Вы тут

Кніга пра «забытую» дывізію


Яе ствараюць Магілёўскі краязнаўчы музей і ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка

[caption id="attachment_73999" align="alignnone" width="600"]4-17 Люд­мі­ла Кан­драць­е­ва ро­біць усё для та­го, каб вы­дан­не як ма­га хут­чэй уба­чы­ла свет.[/caption]

Плануецца, што да 70-годдзя Вялікай Перамогі выданне ўбачыць свет. Размова ідзе пра 161-ю стралковую дывізію, якая была сфарміравана ў 1940 годзе з мясцовых прызыўнікоў у Магілёве. Вайна заспела яе ў Мінскім раёне падчас маршу на тактычныя вучэнні. У складзе 2-га стралковага корпуса яна ўдзельнічала ў абароне Мінска, вяла абарончыя баі ў Шклоўскім, Горацкім, Крычаўскім і Мсціслаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Двойчы прарывалася праз бранятанкавае кола ворага. Асобныя яе батальёны ўдзельнічалі ў абароне роднага Магілёва. Ужо ў верасні 1941-га за гераізм і ўмелае вядзенне абарончых баёў дывізія адной з першых у Чырвонай Арміі была ўдастоена ганаровага звання чацвёртай гвардзейскай. Яе байцы змагаліся за Ленінград і Сталінград, вызвалялі Украіну, Малдавію, Румынію, Балгарыю, а Перамогу сустрэлі ў Вене. На той момант злучэнне называлася 4-я гвардзейская стралковая Апосталаўска-Венская Чырванасцяжная дывізія.

— Калі ў канцы шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя выйшла кніга «Салдатамі былі ўсе», на нас абрынуліся абураныя лісты ветэранаў, — кажа старшы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава Людміла Кандрацьева. — Яны пісалі, што не знайшлі там і слова пра сваю дывізію. У 70-я гады некалькі яе ветэранаў рыхтавалі матэрыялы да асобнай кнігі, але давесці справу да канца не атрымалася. Першае выданне, дзе згадваўся баявы шлях 161-й дывізіі, з'явілася толькі ў 1985 годзе. А 10 гадоў таму мы выпусцілі зборнік, куды ўвайшлі ўспаміны палітрука роты гэтага злучэння Трафіма Катлярова. Ён прымаў удзел у абароне Дняпроўскага моста ў Магілёве. Але гэта толькі адзін з прыкладаў. Пакуль жа кнігі, прысвечанай подзвігам герояў магілёўскай дывізіі ў першыя месяцы вайны, няма. Трэба ліквідаваць гэтую несправядлівасць.

У 60-я гады мінулага стагоддзя шмат успамінаў ветэранаў 161-й дывізіі і іх фотаздымкаў сабраў былы дырэктар музея Іван Скварцоў. Яны будуць пакладзены ў аснову будучай кнігі. Цікавым дапаўненнем стануць рэдкія матэрыялы, якія знайшоў у архівах ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка. У адной з яго кніг «1941-ы: палаючыя межы Дняпра і Сажа» ўжо ёсць раздзел, прысвечаны мужнай дывізіі.

На думку стваральнікаў кнігі, 161-я дывізія заслугоўвае таго, каб яе памяць была ўвекавечана памятным знакам альбо мемарыяльнай дошкай. А яшчэ лепш згаданая дзесьці ў гарадской тапаніміцы. «Мы пра гэта гаворым усе апошнія 15 гадоў, — адзначае Мікалай Барысенка. — Дывізія практычна забытая. І гэта пры тым, што з пачаткам вайны ў яе шэрагі было прызвана не менш за 6 тысяч жыхароў Магілёва і навакольных раёнаў».

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».