Вы тут

Вялікія дзеткі


Пятая запаведзь у сучасным прачытанні

Нядаўна давялося ўпершыню пабыць панятой. Справа, скажу асабліва цікаўным, не вельмі прыемная, калі раптам у кватэру звоніць ветлівы аператыўнік і запрашае пабыць сведкай пры вобыску ў суседзяў. Прычым менавіта ў тых суседзяў, з якімі не толькі вітаешся, не ведаючы нават імя, але і перакінешся нейкімі навінамі, і пацікавішся, як жыццё. Зрэшты, не так шмат я пра іх і ведала — толькі што жонка працуе ў банку, муж мае свой невялікі бізнес, а сын летась скончыў школу і недзе вучыцца далей. Добрапрыстойная сям'я, якая жыве ў згодзе і дастатку.

Праўда, з-за каго ў іх хаце міліцыя, доўга думаць не трэба было. У малодшага суседа пад дзвярыма часта збіралася даволі падазроная з выгляду кампанія гэткіх самых маладых і здаровых хлопцаў і пары вісклівых худзенькіх дзяўчат. «Не можа быць, каб яны ў што крымінальнае не ўбіліся», — думалася пра тое не раз. Не памылілася. Зайшоўшы ў адчыненыя дзверы кватэры, убачыла зніякавелы твар бацькі і ўдавана абыякавы — сына. Аператыўнікаў да іх прывялі наркотыкі. «Накурыўся адзін гэтай дрэні, ледзь у бальніцы адратавалі. Пачалі вывучаць, адкуль ён наркату ўзяў, — выйшлі праз сацыяльныя сеткі на вашага суседа», — тлумачыў міліцыянер, надзейна запакоўваючы сістэмнік ад камп'ютара, які забралі пры вобыску.

Гаспадар камп'ютара спакойна, нават з выклікам хадзіў па пакоях, нешта жаваў на хаду. Бацька стаяў ля сцяны спалатнелы, увесь час спрабуючы дазваніцца да жонкі, якая была недзе ў дарозе. На твары былі роспач, збянтэжанасць і — сорам... Прайшло ўжо амаль два месяцы, хлопца дома так і няма — сядзіць пад следствам. Звычайна такія добразычлівыя і ўсмешлівыя, яго бацькі пры сустрэчы апускаюць вочы і спяшаюцца хутчэй прайсці міма. Я іх разумею. У іх двайное гора — адзінае дзіця трапіла ў бяду, а пра гэту бяду асабліва і не раскажаш, бо сорамна.

Колькі іх сёння, такіх няшчасных бацькоў! Не выпівох, не гуляк — прыстойных, законапаслухмяных, чые дарослыя дзеці трапляюць у пераплёты, на якія з мігалкамі выязджаюць экстранныя службы. Прычым трапляюць з-за ўласнай дурноты — з-за алкаголю, наркотыкаў, з-за жадання пакуражыцца, адчуць сябе гаспадаром жыцця, здабыць лёгкія грошы. Як той сямнаццацігадовы ў Брэсце, які, адсвяткаваўшы 23 лютага, пырнуў нажом суседа, калі той зрабіў яму заўвагу. Ці як дваццацігадовы, што п'яны зваліўся пад таварняк ля Фаніпаля. Ці як адурманеныя спайсам, што выходзяць у акно дзявятага паверха, бы на ганак. Ці як тыя, хто, седзячы дома ля камп'ютара, гэты спайс прадае...

Праблема выхавання ў сям'і? Магчыма. І справа тут, мяркую, не толькі ў тым, наколькі ўдаецца нам словамі і ўласнымі справамі навучыць нашых дзяцей асновам прадмета «Што такое добра і што такое дрэнна». Мы, здаецца, у апошнія некалькі дзесяцігоддзяў не вучым яшчэ аднаму вельмі важнаму прадмету: любіць самых дарагіх людзей — бацькоў. Не той сляпой інстыктыўнай любоўю, што з першых дзён: калі мама — гэта ежа, а бацька — абарона (а крыху пазней яшчэ і грошы). Любоўю чалавечай, асэнсаванай, калі ўсе свае ўчынкі ты мераеш на тое, каб чалавеку, якога ты любіш, не было дрэнна, балюча, сорамна.

І гэта зусім не значыць, што трэба кожную раніцу пачынаць з чытання пятай біблейскай запаведзі — эфект будзе хутчэй адваротны. Але перастаць для дзіцяці быць ежай ці кашальком, а стаць асобай, вартай павагі, — вось галоўнае. Быць не «продкам», не «радаком», якія ўсё жыццё нешта свайму «атожылку» павінны. Складана? Яшчэ як. Нашмат складаней, чым апрануць, накарміць, вывучыць. Але — трэба. Жыццёва неабходна. Каб не ўбачыць аднойчы пустыя абыякавыя вочы дарослага чужога чалавека. Каб не ўнікаць сустрэчы з суседзямі. Каб не адказваць на спачуванні навакольных — на першы погляд, шчырыя, але з падтэкстам. Каб не курчыцца па начах ад роспачы і безвыходнага «калі б...»

Бо мы ж не зможам, як тая каўказская жанчына, сын якой, ажаніўшыся з нашай дзяўчынай, застаўся ў Беларусі. Для хлопца з горнага аула тут было шмат спакус. Ні маладая жонка, ні сын-нашчадак, які хутка нарадзіўся, не стрымалі ад выпіўкі, ад іншых жанчын. Скончылася ўсё страшна — яго з палюбоўніцай у касцюмах Адама і Евы дасталі з дна возера. Экспертыза паказала, што абое былі нецвярозыя.

Маці, якая прыехала на пахаванне за блізкі свет, заходзілася ад плачу. Роўна да той хвіліны, пакуль ёй не расказалі, пры якіх абставінах сын загінуў. Выпрасталася, пагардліва зірнула на труну і адмовілася забіраць яе дадому. «Закапайце, дзе хочаце, — сказала. — Ён зняславіў увесь род, зняславіў мяне. Я з такой ганьбай вяртацца не буду». — «Гэта ж твой сын», — спрабавалі ўшчуваць яе нашы жаласлівыя кабеты. «Які ён мне сын? Калі ён п'яны лез у возера з палюбоўніцай, ён пра мяне не думаў»... Так і паехала — з каменным тварам і гордай спінай.

А ён застаўся ляжаць у чужой зямлі. Непрыкаяная душа, якой не даравалі за нелюбоў.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».