Вы тут

Праўду пра вайну павінны ведаць усе


Інфармацыйнае суправаджэнне мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі, стала ўчора павесткай дня калегіі Міністэрства інфармацыі. Як падкрэслілі амаль усе выступоўцы, асабліва важна, каб грамадзяне нашай краіны ведалі праўду пра тыя страшныя гады.

Удзельнікі калегіі перад пачаткам мерапрыемства атрымалі сімвал акцыі «Кветкі Перамогі», ініцыяванай Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, — кветку яблыні на фоне чырвона-зялёнай стужкі. Міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ прызвала падтрымаць гэту акцыю.

— Усе мы ведаем, што беларускі народ заплаціў дарагую цану за тое, каб перамога ўсталявалася ва ўсім свеце, — заўважыла падчас адкрыцця калегіі міністр інфармацыі. — Менавіта на беларускай зямлі варожыя войскі адчулі ўсю сілу супраціўлення і менавіта тут ва ўпартасці нашых бацькоў і дзядоў, у іх гераічнай мужнасці нараджалася надзея і вера ў перамогу. Мы ведаем, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны слова не змаўкала. Перыядычны друк, кнігі выдаваліся ў партызанскіх атрадах — гэта была вялікая праца: слова клікала на барацьбу з фашызмам, вучыла дзяцей грамаце ў партызанскіх атрадах...

6-20

Міністр інфармацыі звярнула асаблівую ўвагу на тое, што сёння, калі, на вялікі жаль, далёка не ў кожнай сям'і засталіся сведкі ваенных гадоў, вельмі важна сфарміраваць у людзей правільнае стаўленне да тых падзей.

— Мы павінны асаблівую ўвагу надзяліць фарміраванню праўды пра вайну, — заявіла Лілія Ананіч.

У сваю чаргу Уладзімір МАТУСЕВІЧ, намеснік міністра інфармацыі, заўважыў, што сёлета ў працы айчынных СМІ тэма 70-годдзя Вялікай Перамогі з'яўляецца дамінантнай. Асаблівае месца ў друку займаюць успаміны ўдзельнікаў вайны, нарысы пра ветэранаў, гістарычныя падзеі 1941-1945 гадоў.

— Ва ўсіх вядучых рэспубліканскіх газетах створаны адпаведныя тэматычныя рубрыкі, старонкі. Найважнейшым момантам сённяшняй інфармацыйна-ідэалагічнай работы з'яўляецца захаванне гістарычнай праўды, недапушчэнне фальсіфікацыі ў нашай вялікай гісторыі. У нашым друку — у газетах «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда» толькі ў гэтым годзе выйшаў шэраг такіх публікацый.

Сярод іх намеснік міністра назваў матэрыял Аляксандра Шпакоўскага «Хлусня гістарычных рэвізіяністаў», надрукаваны ў газеце «Звязда».

Выступоўцы выказвалі розныя меркаванні наконт таго, як лепш арганізаваць працу СМІ, каб грамадзяне нашай краіны атрымалі поўную інфармацыю пра ваенныя гады.

Павел Якубовіч, галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня», паставіў філасофскае пытанне: а чаму гісторыя вайны не стала часткай ментальнасці беларусаў яшчэ ў савецкія гады?

— Мне ўспамінаюцца нашы дыскусіі з Віталем Скалабанам, архівістам, які меў якасці і гісторыка, і літаратара, і даследчыка. Ён задаваўся пытаннем: чаго не хапіла ў эпоху Машэрава, каб зрабіць гісторыю партызанскага руху, гісторыю вайны часткай ментальнасці беларусаў? Ці мы «перакармілі» аўдыторыю, ці перайшлі на штампы і наступныя пакаленні сталі адносіцца да памяці партызанскага руху вельмі стрымана? Думаю, што за гутаркамі на старонках газет аб ваенных подзвігах, славе ў такім жа маштабе трэба казаць і пра ахвярнасць, пра тое, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі, як пакутавала насельніцтва краіны для таго. Гэта неабходна, каб выклікаць у людзей адчуванне дачынення.

Адным са спосабаў рэалізаваць гэта Павел Якубовіч назваў асвятленне невядомых шырокай аўдыторыі фактаў ваеннай гісторыі.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар БУЗОЎСКІ пасля выступленняў расставіў акцэнты наконт таго, што не павінны ўпусціць СМІ, працуючы з тэмай Вялікай Перамогі.

— Перамогу мы павінны ўсведамляць і ўспрымаць гэтак жа, як яна ўсведамлялася 70 гадоў таму, і з тым жа эмацыянальным пасылам, — падкрэсліў Ігар Бузоўскі. — Гэта было адстойванне свабоды, адстойванне права быць чалавекам. Фактычна сёння мы адстойваем тую ж перамогу. Мы можам гэта па-рознаму падаваць, але ва ўсіх мерапрыемствах павінна быць закладзена: перамога — гэта незалежнасць. Магчыма, неабходна пераглядзець некаторыя гістарычныя факты. Але рабіць гэта трэба выключна ў мэтах захавання бяспекі краіны, захавання той ідэі, якую закладвалі нашы дзяды.

Па словах Ігара Бузоўскага, у юбілейны год Вялікай Перамогі важна ствараць такія матэрыялы ў сродках масавай інфармацыі, у інтэрнэт-прасторы, якія б, расказваючы пра Вялікую Айчынную вайну, западалі ў душы, розумы маладых грамадзян.

— Неабходна рыхтаваць публікацыі, якія расказвалі б пра падзеі мінулага нефармальна, — заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — У сродках масавай інфармацыі ёсць нямала цікавых праектаў на тэму Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамогі. Важна прааналізаваць змест рубрык. І, не распыляючыся, раскрываць тэмы поўна, аб'ёмна, каб дастукацца да моладзі.

Сваімі развагамі пра героіка-патрыятычную тэматыку ў айчынных мас-медыя, пра кніжныя праекты, скіраваныя на выхаванне ў грамадстве паважлівага стаўлення да Вялікай Айчыннай вайны падзяліліся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.