Вы тут

Запланаванае падзенне


Летам сярэдні кошт жылля павінен знізіцца да ўзроўню 18 млн рублёў (1200 у.а.) за квадратны метр

Апошні раз доўгатэрміновы аналіз развіцця другаснага рынку сталічнай жыллёвай нерухомасці наша выданне рабіла сумесна з пастаянным экспертам газеты летась у другой палове снежня. Ужо тады мы прагназавалі істотнае патанненне айчыннай валюты і потым зніжэнне цэннікаў на кватэры (прыкладна на 10-15%). Той прагноз спраўдзіўся толькі часткова, бо цяжкасці на валютным рынку краіны пачаліся нават раней. У астатнім словы спецыяліста трапілі, як той казаў, выключна ў дзясятку, бо абяцанае патанненне жыллёвай нерухомасці працягваецца ўжо трэці месяц запар. Сёння вядомы эксперт жыллёвай сферы — кіраўнік агенцтва «БепЦТН», старшыня савета Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў — паспрабуе ацаніць сітуацыю на мінскім рынку жылля і скласці прагноз па ім на бліжэйшыя 3-5 месяцаў.

4-23

Абсалютны максімум прапановы

У першыя 1,5 месяца года патэнцыяльныя пакупнікі сталічных кватэр на рынак увагі амаль не звярталі. Яны чакалі, калі і на якім узроўні скончацца нервовыя ваганні на валютным рынку. Прадаўцы ж наадварот, увесь гэты час актыўна павялічвалі агульную базу прапановы. Апошнія для ажыццяўлення тэрміновых здзелак часам пачалі выкарыстоўваць агрэсіўныя метады істотнага зніжэння коштаў. Таму недзе з другой паловы лютага рынак пачаў ажываць. У першую чаргу сёння кліенты пачалі купляць выключна таннае жыллё.

Напрыклад, усё часцей на рынак другаснага жылля сталіцы гаспадары пачынаюць выкідваць не вельмі якасныя кватэры са зніжкай ад 90 да 135 млн рублёў. Існуюць нават такія выпадкі, калі невялікія двухпакаёвыя «хрушчоўкі» таннеюць адразу на 150 млн і выстаўляюцца на продаж за 645-660 млн рублёў. Паводле інфармацыі партала Realt.by цяпер агульны спіс прапановы ў Мінску складае больш за 11 тысяч кватэр і асобных жылых памяшканняў. Такая прапанова з'яўляецца максімальнай за апошнія 12 гадоў. Павялічэнне сапраўды ўражвае, бо, напрыклад, па стане на 10 снежня мінулага года агульная колькасць выстаўленых на продаж кватэр складала каля 7500 аб'ектаў.

Аднапакаёўкі — да 675 млн рублёў

Рэальнае патанненне кватэр у Мінску пачалося прыкладна з трэцяй дэкады студзеня. Сярэдні кошт квадратнага метра аднапакаёвых кватэр за гэты час знізіўся ажно на 1,5 млн рублёў. Толькі за мінулы тыдзень такі «квадрат» аднапакаёвак патаннеў адразу на 225 тысяч і складае цяпер каля 25,5 млн рублёў. Аднак адзначу, што гэта лічбы прапановы. Рэальныя цэннікі квадратнага метра кватэр пры продажы сёння прыкладна на 1,5-2,25 млн рублёў ніжэйшыя за сярэднестатыстычныя.

У каталогу прапановы сапраўды танных аднапакаёвых кватэр цяпер адзінкі. Існуюць выключна мінімальныя па плошчы (да 30 кв. м) і слабенькія па якасці памяшканні. Падобныя кватэры на крайніх паверхах прапануюцца сёння па 630-675 млн рублёў. Падобнае маленькае жыллё ў гаспадароў, якія не спяшаюцца яго прадаваць, каштуе і сёння да 750 млн рублёў. Самая вялікая колькасць прапановы прыпадае на аднапакаёвыя кватэры плошчай ад 32-х да 40 квадратных метраў і коштам да 900 млн рублёў. Патэнцыяльна такое стандартнае жыллё ў бліжэйшыя месяцы таксама пачне таннець, але працэс гэты пакуль не такі масавы. Існуюць у Мінску і звычайныя аднапакаёвыя кватэры з завышаным цэннікам (1050-1350 млн рублёў) у цэнтры мегаполіса, аднак сёлета колькасць такога жылля ўжо істотна паменшылася.

Двухпакаёўкі — каля 750 млн

Мінімальны цэннік двухпакаёвых кватэр у межах ад 750 да 900 млн рублёў нават сёння з'яўляецца хутчэй выключэннем, чым правілам. Такіх варыянтаў усяго каля двух дзесяткаў у каталогу прапановы. Разам з тым, падобныя кватэры ў старых пяціпавярховых дамах пры рэальных здзелках могуць таннець адразу на значную суму. Сярэдні кошт двухпакаёвых кватэр агульнай плошчай да 50 квадратных метраў дасягае 1,05-1,125 млрд рублёў.

Мінімальны кошт трохпакаёвых кватэр складае цяпер каля 975 млн рублёў. Толькі за мінулыя два месяцы такая катэгорыя жылля страціла ў стартавых цэнніках каля 150 млн рублёў. У гэту катэгорыю трапляюць жылыя памяшканні з агульнай плошчай ад 55 да 60 квадратных метраў. У падобных кватэрах звычайна сумежныя пакоі, і знаходзяцца такія памяшканні на крайніх паверхах пяціпавярховых дамоў.

Сярэдні кошт невялікіх бюджэтных трохпакаёвак складае на рынку сёння да 1,2 млрд рублёў. Самая вялікая колькасць прапановы стандартных трохпакаёвак прыпадае на кватэры коштам ад 1,2 да 1,425 млрд рублёў. Стандартныя трохпакаёвыя кватэры плошчай да 70 квадратных метраў прапануюцца на другасным рынку па кошце ад 1,35 да 1,5 млрд рублёў.

«Далёўка» таннее хутчэй

Цяпер на першасным рынку сталічнага жылля існуе шмат цікавых прапаноў і акцый непасрэдна ад забудоўшчыкаў. Зразумела, што танней за ўсё па лініі долевага будаўніцтва прапануюцца кватэры ў дамах, узвядзенне якіх толькі арганізуецца на стадыі катлавана. Напрыклад, у будучым доме жылога комплексу па вуліцы Максіма Багдановіча, квадратны метр агульнай плошчы прапануецца па кошце, які пачынаецца ад 15,75 млн рублёў. Прапанова і сапраўды цудоўная, калі не ўлічваць той факт, што дом будзе здадзены ў эксплуатацыю не раней за апошні квартал 2016 года. Існуе ў гэтым комплексе і прапанова па жыллі, якое будзе пабудавана налета ў першым квартале. Праўда, у продажы засталіся толькі вялікія па плошчы трохпакаёвыя кватэры, дзе кошт жыллёвага «квадрата» складае ад 18 да 21 млн рублёў. Гэтымі днямі адна камерцыйная кампанія зладзіла акцыю па продажы невялікіх кватэр у жылым комплексе «Вясёлка», які знаходзіцца на адлегласці 8 кіламетраў ад МКАДа, у аграгарадку Прылукі. Кошт квадратнага метра аднапакаёвых і двухпакаёвых кватэр у гэтым комплексе па акцыі складзе 16,5 млн рублёў.

Патанненне — мінімум да ліпеня

Далейшае патанненне кватэр на другасным рынку жылля прагназуецца нашым экспертам мінімум да сярэдзіны лета. Мікалай Прасталупаў чакае зніжэння цэн ужо ў ліпені да знакавага паказчыка, калі квадратны метр агульнай плошчы кватэр стане каштаваць не больш за 18 млн рублёў. Менавіта такі сярэдні кошт жыллёвага «квадрата» з'яўляецца адэкватным для пакупнікоў з сённяшнімі невялікімі заробкамі, упэўнены наш эксперт. Толькі па такім цэнніку на другасным рынку сталіцы гэтым летам кліенты рэальна будуць набываць стандартныя кватэры.

Некалькі слоў эксперта аб сітуацыі на першасным рынку сталічнага жылля. Спадар Прасталупаў лічыць, што і тут мінімальны попыт будзе і надалей кіраваць коштамі. Паводле прагнозаў спецыяліста, бліжэй да сярэдзіны лета сярэдні кошт прапановы ў гэтым сектары складзе 16,5-17,25 млн рублёў за квадратны метр агульнай плошчы стандартных кватэр.

Паводле інфармацыі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама, на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у горадзе стаіць 230 тысяч сем'яў і грамадзян. Да апошняга часу «інвентарызацыю» жыллёвай чаргі рабілі раз на пяць гадоў. Цяпер яе правяраюць ужо штогод. Нагадаю, што ў сталіцы права на атрыманне льготнага крэдыту для будаўніцтва жылля маюць тыя, хто знаходзіўся ў жыллёвай чарзе з 1988-1989 гадоў. Разам з тым на працягу апошніх 1,5-2 гадоў у спісы на атрыманне льготных крэдытаў практычна не трапляюць тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па агульнай чарзе.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.