Вы тут

Падман па «леташніх цэнах»


Чым абярнулася для гродзенца набыццё «таннага» аўтамабіля ў Маскве

Напрыканцы мінулага — пачатку сёлетняга года многія нашы землякі кінуліся купляць машыны ў Расіі, спадзеючыся на выгаду ў сувязі з падзеннем курсу расійскага рубля да долара і еўра. Але пашанцавала не ўсім. Вось чым абярнулася паездка ў Маскву для аднаго з жыхароў горада над Нёманам. Пра свае «прыгоды» ён паведаміў Гродзенскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі, каб горкі вопыт папярэдзіў памылкі іншых.

4-19

Гэтая гісторыя распачалася з нармальнага жадання мужчыны купіць новую машыну. Стаў праглядаць адпаведныя маскоўскія сайты, а там — суцэльны пазітыў: «Мы перамаглі крызіс!», «Цэны леташнія», «Праезд аплачваем», «Бак бензіну на зваротную дарогу!» і г.д. Гродзенец паклаў вока на адзін з маскоўскіх салонаў, дзе патрэбны яму аўтамабіль меўся ў наяўнасці. Не трэба было плаціць задатку і чакаць, пакуль «колы» патрэбнай камплектацыі даставяць са склада.

Неўзабаве кліент быў ужо ў Белакаменнай з прадчуваннем выгаднай пакупкі і неабходнай сумай валюты. Праўда, на расійскія рублі яе адразу не мяняў, вырашыўшы спачатку заехаць у салон і, так бы мовіць, памацаць тавар рукамі. Там яму паказалі аўтамабіль, яшчэ раз пацвердзілі яго кошт і паведамілі, што здзелку аформяць гадзіны за тры. І тут пакупнік, пэўна, страціў пільнасць.

Зрабіўшы канвертацыю валюты, ён вярнуўся ў салон, дзе ўжо пачалі афармляць дакументы. Пры гэтым беларусу паведамілі, што ПТС (пашпарт транспартнага сродку) афармляецца ў цэнтральным офісе і, каб «кліент не саскочыў», ён мусіць унесці задатак у памеры 200 тысяч рублёў. Паказалі так званы папярэдні дагавор, які чамусьці быў у адным экзэмпляры і без подпісу ўладальніка салона. Хоць у тэксце ўсё быццам нармальна: цана аўтамабіля супадала з абумоўленай, задатак уваходзіў у кошт, тэрмін заключэння асноўнага дагавора — на працягу гэтага дня, адказнасць бакоў — згодна з заканадаўствам Расійскай Федэрацыі. З пакупніка ўзялі 200 тысяч рублёў, далі касавы ордар на гэтую суму і сказалі чакаць.

Гадзіны праз дзве яго запрасілі ў кабінет на заключэнне асноўнага дагавора. Менеджар уручыў асноўны дагавор (дарэчы, ужо падпісаны гаспадаром салона) і копію (?!) ПТС. І тут — не вер сваім вачам: кошт аўтамабіля ўжо ўдвая вышэйшы. Зразумела, пакупнік адмовіўся ад такога дагавора і запатрабаваў вярнуць задатак. На што менеджар прад'явіў папярэдні дагавор з подпісам кліента. А там гаворыцца, што канчатковая цана ўключае ў сябе не толькі кошт дадатковага абсталявання, але і... гандлёвую надбаўку ў памеры (цяжка паверыць, але факт) 95% ад кошту аўтамабіля.

Тады гродзенец і зразумеў, што яго «кінулі». Аднак мальба госця з Беларусі вярнуць грошы супрацоўнікаў салона зусім не расчуліла: «Толькі праз суд, калі ён прызнае адмову ад аўтамабіля абгрунтаванай». Прадавец настойваў: «Падпішы дагавор, заплаці суму, на якую разлічваў, а астатняе — на працягу дзесяці дзён». Кліент не згаджаўся. Прапанавалі перааформіць дагавор на іншую машыну па яго грашах — зноў адмовіўся.

«Паядынак» прадаўца з кліентам працягваўся больш за гадзіну, пакуль, як паведаміў галоўны менеджар, не з'явіўся іншы пакупнік на гэты аўтамабіль. Гродзенцу вярнулі 200 тысяч рублёў рублей задатку, узяўшы з яго заяву аб адсутнасці прэтэнзій да салона. А папярэдні дагавор тут жа знішчылі. Пасля чаго наш зямляк, зразумела, страціў на вяртанні сваёй валюты продажам расійскіх рублёў. Але, мабыць, яшчэ пашанцавала — страты маглі быць і значна большымі.

Дарэчы, ужо з пэўным вопытам ён наведаў яшчэ некалькі маскоўскіх аўтасалонаў. І зрабіў выснову, што ўсюды яго маглі чакаць вышэйзгаданыя «сюрпрызы». Толькі ў адным месцы адразу ж назвалі рэальны кошт аўтамабіля.

Якія ж урокі напрошваюцца з гэтай гісторыі? Па-першае, трэба сабраць як мага больш інфармацыі аб умовах здзелкі — гандлёвай надбаўцы, дадатковым абсталяванні і г.д. Па-другое, павінна насцярожыць патрабаванне прадаўца аб вялізным задатку (у гэтым выпадку — траціна кошту аўтамабіля). І, безумоўна, трэба вельмі ўважліва чытаць тое, што падпісваеш.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».