Біць. У славян такое рытуальна-магічнае дзеянне, як «біццё», было прадстаўлена даволі шырока ў сямейна-родавых абрадах і абрадах каляндарнага цыклу. Яно насіла прадуцыравальную і засцерагальную функцыі, а таксама спрыяла дзетанараджэнню, урадлівасці, здароўю, набыццю моцы.
Часцей гэта рытуальнае дзеянне выконвалі галінкамі дрэва або расліны: вярбы, бярозы, крапівы, а таксама выкарыстоўвалі самыя распаўсюджаныя абрадавыя прадметы, такія як хлебная лапата, пояс, венік. Маглі выкарыстоўваць таксама палку ці дубец.
На Пскоўшчыне, калі свата адпраўлялі да нявесты, бацька маладога тройчы біў яго поясам і прыгаворваў: «Не я б'ю, удача б'е!» На ўкраінскім Палессі, пакуль выпякаўся вясельны каравай, усе жанчыны, што былі ў гэты час у хаце, павінны былі танчыць, у руках адной з іх была хлебная лапата, якой яна павінна была дакрануцца (злёгку ударыць) да кожнай з прысутных. У сербаў і балгар існаваў звычай біць нявестку падчас вяселля і перад тым, як маладыя пойдуць спаць. У некаторых рэгіёнах Беларусі і ва Украіне, каб вяселле адбылося, на заручынах сват біў палкай, цэпам ці вілкамі па сценках хаты нявесты. У палякаў існаваў звычай біць дзіця пасля хрышчэння. Бацька клаў дзіця папярок парога і злёгку сцябаў розгамі ці дубцом, каб дзіця расло паслухмяным і разумным. У македонцаў дзяцей сцёбалі ў дзень святога Ігната
(20 снежня). Лічылася, што менавіта з гэтага дня пачынае расці дзень, так і дзеці з гэтага дня павінны падрастаць. У сербаў дзяцей сцёбалі тымі галінкамі вішні, якія ўжо расцвілі, «каб перадаць ім жыццёвую сілу гэтай расліны і прыгажосць». У Страсную пятніцу польскія хлопцы і дзяўчаты білі адно аднаго, каб цярпець пакуты, якія цярпеў Ісус Хрыстос.
На Беларусі, каб пладовыя дрэвы далі добры ўраджай у наступным годзе, падчас Калядаў гаспадар павінен быў патрэсці або пабіць-пастукаць кожнае дрэва хлебнай лапатай. На Палессі гаспадар запрашаў Мароз прыходзіць і пачаставацца кісялём, пры гэтым трэба было моцна біць па штыкетніку, сцяне хаты ці па металічных прадметах: «Мароз, Мароз, ідзі куццю есці, а на Пятроўку не бывай, а то будзем пугай біці». На Юр'я, калі першы раз выганялі карову ў поле, гаспадыня біла-сцёбала яе галінкамі асвячонай вярбы. На Палессі ў гэты дзень цяжарная жанчына здымала свой фартух, біла ім карову і выпраўляла ў поле. На Віцебшчыне існавала правіла: перш чым адправіцца на першае заворванне, зяць павінен быў пабіць (крыху) цешчу або цесця. Гэта рабілася дзеля таго, каб вырас добры ўраджай пшаніцы або жыта адпаведна. У вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці жанчыны, якія выконвалі рытуал выклікання дажджу, павінны былі біць палкамі калодзежную ваду. На Віцебшчыне рытуальнае біццё лічылі сродкам ад сурокаў. Той, хто няўмысна сурочыў чалавека, павінен быў зняць свой пояс і тройчы сцебануць хворага па паясніцы.
Разам з тым у народнай культуры існаваў шэраг забаронаў у дачыненні да гэтага рытуальнага дзеяння. Напрыклад, пад страхам смерці забаранялася біць зямлю: «...Бо зямля святая, яе Бог нам даў як матку, а матку трэ шанаваць». Забаранялася біць дзяцей, якія залезлі ў гарох. Лічылася: у таго, хто пашкадуе дзецям гэтай гародніны, «усё з'ядуць чэрві».
Аксана Катовіч, Янка Крук.
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.