Вы тут

За працу не сорамна


Злачыннасць не зніжаецца сама па сабе

У дзейнасці органаў унутраных спраў напрамкаў шмат. Але, мабыць, асноўнай, звязанай непасрэдна з раскрыццём злачынстваў, з'яўляецца аператыўная праца. Займаюцца ёй супрацоўнікі крымінальнага блока міліцыі: падраздзяленняў БЭЗ, па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, крымінальнага вышуку. Кожны мае пра іх хаця б павярхоўнае ўяўленне. Якія ж патрабаванні прад'яўляе да аператыўнікаў цяперашні час? Ці сталі іншымі злачынствы і людзі, якія іх здзяйсняюць? Падзяліцца думкамі на гэты конт напярэдадні прафесійнага свята, Дня міліцыі, мы папрасілі першага намесніка міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, начальніка крымінальнай міліцыі Валянціна МІХНЕВІЧА.

4-32

— Валянцін Уладзіміравіч, першае пытанне бадай што традыцыйнае: некалькі слоў аб выніках працы беларускіх ахоўнікаў правапарадку. Што тут радуе і што засмучае?

— Падчас зносін з гасцямі з іншых дзяржаў мне не раз даводзілася чуць словы захаплення тым, што ў любы час дня і ночы на вуліцах нашых гарадоў і вёсак яны адчуваюць сябе ў бяспецы. Ці гэта не вынік?

Калі шчыра, у цэлым за працу не сорамна. Знізілася колькасць заяў і паведамленняў аб злачынствах. Зменшылася колькасць загінулых ад рук злачынцаў або ў ДТЗ. Менш здзейснена злачынстваў у грамадскіх месцах, п'янымі людзьмі, а таксама раней судзімымі.

Злачыннасць зніжаецца не сама па сабе. Паверце, без нашых намаганняў карціна была б зусім іншай. Бо злачынствы і злачынцы, на жаль, будуць заўсёды, і злавіць іх за руку — наша задача.

Негатыўна ўплываць на крымінагеннае становішча працягвае алкагалізацыя насельніцтва і дармаедства, рэцыдыўная і падлеткавая злачыннасць.

Па выніках 2014 года не ўстаноўлены падазраваныя ў здзяйсненні пяці забойстваў, пяці наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў (у тым ліку аднаго, якое прывяло да смерці пацярпелага), чатырох згвалтаванняў. Праца па пошуку вінаватых працягваецца.

Павялічылася колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў, што, у першую чаргу, абумоўлена ростам выяўленых фактаў у сферы незаконнага абарачэння наркотыкаў.

— З'яўленне вядомага Дэкрэта №6 сведчыць аб тым, што праблема распаўсюджвання наркотыкаў актуальная для нашай краіны і што ёй надаецца вялікая ўвага на дзяржаўным узроўні. Ці дастаткова цяпер рычагоў для барацьбы з гэтым злом?

— Тэма актуальная для ўсяго свету, і Беларусь не выключэнне. У сферы незаконнага абарачэння наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў за мінулы год выяўлена 7319 злачынствы, перакрыта 40 каналаў паставак наркотыкаў у рэспубліку з-за мяжы, а таксама іх транзітных перавозак.

У якасці прыкладу можна ўспомніць адзін з самых значных фактаў мінулага года: у канцы мая ў Мінску канфіскавалі 17,5 кг парашкападобнага рэчыва, якое мела ў сваім саставе альфа-РVР. З яго можна было вырабіць больш за 150 кг курыльных сумесяў, а гэта — звыш 1,5 млн разавых доз. Таксама ў злачынцаў выявілі 2 кг ужо гатовай курыльнай сумесі. Агульны кошт зелля па цэнах «чорнага рынку» арыенціровачна склаў звыш 6 млн долараў ЗША.

Калі казаць пра рычагі, з дапамогай якіх мы ствараем бар'ер крымінальнаму свету, то яны заўсёды ўдасканальваюцца. Дэкрэт № 6 даў органам унутраных спраў новыя магчымасці і інструменты для эфектыўнай барацьбы з незаконным абарачэннем наркотыкаў. На нас ускладзена вялікая адказнасць і паўнамоцтвы. Станоўчыя зрухі ўжо ёсць. Параўноўваючы пачатак 2014-га з гэтым годам, бачыш відавочнае — працэс стабілізуецца, колькасць нарказлачынстваў перастае расці, менш людзей дастаўляюць у медустановы з перадазіроўкай, менш смерцяў ад наркотыкаў. Адыграла сваю ролю і ўвядзенне жорсткіх санкцый — не кожны наркадылер працягне свой «бізнес», ведаючы, што за гэта можа на 20 гадоў развітацца з воляй.

Асаблівую занепакоенасць выклікае «амаладжэнне» спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў, а таксама павелічэнне (больш чым у 3,5 раза) колькасці нарказлачынстваў з удзелам непаўналетніх. Для параўнання: колькасць падлеткаў, якія ўчынілі злачынствы пад уплывам алкаголю, скарацілася амаль на 15%, а колькасць маладых людзей, якія пераступілі закон у стане наркатычнага ап'янення, узрасла ў 2,5 раза.

Сучасныя выклікі і пагрозы патрабуюць ад нас пільнай увагі менавіта да падрастаючага пакалення. Невыпадкова Прэзідэнтам гэты год аб'яўлены Годам моладзі. Наша задача — абараніць маладое пакаленне ад уплыву розных дэструктыўных фактараў — распаўсюджання наркотыкаў, радыкальных фанацкіх рухаў або крымінальнага асяроддзя з яго прывіднымі каштоўнасцямі.

4-35

— У апошні час насамрэч усплыла яшчэ адна не характэрная раней для нашага грамадства тэма — футбольныя фанаты...

— Сёння сапраўды ўсё часцей футбольныя заўзятары ўспрымаюцца не як прыхільнікі спорту, а як злосныя парушальнікі правапарадку.

На жаль, мы маем неадзінкавыя прыклады разбуральных паводзін беларускіх фанатаў. Гэта члены добра арганізаваных брыгад са сваёй ідэалогіяй, статутам, ворагамі і сябрамі, мэтамі і задачамі. Яны займаюцца спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкай, трэніруюцца ў дагаворных масавых бойках. Гэта асяроддзе досыць разрозненае, але добра кіруецца з дапамогай інтэрнэту.

На сваіх сайтах фан-групы не проста маюць зносіны, але і выкладваюць «фотасправаздачы» аб бойках. Летась былі зафіксаваны дзясяткі супрацьпраўных дзеянняў з боку фанатаў. Самыя актыўныя з іх, а гэта каля трох тысяч, знаходзяцца пад кантролем органаў унутраных спраў.

А маладое пакаленне між тым, у сілу сваёй неспрактыкаванасці і адсутнасці выразнай жыццёвай пазіцыі, з'яўляецца самай уразлівай мішэнню для кіравання свядомасцю і паводзінамі з боку тых жа радыкальных фанатаў. Мы гэта разумеем, таму прымаем неабходныя меры.

— Па-вашаму, наколькі эфектыўна ідзе барацьба з арганізаванай злачыннасцю?

— Сіламі галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй праводзіцца работа па недапушчэнні кансалідацыі разрозненых крымінальных элементаў, выяўленні і спыненні новых крымінальных схем, якія з'яўляюцца крыніцай даходаў злачыннага свету. Сярод іншага, гэта дазволіла істотна знізіць перамяшчэнне лідараў крымінальнага асяроддзя праз тэрыторыю Беларусі.

Робіцца ўсё неабходнае, каб наша краіна была для крыміналу непрывабнай. Успомнім судовыя працэсы над так званым злодзеем у законе Аляксандрам Мядзведзевым па мянушцы Медзведзяня ці над адным з членаў вядомай «марозаўскай» банды па мянушцы Дрон, за якім цягнецца шлейф цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойства, незаконнае пазбаўленне волі, абарачэнне зброі, наўмыснае знішчэнне маёмасці. Або арышт у Пскове яшчэ аднаго «злодзея» — Паўла Алексяевіча, больш вядомага ў крымінальных колах пад мянушкай Паштэт. Усё гэта лагічны вынік нашай планамернай працы.

— Пытанні эканамічнай бяспекі і супрацьдзеянне ценявой эканоміцы з'яўляюцца прыярытэтнымі для любой дзяржавы. Раскажыце пра вынікі працы МУС у гэтай сферы.

— Колькасць крымінальных спраў, заведзеных па карупцыйных і эканамічных злачынствах, узрасла больш чым на 12%. Па завершаных расследаваннем крымінальных справах да адказнасці прыцягваюцца 324 службовыя асобы за крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, 83 службовыя асобы — за атрыманне хабараў. Больш выкрыта замаскіраваных крадзяжоў у буйных і асабліва буйных памерах.

Мы нацэлены на аператыўнае суправаджэнне працэдур закупак тавараў (работ, паслуг) за бюджэтныя сродкі. Выяўляліся факты атрымання субсідый на падставе фіктыўных дакументаў, лабіравання інтарэсаў камерцыйных структур пры ажыццяўленні закупак. Дарэчы, нярэдка фіксаваліся выпадкі і так званых прыпісак у сферы аграпрамысловага комплексу.

У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі большасць крымінальных дзеянняў звязаны з будаўніцтвам і рэканструкцыяй, уключаючы бягучыя рамонты, закупкі, а таксама добраўпарадкаванне.

Істотнае значэнне мае павышэнне празрыстасці расходавання бюджэтных сродкаў і сродкаў дзяржаўных прадпрыемстваў. На працягу мінулага года вывучаны дзясяткі праблемных пытанняў, звязаных з дзяржрэгуляваннем эканамічных адносін, нерацыянальным расходаваннем бюджэтных сродкаў і г.д. Вынікам стала ўнясенне 11 заканадаўчых ініцыятыў.

У полі нашых інтарэсаў і «побытавая» карупцыя. Няхай яе грамадская небяспека не такая вялікая, аднак яна пагібельная для іміджу ўлады. Дробныя падарункі ўрачам, настаўнікам, чыноўнікам фарміруюць грамадскую думку аб распаўсюджанасці карупцыйных праяў. Бяда ў тым, што людзі самі правакуюць гэту з'яву. Патураючы хабарнікам, у праваахоўныя органы яны лічаць за лепшае не звяртацца. Вельмі важна сфарміраваць у грамадзян нецярпімасць да гэтай іржы, якая раз'ядае грамадства.

— Характар злачынстваў змяняецца — зламыснікі становяцца больш вынаходлівымі, выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналогіі. Міліцыя за імі паспявае?

— Мы сталі часцей сутыкацца з выкарыстаннем зламыснікамі агнястрэльнай зброі, захопам закладнікаў, нападамі на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У мінулым годзе больш дзёрзкімі былі разбоі і рабаванні.

Для пацвярджэння прывяду кастрычніцкі прыклад, калі ў Оршы адбыўся ўзброены напад на краму. У лічаныя хвіліны быў арганізаваны пошук падазраванага. Крыху больш як праз гадзіну затрымалі 25-гадовага жыхара Мінс-
кага раёна. Супраціўляючыся, ён зрабіў з агнястрэльнай зброі пяць стрэлаў. А потым, пры асабістым аглядзе, у падазраванага выявілі бронекамізэльку, два пісталеты, скрадзеныя грошы...

Усё большы ўплыў на крымінагенную сітуацыю аказваюць камп'ютарныя тэхналогіі. У 2014 годзе зарэгістравана 2290 кіберзлачынстваў. Напрыклад, узгадваецца затрыманне напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі траіх грамадзян Расіі, якія спрабавалі ўсталяваць на банкамат у Віцебску адмысловую прыладу для счытвання інфармацыі з магнітных палос плацежных картаў (скімер). Падазраваныя прызналіся ў дачыненні да ўстаноўкі такіх скімераў на банкаматы Мінска і Віцебска, а таксама кампраметацыі з пачатку 2014-га больш як 200 плацежных картак грамадзян нашай рэспублікі і крадзяжоў з выкарыстаннем падробленых картак на агульную суму больш за 70 мільёнаў беларускіх рублёў.

З дапамогай інтэрнэту сёння здзяйсняецца ці не ўвесь спектр крымінальных дзеянняў. Намі ўдасканальваецца практыка супрацьдзеяння распаўсюджванню наркотыкаў і псіхатропаў з выкарыстаннем сеціва, вырабу і распаўсюджванню парнаграфіі, гандлю людзьмі.

Таму калі раней раскрыццём злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій займаліся толькі спецыялізаваныя падраздзяленні, то цяпер ідзе пераарыентацыя на гэтую працу і іншых службаў.

— Якія патрабаванні да аператыўных супрацоўнікаў сёння прад'яўляюцца?

— Кіраўнік дзяржавы назваў тры асноўныя патрабаванні новага часу: хуткасць, гнуткасць і творчасць. Гэта цалкам суадносіцца з дзейнасцю органаў унутраных спраў.

У рашэнні задач па барацьбе са злачыннасцю нам неабходна праяўляць гібкасць, уменне перастройвацца на хаду, аператыўна ўкараняць у практычную дзейнасць лепшыя напрацоўкі і перадавы вопыт.

Сёння мы робім усё магчымае, каб знізіць нагрузку супрацоўнікаў, у тым ліку па дакументах. Галоўная мэта — даць больш часу для рэальнай працы з насельніцтвам, для атрымання і праверкі аператыўнай інфармацыі.

Стварэнне спецыяльных баз звестак, новых тэхнічных сродкаў — усё гэта, бясспрэчна, вельмі важна і патрэбна. Але на першае месца ўсё роўна выходзіць чалавек-прафесіянал. Шматдзённыя засады, бяссонныя ночы, затрыманне падазраванага, выяўленне і замацаванне доказаў... Праяві на любым этапе непаваротлівасць або непрафесіяналізм — справа да суда не дойдзе. Прафесіяналізм і дакладнае выкананне закону — гарант дабрабыту і бяспекі ў грамадстве.

— Якія прыярытэтныя задачы ставіць перад сабой сёння крымінальная міліцыя МУС Рэспублікі Беларусь?

— Як бы гэта пафасна ні гучала — забяспечыць максімальную абарону жыцця, здароўя, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян. Гэта — наша праца. Мы гатовыя аператыўна і якасна яе выконваць!

— Што пажадаеце калегам у прафесійнае свята?

— Ад душы дзякую ўсім супрацоўнікам і ветэранам органаў унутраных спраў за самаадданую і добрасумленную працу, стойкасць і мужнасць пры выкананні службовага абавязку. Зычу ўсім моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту і міру!

Запісаў Віктар НОВІКАЎ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.