Вы тут

Як і належыць брацкім народам


Беларусь і Расія разам пераадолеюць любыя цяжкасці

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках праведзенага ўчора ў Маскве пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.

4-36

Перад ім Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі двухбаковую сустрэчу, падчас якой абмеркавалі перспектывы развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва, паведамляе БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што перспектывы супрацоўніцтва неаднаразова абмяркоўваліся не толькі ў двухбаковым фармаце, але і на пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага саюза. Адпаведныя пытанні ўзнімаліся і на нядаўняй сустрэчы ў Сочы, дзе закраналася ў тым ліку ўкраінская праблематыка. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у СМІ з'явілася інфармацыя, што Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ аб стварэнні канстытуцыйнай камісіі. «Гэта значыць: пачынаецца прапрацоўка Канстытуцыі — тое, пра што вы гаварылі ў Сочы. У рамках гэтага працэсу можна вырашыць усе пытанні. Гэта вельмі вялікі прарыў», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам Аляксандра Неўскага. Ім узнагароджваюцца вядомыя расійскія і замежныя палітычныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дзелавой супольнасці замежных дзяржаў за заслугі ў супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй і аказанне садзейнічання яе сацыяльна-эканамічнаму развіццю.

Адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не выключае пашырэння функцый і паўнамоцтваў ЕАЭС: «У многім дзякуючы Саюзу (Беларусі і Расіі. — Заўвага БЕЛТА) мы не апынуліся на задворках сусветных і рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў. Ён стаў прыкладам пры стварэнні Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, а затым Еўразійскага эканамічнага саюза, што дазваляе цяпер ставіць пытанне аб магчымасці «інтэграцыі інтэграцый», а магчыма, і пашырэнні ЕАЭС, маючы на ўвазе яго функцыі і паўнамоцтвы».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць недапушчальным страту тэмпаў саюзнага праекта з Расіяй у штучна створаных разборках. «Перакананы, што ў нашых краін ёсць безумоўнае разуменне неабходнасці далейшага развіцця нашага праекта і, самае галоўнае, бачанне яго перспектыў. Мы рушылі настолькі далёка, што будзе недаравальна, з пункту гледжання народаў нашых дзяржаў, страціць тэмпы руху наперад, тым больш ствараць штучна нейкія разборкі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы акцэнтаваў увагу на пункце парадку дня, што датычыцца вынікаў двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў 2013-2014 гадах. «На жаль, у нас ужо два гады крыху зніжаецца тавараабарот, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Безумоўна, важкая прычына таго — неспрыяльная знешнеэканамічная кан'юнктура. Але ў многім і мы недапрацоўваем: ствараем напружанасць у гандлёвых адносінах, дысбаланс у эканамічнай палітыцы паміж нашымі краінамі, праз што ўзнікаюць штучныя бар'еры для свабоднага перамяшчэння тавараў. Іх трэба здымаць (і мы гэта зробім), фарміраваць адзіную прамысловую палітыку і адзіны рынак. Гэта ў нашых агульных інтарэсах і вельмі важна для іншых інтэграцыйных праектаў».

Падчас пасяджэння разглядаліся таксама бюджэтныя пытанні, вынікі выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2014-2015 гады. Было ўнесена ў парадак дня і дадатковае пытанне, датычнае плана мерапрыемстваў урадаў Беларусі і Расіі па паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Падводзячы вынікі пасяджэння ВДС, Аляксандр Лукашэнка зазначыў: «Па-рознаму ставяцца да нашых адносінаў. Гэта невялікая частка грамадства і ў нас, і ў Расіі. Але тыя, хто думаюць, што мы маем неадольныя праблемы, няхай супакояцца, мы іх расчаруем. Мы ў гэтай складанай сітуацыі ведаем, што рабіць, і дамовіліся, што з яе будзем выходзіць разам, як і належыць брацкім народам».

«Упэўнены: мы разам пераадолеем любыя цяжкасці. Нічога экстраардынарнага не адбылося. Мы проста працуем у новых умовах. Да іх трэба спакойна адаптавацца і далей дзейнічаць, што мы сёння і прадэманстравалі. Вы можаце быць упэўнены, што беларусы дастойна пройдуць сваю частку шляху», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар таксама зазначыў, што пачатак работы ЕАЭС не зніжае актуальнасці і перспектыў развіцця Саюзнай дзяржавы. «Яна застаецца найбольш прагрэсіўным інтэграцыйным утварэннем, у рамках якога ўпершыню сумесна адпрацоўваюцца і рэалізуюцца многія пытанні. Няхай не так хутка, але мы акуратна ўдасканальваем раней прынятыя рашэнні і працэсы, што адбываюцца на тэрыторыі нашай Айчыны, пастаянна знаходзяцца ў полі зроку ўрадаў і кіраўніцтва нашых краін», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што па выніках пасяджэння прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2015 год. «Важна, што ў бягучай няпростай сітуацыі мы гэты бюджэт павялічылі. Значная частка сродкаў пойдзе на саюзныя праграмы. Гэта — энергетыка, будаўніцтва, транспарт, сельская гаспадарка. Такіх у нас чатыры дзясяткі праектаў», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Зацверджаны таксама прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву да 2017 года ўключна — правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі, фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, развіццё АПК, стварэнне адзінай міграцыйнай прасторы, агульнага рынку працы, забеспячэнне сацыяльнай абароны грамадзян.

Аляксандр Лукашэнка пасля завяршэння пасяджэння ВДС закрануў яшчэ адно надзвычай важнае пытанне — аб недапушчэнні фальсіфікацый і перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны. «Мы вельмі актыўна працуем, асабліва нашы навукоўцы, па супрацьдзеянні спробам фальсіфікацыі гісторыі і скажэння гістарычнай праўды пра Другую сусветную вайну», — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за трапяткое стаўленне і выразную пазіцыю ў дачыненні да агульнай Перамогі.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін адзначыў вялікі ўклад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу.

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.