Вы тут

Сустрэча з «Аднакласнікамі» ў новым фармаце


Унікальнае лядовае шоу «Аднакласнікі» пакажа ў Мінску 13 сакавіка прадзюсарская кампанія Ільі Авярбуха. Прыхільнікаў і аматараў фігурнага катання чакае сустрэча з любімымі і добра вядомымі фігурыстамі, а таксама гісторыя сяброўства, кахання, успамінаў з мінулага, якія нікога не пакінуць без эмоцый і ўражанняў.

На пляцоўку «Мінск-Арэны» выйдуць «зоркі» фігурнага катання — удзельнікі папулярнага рэаліці-шоу «Ледавіковы перыяд»: Раман Кастамараў і Таццяна Наўка, Аляксей Ягудзін, Марыя Пятрова і Аляксей Ціханаў, Таццяна Тацьмяніна і Максім Марынін і многія іншыя ўдзельнікі. І яны раскажуць нам захапляльную гісторыя сяброў, якія выраслі.

Па словах прадзюсара і аўтара праекта Ільі Авярбуха, ідэя ўзнікла дастаткова спантанна, калі яго папрасілі паставіць нумар на песню ДДТ «Гэта ўсё». У працэсе абдумвання ўзнік вобраз аднакласнікаў. Бо ўсё, што застаецца пасля школы ў нас, — гэта сябры, нашы кантакты з імі. Спачатку зрабілі нумар, а потым вырашылі прадоўжыць тэму, і ў выніку цяпер ёсць шоу «Аднакласнікі». Ідэя рэалізавалася паспяхова.

— Гэта тэма, якая дазваляе расказаць людзям шмат гісторый, кожная з якіх будзе ім блізкая. Тут прысутнічае таксама пэўная гісторыя, звязаная з тым, што летась мы святкавалі 10-годдзе маёй кампаніі «Лядовая сімфонія». Аднак калі ўспамінаць школьныя гады, то наўрад ці на гэтым грунтуецца сюжэтная лінія, бо я асабіста быў на сустрэчы з аднакласнікамі толькі адзін раз. З цяжкасцю пазнаваў кагосьці. Безумоўна, мы ўспамінаем школьныя гады, але нейкіх адметных гісторый тады ў мяне не было. Я быў звычайным, — прызнаўся Ілья Авярбух. — Што датычыцца самога шоу «Аднакласнікі», то ўсё ж гэта не спектакль, а гала-канцэрт. Першае аддзяленне будуецца такім чынам, што вядучы выклікае чэмпіёнаў на лёд і тыя дэманструюць сваё майстэрства, а ў другім аддзяленні прысутнічае толькі сюжэтная лінія, дзе ўдзельнікі паказваюць людзей, якія некалі вучыліся разам...

Калі дадаць, што ўсё гэта будзе ў выкананні лепшых фігурыстаў, людзей, вядомых у тым ліку і па тэлевізійных праектах, то варта чакаць відовішча. І яго стваральнікі спадзяюцца, што ў беларускай сталіцы публіка застанецца задаволенай.

У Мінску каманда Ільі Авярбуха ўжо не ўпершыню. Летась яны выступалі ў беларускай сталіцы з шоу «Гісторыя кахання» і адзначалі, што гэта была галоўная падзея тура, які налічваў гастролі па гарадах Беларусі і Расіі...

У размове пра новае шоу прагучала пытанне і пра сацыяльныя сеткі, у прыватнасці, запыталі ў вядомага фігурыста пра наяўнасць у яго акаўнта ў «Аднакласніках»:

— Мяне няма ні ў якіх сацыяльных сетках. Хоць з пункту гледжання прасоўвання гэта некаму і дапамагае. Аднак я традыцыйна за сустрэчы ў рэальным жыцці. У мяне ёсць сябар з першага класа, з якім мы шмат гадоў разам. Нашы сыны сябруюць. І ад яго я дазнаюся пра ўсе навіны з жыцця маіх аднакласнікаў.

Наогул маштабны тур лядовага шоу «Аднакласнікі» ахопіць некалькі дзясяткаў гарадоў у Расіі, Беларусі і Ізраілі. На тэлебачанні Ілья Авярбух запусціў праект «Танцуй», а летам у Сочы будзе прэзентаваць новую праграму «Кармэн», у рамках якой запланавана 90 спектакляў на 4 месяцы.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.