Вы тут

Работы ў садзе да распускання пупышак


Дзень становіцца ўсё даўжэйшым. Пара рыхтаваць сад да надыходзячага сезона. Работы па ахове пладовых і ягадных культур ранняй вясной праводзяць да распускання пупышак раслін, калі шкоднікі і ўзбуджальнікі хвароб знаходзяцца яшчэ ў стадыі спакою і не здольны нанесці шкоду.

4-3

 

Усё мацней прыпякае сонца, пачынаюць ажываць дрэвы, у гэты час узнікае небяспека пашкоджання іх сонечнымі апёкамі. У сонечны дзень тэмпература паверхні кары на штамбе на сонцы з паўднёва-заходняга боку бывае на 12—15 °C вышэйшай, чым на зацененым паўночна-ўсходнім баку. Перагрэў і адтаванне кары ўдзень з наступным замярзаннем ноччу могуць выклікаць пашкоджанне кары. Праяўляюцца апёкі ў выглядзе плям, звычайна з паўднёва-заходняга боку дрэва. Кара ў месцах пашкоджанняў становіцца крыху ўціснутай і адрозніваецца па колеры. Утвараюцца раны, праз якія ў асноўным і пранікаюць у расліну ўзбуджальнікі чорнага раку, цытаспарозу і шэрагу іншых хвароб штамбаў і шкілетных галін. Апёкі могуць захопліваць даволі вялікія ўчасткі кары, выклікаючы адміранне шкілетных галін, а часам і ўсёй расліны. З'яўленне апёкаў можна папярэдзіць, пабяліўшы дрэвы сумессю 20‑працэнтнага вапнавага малака з дабаўленнем 300 г меднага купарвасу і 1 кг гліны (на 10 л вады), з гэтай жа мэтай можна выкарыстоўваць водаэмульсійную фарбу або гатовую садовую пабелку. Бяліць дрэвы трэба ў самым пачатку вясны, а не адцягваць да майскіх свят.

У цёплыя дні праводзяць абразанне дрэў. Уважліва агледзьце расліны і зрэжце галінкі з кладкамі яек кольчатага шаўкапрада. Кладкі не знішчайце, а змясціце ў адкрыты посуд і пакіньце яго на мяжы саду, каб захаваць карысных насякомых, лічынкі якіх могуць знаходзіцца ўнутры яек кольчатага шаўкапрада. З не заражаных яйкаедам яек падчас распускання пупышак выйдуць вусені кольчатага шаўкапрада, але, пазбаўленыя ежы, яны загінуць, а яйкаеды вылецяць пасля цвіцення дрэў, калі матылі кольчатага шаўкапрада зноў адкладуць яйкі на галінкі дрэў.

Калі падчас абрэзкі ў паветры адчуваецца лёгкі марозік, то зрэзы дыяметрам больш за 2 см замазваюць алейнай фарбай, а калі тэмпература паветра плюсавая, выкарыстоўваюць садовы вар — тады ён лепш мажа і прыліпае. Са зрэзанымі галінкамі выдаляюцца яйцакладкі шкоднікаў, міцэліі грыбных хвароб, што істотна памяншае колькасць шкоднікаў і інфекцыйную нагрузку на дрэвы.

Да пачатку набракання пупышак у сырое надвор'е металічнай шчоткай трэба ачысціць старую адмерлую кару са штамбаў, пад якой звычайна зімуюць шкоднікі. Вакол штамба рассцілаюць плёнку або тканіну, на якую саскрабаюць кару. Нельга дапускаць пашкоджання кары, каб пасля праз ранкі не пранікалі патагены, якія выклікаюць захворванні драўніны. Вычышчаную кару выносяць за межы саду і спальваюць.

Правядзіце лячэнне ран на кары ствалоў і асноўных сукоў, якія ўтварылася ад морозу, пашкоджанняў грызунамі. Вялікія раны зачышчаюць вострым нажом да здаровай тканкі, дэзынфікуюць растворам меднага купарвасу (10 г на 1 л вады) і замазваюць садовым варам або сумессю гліны з каравяком (1:1) з дадаткам фунгіцыду тапсін-М (1—2%).

Пры аглядзе дрэў у гэты час лёгка ўбачыць, што лісце, якое затрымалася ў кроне, прымацавана да галінак тоненькімі павуцінкамі. Гэта гнёзды вусеняў баярышніцы і залатагузкі. Таксама на галінках вісяць засохлыя плады, пашкоджаныя грыбнымі хваробамі — пладовымі гнілямі. Іх, таксама як і гнёзды матылькоў, лёгка зняць з дапамогай палкі, на канец якой надзетыя прыстасаванні ў выглядзе лапак, рагатак, шчотак і т. п. Гнёзды залатагузкі да галінак прымацаваныя надзейна, іх даводзіцца зразаць секатарам разам з галінкай.

Час першага апырсквання надыходзіць тады, калі сярэднясутачная тэмпература паветра дасягне 5 °C. Поспех барацьбы са шкоднікамі і ўзбуджальнікамі хвароб саду залежыць галоўным чынам ад своечасовага і правільнага прымянення хімічных сродкаў абароны раслін. Аднак гэта не значыць, што апырскваць сад ядахімікатамі і біялагічнымі прэпаратамі варта штогод па стандартнай схеме. Трэба зыходзіць са ступені заражанасці раслін тымі ці іншымі шкоднікамі і чаканага з'яўлення хвароб. Прымяняць ядахімікаты і іншыя сродкі барацьбы без уліку фактычнай наяўнасці шкоднікаў і хвароб, «на ўсялякі выпадак», не варта.

Апырскванне, якое праводзіцца да распускання пупышак, накіравана супраць шкоднікаў, якія зімуюць на кары дрэў: шчытовак, яек яблыневай медзяніцы, пладовых кляшчоў, розных тлей, вусеняў яблыневай молі; супраць узбуджальнікаў паршы яблыні і грушы, плямістасці лісця, кокамікозу вішні і іншых хвароб, а таксама супраць імхоў і лішайнікаў.

Для ранневясенняга апырсквання саду рэкамендуюцца нітрафен, мінераламасляны прэпарат № 30 і яго аналагі, жалезны купарвас.

Раз на тры-чатыры гады мэтазгодна праводзіць ранневясенняе апырскванне пладовых дрэў, парэчак і агрэсту растворам жалезнага купарвасу. Яблыні і грушы апрацоўваюць 5‑працэнтным, слівы, вішні і іншыя костачкавыя, а таксама парэчкі і агрэст — 3‑працэнтным растворам. Жалезны купарвас засцерагае расліны ад розных грыбных хвароб і знішчае мох і лішайнікі. Дарэчы, трапляючы ў глебу, ён спрыяе лепшаму развіццю дрэў і кустоў.

Мінераламасляны прэпарат № 30 і яго аналагі высокаэфектыўныя пры ўжыванні супраць лічынак шчытовак, яек пладовых кляшчоў і ліставёртак. Гэты прэпарат не дае эфекту пры барацьбе з яйкамі яблыневай медзяніцы і тлей, а таксама з хваробамі раслін.

Нітрафен ужываецца супраць яек тлей, яблыневай медзяніцы, ён менш эфектыўны супраць пладовых кляшчоў і шчытовак. Гэты прэпарат выкарыстоўваюць і як сродак, які знішчае ўзбуджальнікаў паршы яблыні і грушы, кокамікозу вішні і іншых хвароб, якія зімуюць у апалым лісці. Таму пры апырскванні дрэў трэба апырскваць і глебу пад імі, асабліва старанна там, дзе ёсць апалае лісце. Для знішчэння ўзбуджальнікаў паршы яблыні і грушы ў апалым лісці ўжываюць таксама мачавіну ў канцэнтрацыі 700 г на 10 л вады. Толькі памятайце — нельга, каб раствор мачавіны трапляў на кару дрэў, каб пазбегнуць апёкаў.

Апырскванне праводзяць спосабам прамывання, бо толькі пры багатым змочванні ўсіх галін можна знішчыць шкоднікаў, большасць якіх зімуе ў расколінах кары і іншых зацішных месцах. Нават пры вельмі акуратным апырскванні пладовых дрэў і ягадных кустоў частка раствору будзе зносіцца ў бок, таму калі ў міжраддзях саду пасаджаны суніцы, шматгадовыя агародніна і кветкі, то, каб пазбегнуць апёкаў лісця, трэба пры апырскванні прыкрываць гэтыя культуры сінтэтычнай плёнкай або шчыльнай тканінай.

Праводзяць абразанне ягадных кустоў, выдаляючы сухія, старыя, пашкоджаныя галінкі, амалоджваючы кусты і знішчаючы ствалавых шкоднікаў. Важна зрэзаць іх, не пакідаючы пянькоў (там зімуюць яйкі і лічынкі шкоднікаў).

Да распускання пупышак лёгка выявіць кусты чорных (радзей чырвоных і белых) парэчак з ненармальна вялікімі, быццам прыпухлымі пупышкамі. Калі разрэзаць такую пупышку і ўважліва разгледзець яе ў моцную лупу, то ўнутры будзе відаць дробных белаватых шкоднікаў, якія нагадваюць рачкоў. Гэта самкі пупышкавага кляшча — аднаго з небяспечных і шырока распаўсюджаных шкоднікаў чорных парэчак. У кожнай хворай пупышцы іх знаходзіцца некалькі тысяч. Гэты від кляшча з'яўляецца пераносчыкам з хворых кустоў на здаровыя мікаплазменнага захворвання парэчак — махрыстасці. Пашкоджаныя пупышкі трэба старанна абарваць і знішчыць, а калі куст пашкоджаны моцна, то варта выразаць хворыя галінкі, асцярожна вынесці за межы саду і спаліць. У гэты ж час неабходна зрэзаць і спаліць канцы парасткаў агрэсту, пашкоджаныя амерыканскай мучністай расой (яны чарнеюць, становяцца кручкападобнымі, падсыхаюць). Зразаючы канцы парасткаў, трэба часткова, прыкладна на адну-дзве пупышкі, захопліваць і здаровую частку. Выразаць пашкоджаныя галінкі і канцы парасткаў трэба да апырсквання раслін ядахімікатамі.

Распусканне пупышак у ягадных кустоў пачынаецца вельмі рана. Каб не пашкодзіць іх, першае апырскванне парэчак і агрэсту растворамі нітрафену і жалезнага купарвасу праводзяць адразу ж, як толькі сыдзе снег.

Пасля раставання снегу трускалкі чысцяць ад сухога і хворага лісця, на якім зімуюць споры розных грыбных хвароб. Аглядаюць участак для выяўлення загінулых раслін. У кусцікаў, пашкоджаных лічынкамі хрушча і даўганосіка, лісты падвялыя, счарнелыя. Такія расліны выдаляюць, ямкі, у якіх яны раслі, разграбаюць, каб выбраць лічынак, якія засталіся. Калі выяўляюць расліны, пашкоджаныя вілтам, узбуджальнік якога зімуе ў глебе, іх выдаляюць, а глебу дэзынфікуюць хлорнай вапнай (400 г прэпарата на 10 л вады, з разліку 2—3 л раствору на адну ямку). У пашкоджаных раслін усё лісце чырванее, ляжыць на зямлі, нібы прывялае. Трускалкі ў пустыя ямкі высаджваюць вясной наступнага года. Затым мэтазгодна апырскаць іх 2‑працэнтным растворам нітрафену для стрымлівання развіцця белай і бурай плямістасці і шэрай гнілі.

Нітрафен валодае гербіцыднымі ўласцівасцямі — абпальвае зялёныя органы раслін, таму апырскванне праводзяць да пачатку адрастання новага лісця. Замест яго супраць пералічаных хвароб трускалак і суніц можна выкарыстоўваць 3‑працэнтную бардоскую вадкасць (300 г меднага купарвасу і столькі ж вапны на 10 л вады).

Своечасовая і якасная абарона саду да распускання пупышак засцеражэ яго ад шкоднікаў і хваробаў.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».