Вы тут

Вясна. Жанчына. Перамога


У Мінску ўшаноўвалі жанчын-ветэранаў

У гардэробе гасцініцы «Беларусь» яны наводзяць прыгажосць перад люстэркам. Медалі на іх грудзях адзываюцца перазвонам на кожны рух рукі, што праводзіць расчоскай па валасах ці памадай па вуснах. Узрост жанчын не прынята называць, ды і сёння ён не мае ніякага значэння. Бо веснавое свята робіць усіх кабет аднолькава маладымі і прыгожымі. І яны — калісьці байцы, але найперш і заўсёды — жанчыны, як ніхто іншы дастойныя гэтага свята. Так ужо супала, што Перамога, якую яны здабылі, жаночага роду і адбылася яна той парой, калі ўся прырода імкнецца да новага жыцця.

І хвалююцца яны так, як умеюць хвалявацца толькі жанчыны перад важнай падзеяй. Бо сёння яны запрошаны на ўрачысты прыём старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца для жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаны 8 Сакавіка.

І вось у рэстаране «Панарама» сабраліся 60 гераінь — удзельніц і інвалідаў вайны, жыхарак блакаднага Ленінграда, узнагароджаных ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу і беззаганную воінскую службу ў тыле.

«Сёння тут прысутнічаюць сапраўды гераічныя жанчыны, на долю якіх выпалі найцяжэйшыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Я хачу падзякаваць вам за ўнёсак у аднаўленне і развіццё краіны. Сёлета ў нас адзначаецца 70-годдзе перамогі, і я спадзяюся, што вы ўсе возьмеце актыўны ўдзел у прысвечаных яму святочных мерапрыемствах, мы зробім усё магчымае, каб вы адчувалі сябе падчас іх утульна», — павітаў гасцей старшыня Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ.

Потым гораданачальнік уручыў юбілейныя медалі «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» тым гасцям, якія іх яшчэ не атрымалі. Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна РАМАНОВІЧ зазначыла: «Другі год запар мы праводзім урачысты прыём для жанчын — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета гэтае мерапрыемства дае старт імпрэзам, прысвечаным 70-годдзю Перамогі». У адпаведнасці з сацыяльнай праграмай развіцця горада ў дачыненні да ветэранаў вайны прымаецца шэраг дадатковых мераў па сацыяльнай падтрымцы. Гэта і пакрыццё затрат на рамонт кватэры, і курс аздараўлення ў нашым рэабілітацыйным цэнтры, і кампенсацыя выдаткаў на пуцёўкі, і штомесячная даплата да пенсіі».

Жанна Рамановіч паабяцала зрабіць усё магчымае, каб жыццё ветэранаў было камфортным і дастойным. Таксама яна распавяла, што сёлета ў маі пройдзе Баль Пераможцаў, куды запросяць 500 чалавек з ліку тых, хто вызваляў ад ворагаў і аднаўляў сталіцу пасля вайны.

Усяго ў Мінску пражывае амаль 4500 ветэранаў, сярод якіх 620 інвалідаў, 2220 удзельнікаў вайны і больш за 1400 узнагароджаных ордэнамі ці медалямі СССР за самаадданую працу і беззаганную воінскую службу ў тыле.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.