль на шэпт пераходзіць урач. — Гэта ж страшная справа. Калі ў чалавека нешта яшчэ ў мазгах захавалася, ён наркотыкі ў рукі не возьме.

А колькі вакол ахвяр гарэлкі! «Ёсць тут у нас малады хлопец, які ў свае 28 гадоў дапіўся да цырозу печані, — абураецца Генадзь Мікалаевіч. — Ледзь пераканалі пачаць лячыцца. Цяпер іншым чалавекам стаў, зусім не п'е. Паступова з другой групы інваліднасці перайшоў на трэцюю, глядзіш, жыццё і наладзіцца. Галоўнае, каб не сарваўся. Калі вернецца да спіртнога, на ім можна будзе ставіць крыж. Мы яму перыядычна нагадваем, каб сябе і блізкіх шкадаваў. Яны ж таксама пакутуюць. З п'янствам наогул бяда па ўсёй краіне. Толькі агульнымі намаганнямі яе можна адолець. Сёння для чалавека створаны ўсе ўмовы. Усё астатняе залежыць ад яго самога.

Беларусь Генадзь Цян наогул лічыць краінай з добрай будучыняй. І нават Касцюковіцкі раён, які пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адзначае як перспектыўны. Ва Узбекістане ён працаваў намеснікам галоўнага ўрача па грамадзянскай абароне і добра ведае, што такое радыяцыя. Лічыць, што гэта не самае небяспечнае, што можа быць. Страшна, калі страляюць. А на забруджаных тэрыторыях, калі прытрымлівацца рэкамендацый, жыць можна. Тым больш калі створаны ўмовы. Вось і Баронькаўская ўрачэбная амбулаторыя пераехала нядаўна ў сучаснае памяшканне. Так што жыццё працягваецца.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

З паслугамі на дом

У Касцюковіцкім раёне медыкі наведваюць нават патэнцыйных пацыентаў

Гэта робіцца дзеля таго, каб папярэджваць інсульты ісвоечасова выяўляць захворванні сярод вяскоўцаў, якія жывуць на адлегласці ад райцэнтра.

— Фельчары ФАПаў штодзённа абыходзяць на сваёй тэрыторыі па 6 чалавек — цікавяцца, як здароўе, праглядаюць хатнія аптэчкі, замяняюць пратэрмінаваныя лекі новымі, — кажа намеснік галоўнага ўрача Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Юрый Караткоў.— Медыцынскія карткі, дзе яны пазначаюць ціск і іншыя параметры, накіроўваюцца ва ўрачэбныя амбулаторыі. Загадчыкі гэтых лабараторый, у сваю чаргу, раз на тыдзень робяць справаздачу раённаму кіраўніцтву, дзе адзначаюць, колькі чалавек абследавана і іх дыягназы.

Юрый Караткоў лічыць, што вясковыя людзі не вельмі ўважліва ставяцца да свайго здароўя, таму трэба кантраляваць гэты працэс. Дарэчы, акрамя цэнтральнай раённай бальніцы, іх абслугоўвае 7 урачэбных амбулаторый, 9 ФАПаў, 2 бальніцы сястрынскага догляду ў Забычанні і Крапіўні на 16 і 14 ложкаў. У тыя вёскі, дзе з‑за змяншэння колькасці насельніцтва прыйшлося зачыніць ФАПы, урач наведваецца па графіку. За кожнай урачэбнай амбулаторыяй замацаваны транспарт, а да аддаленых вёсак фельчары дабіраюцца на набытых за дзяржаўныя сродкі скутарах. Яны ж пры неабходнасці забяспечваюць пацыентаў неабходнымі лекамі, у тым ліку і тымі, якія выдаюцца па рэцэптах.

Дарэчы, нават урачы, якія звычайна не вельмі шануюць глыбінку, на працу ў Касцюковічы едуць з задавальненнем.

— Заробак тут — большы за 12 мільёнаў рублёў, у сярэдняга медыцынскага персаналу каля 4 мільёнаў. А такая балючая праблема, як жыллёвая, вырашаецца на працягу некалькіх месяцаў, — кажа Юрый Караткоў. Ён, дарэчы, сам прыехаў сюды з Гродзенскай вобласці, калі даведаўся пра тутэйшыя прэферэнцыі.

— Райвыканкам выдзяляе па 3 базавыя велічыні да акладу плюс дапамога па кантракце ў памеры 50% ад акладу, — удакладняе ён. — Для параўнання, на Гродзеншчыне, дзе я працаваў раней, яна складала ўсяго 1%. Адразу адчулася розніца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.