Вы тут

Выбірайце банк з розумам


Аплата праз інтэрнэт — гэта зручна, але паклапаціцеся пра бяспеку

Мы ўжо некалькі разоў закраналі тэму разлікаў у інтэрнэце, аднак спрэчных і малазразумелых момантаў у гэтай сферы шмат. Вось нядаўна ў рэдакцыю прыйшоў ліст ад нашага чытача: «Я з цікавасцю прачытаў артыкул у газеце ад 3 лютага: «Рукі прэч! Або віртуальны кашалёк...». Пасля гэтага я звярнуўся ў свой банк з просьбай выключыць для маёй аплатнай карткі магчымасць правядзення транзакцый праз інтэрнэт, але мне адказалі, што такую паслугу яны не аказваюць (калі картка не заблакаваная наогул, то яна будзе заўсёды даступная для правядзення транзакцый праз інтэрнэт незалежна ад майго жадання). Хацелася б даведацца: банк, адмаўляючы мне, нічога не парушае?» Падобныя пытанні, зразумела, трэба вырашаць толькі з банкам і ўважліва паглядзець умовы дагавора. Аднак гэты ліст стаў нагодай для размовы з галоўным спецыялістам Галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Вольгай Антановіч.

— Ці могуць з дапамогай маёй уласнай плацежнай карткі разлічвацца ў інтэрнэце махляры, якія атрымалі звесткі з яе — нумар, тэрмін дзеяння і гэтак далей, але без ПІН-кода?

— Пры ажыццяўленні аперацый у сетцы інтэрнэт выкарыстоўваецца не плацежная картка, а пэўныя рэквізіты, якія нанесены на яе. Таму, калі трымальнік аплатнай карткі прадугледзеў у дамове з банкам, што з выкарыстаннем рэквізітаў можна разлічвацца ў інтэрнэце, і калі па тых ці іншых прычынах рэквізіты сталі вядомыя махлярам, магчыма здзяйсненне незаконных аперацый.

— Якім чынам можна бяспечна карыстацца разлікамі ў інтэрнэце?

— Пажадана мець асобную картку. Некаторыя банкі для разлікаў у сетцы інтэрнэт замест карткі выдаюць толькі яе рэквізіты, запісаныя на папяровым носьбіце. Калі вы не хочаце заводзіць асобную картку, тады рэкамендуецца ў сістэме інтэрнэт-банк свайго абслуговага банка ўстанаўліваць ліміты па аперацыях у інтэрнэце — абмяжоўваць разлікі без прысутнасці карткі пэўнай сумай, пасля здзяйснення аперацыі аплаты тавару ў сетцы інтэрнэт ставіць забарону на аперацыі без выкарыстання карткі і гэтак далей. Для павелічэння бяспекі разлікаў з выкарыстаннем рэквізітаў плацежнай карткі аплатныя сістэмы распрацавалі праграму 3-D Secure, якая дазваляе зрабіць дадатковую аўтэнтыфікацыю ўладальніка карткі. У міжнароднай аплатнай сістэмы VІSA гэтая тэхналогія называецца Verіfіed by Vіsa (VbV), MasterCard — MasterCard SecureCode (MCC), у Amerіcan Express — SafeKey. Патэнцыйнаму трымальніку карткі неабходна разумець, што тэхналогія 3-D Secure ў разы павялічвае бяспеку аперацый, што праводзяцца з выкарыстаннем рэквізітаў аплатнай карткі ў інтэрнэце. Таму выбіраць банк-эмітэнт трэба з розумам. У выпадку, калі банк не прадастаўляе магчымасць разлічвацца ў інтэрнэце з выкарыстаннем дадзенай тэхналогіі, а кліент настроены актыўна выкарыстоўваць рэквізіты аплатнай карткі ў глабальнай сетцы, раю разгледзець прапановы іншых банкаў, якія ўкаранілі тэхналогію 3-D Secure.

— Што ўяўляе сабой дадзеная тэхналогія?

— Пасля правядзення стандартнай аплаты ў інтэрнэт-краме фарміруецца дадатковы запыт, на які трымальнік карткі павінен адказаць — увесці пэўны код. Недахопы тэхналогіі 3-D Secure: трымальнік можа забыцца на код альбо на этапе яго ўводу адмовіцца ад пакупкі. Таму сёння, калі рынак электроннай камерцыі расце імклівымі тэмпамі, аплатныя сістэмы задумваюцца, з аднаго боку, над спрашчэннем аплаты тавараў, з іншага — над павышэннем бяспекі аплаты. Так, міжнародная аплатная сістэма VІSA рыхтуецца да запуску новай праграмы, якая павысіць эфектыўнасць барацьбы з махлярствам у сетцы інтэрнэт. Гэта прынцыпова новы сэрвіс шыфравання звестак (такенізацыя), што будзе ўкаранёны ў сэрвіс анлайн-плацяжоў. Прынцып працы заключаецца ў шыфраванні нумара аплатнай карткі. Пры апрацоўцы транзакцыі 16-значны нумар аплатнай карткі ператвараецца ў бессэнсоўны набор знакаў. У такім выглядзе рэквізіты карткі будуць паступаць на сайт інтэрнэт-крамы. Злачынец, які скраў зашыфраваныя нумары (такены) праз кібератаку на інтэрнэт-партал, не зможа выкарыстоўваць іх для доступу да грашовых сродкаў добрасумленнага карыстальніка, таму што сістэмы бяспекі зафіксуюць паўторнае выкарыстанне шыфру і адхіляць пакупку.

— Што рабіць тым трымальнікам плацежных картак, якія не маюць згаданых тэхналогій, ці калі нехта хоча купіць тавар ў інтэрнэт-краме, што не падтрымлівае сістэму бяспекі?

— Калі інтэрнэт-крама не падтрымлівае тэхналогію 3-D Secure, але ў ёй расплачваецца кліент, чый банк-эмітэнт укараніў ў сябе дадзеную тэхналогію і сам трымальнік карткі падпісаўся на яе, тады ў выпадку крадзяжу звестак карткі праз кібератаку матэрыяльную адказнасць за такія аперацыі будзе несці інтэрнэт-крама і, адпаведна, трымальнік карткі верне назад свае скрадзеныя грошы. Менавіта таму вялікая частка вядомых міжнародных інтэрнэт-крамаў падтрымлівае тэхналогію 3-D Secure.

— Карткі з якімі магчымасцямі і характарыстыкамі найлепш падыходзяць для разлікаў у інтэрнэце?

— Для разлікаў у сетцы інтэрнэт патрэбна не сама плацежная картка, а яе рэквізіты. Таму плацежная картка можа быць любая, галоўнае, каб у дамове з банкам-эмітэнтам кліент указаў, што з ёй ён плануе разлічвацца ў інтэрнэце.

— Ці правільна мець некалькі плацежных картак — асобна для звычайных разлікаў, асобна для аплаты тавараў праз інтэрнэт і гэтак далей? Чаму?

— Безумоўна. Калі ўсе вашы грашовыя сродкі будуць знаходзіцца на адным банкаўскім рахунку і вы будзеце здзяйсняць аперацыі з ёю на тэрыторыі Беларусі, за мяжой і ў сетцы інтэрнэт, рызыка крадзяжу звестак вашай карткі і, адпаведна, вашых грошай з банкаўскага рахунку — досыць вялікая. Таму для разлікаў на тэрыторыі Беларусі выкарыстоўвайце сваю зарплатную картку, для паездак на адпачынак за мяжу завядзіце іншую, пажадана з рахункам у замежнай валюце, для разлікаў у інтэрнэце выкарыстоўвайце трэцюю. Пасля паездкі за мяжу не палянуйцеся зайсці ў свой інтэрнэт-банк і паставіць забарону на ажыццяўленне любых аперацый з гэтай карткай. Тое ж самае з карткай, прызначанай для разлікаў у сетцы інтэрнэт: пасля здзяйснення паспяховай пакупкі ў інтэрнэт-краме і пры адсутнасці неабходнасці ў найбліжэйшай будучыні выкарыстоўваць рэквізіты гэтай карткі для аплаты проста блакіруйце яе.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.