Вы тут

Вырасціць і выхаваць педагога


Профільныя педагагічныя класы плануецца адкрыць сёлета ў 26 установах адукацыі ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці. Пра гэтапаведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі.

Асноўная мэта — прыцягненне на педагагічныя спецыяльнасці самых матываваных выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Сёння педагагічныя класы створаны і функцыянуюць у 11 установах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска і Мінскай вобласці. Таксама на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка дзейнічае і вочна-завочная педагагічная гімназія для вучняў 9—11-х класаў з устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Навучанне ў вочна-завочнай педагагічнай гімназіі дае школьнікам магчымасць акунуцца ў студэнцкае жыццё, папрысутнічаць на лекцыях, што чытаюць выкладчыкі ўніверсітэта, а таксама пэўныя бонусы: выпускнікі гімназіі пры паступленні ў педагагічны ўніверсітэт будуць мець пераважнае права на залічэнне пры роўнай колькасці балаў.

Цяпер у Мінскай вобласці працуюць 2098 маладых педагогаў. На 1 студзеня бягучага года працягваюць працаваць 62,6% маладых спецыялістаў 2012 года выпуску, у тым ліку 71,2% «мэтавікаў». Замацаванне маладых спецыялістаў на Міншчыне паляпшаецца: калі ў 2013 годзе гэты паказчык складаў 87,7%, то ў 2014-м — 92,5%. Высокі ўзровень замацавання маладых кадраў назіраецца ў Старадарожскім, Смалявіцкім, Салігорскім, Слуцкім, Барысаўскім, Валожынскім і Нясвіжскім раёнах.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Салігорскага райвыканкама ў 2013 годзе пачаў актыўна заключаць з маладымі спецыялістамі кантракты, што дазволіла павялічыць маладым педагогам на 20% тарыфную стаўку і дабавіць ад 2 да 5 дзён водпуску. Гэтая практыка атрымала распаўсюджанне ў Мінскай вобласці, і сёння ўжо кожны трэці малады педагог працуе па кантракце.

Для маладых спецыялістаў лакальнымі нарматыўнымі актамі дадаткова прадугледжваецца павелічэнне стаўкі заработнай платы ад 10% да 50%, прадастаўленне дадатковых дзён водпуску, штомесячная даплата па калектыўных дагаворах ад 10% да 20% стаўкі заработнай платы (яе атрымліваюць 35% маладых спецыялістаў); частковая аплата за наём жылля ў памеры дзвюх базавых велічынь (выплачваецца 6,2% маладых спецыялістаў) і частковая аплата праезду да 3 базавых велічынь (атрымліваюць 3% маладых спецыялістаў).

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.