Вы тут

Рыхтуемся да спецэфектаў


Беларускі дуэт зняў кліп пра хуткаплыннасць часу і адмовіўся мяняць песню

У межах падрыхтоўкі да юбілейнага міжнароднага конкурсу «Еўрабачанне», што адбудзецца ў сталіцы Вены ўжо ў маі, спявак Юзары і скрыпачка Маймуна знялі відэакліп на сваю конкурсную песню «Tіme». Для гэтага ім спатрэбіўся даволі сціплы бюджэт і... 11 тон пяску.

Свае прапановы па стварэнні кліпа артыстам даслалі 19 розных прадакшн-кампаній, але для працы ў выніку Юзары і Маймуна выбралі беларускую каманду, а самі здымкі адбыліся ў павільёне пад Мінскам.

Паводле задумы рэжысёра Дзмітрыя Сямёнава, Юзары пераўвасобіўся ў казачнага персанажа, гэткага сучаснага эльфа, і мусіў выратаваць чароўную прыгажуню — Маймуну — з пасткі, пакуль не скончыўся адведзены на місію час... І калі з вобразам эльфа Юрый Наўроцкі (Юзары) зжыўся ўжо даўно, то сама выратавальная аперацыя, няхай толькі ў кіно, стала для артыста нялёгкім выпрабаваннем: больш як 3 гадзіны ён вымушана правёў на бегавой дарожцы і цягам сутак вымушаны быў пераадолець розныя стыхіі накшталт дыму, снегу, агню і ветру.

«Мяркуючы па ўсім, кліп будзе поўны спецэфектаў, — падзяліўся ўражаннямі карэспандэнт АТН Яўген Перлін, які быў на здымачнай пляцоўцы і сачыў за працай дуэта. — У гэтай гісторыі Юзары давядзецца пераадолець амаль бяскрайнюю пустыню, зыбучыя пяскі якой паглынулі ўжо нямала вандроўнікаў, а недзе за далёкімі барханамі ў вялізным пясочным гадзінніку чакае свайго вызваліцеля Маймуна са скрыпкай». Якім будзе фінал кліпа, здымачная група пакуль што трымае ў строгім сакрэце. Зрэшты, захоўвацца яму засталося зусім нядоўга — ужо да сярэдзіны сакавіка адбудзецца прэм’ера, а 16 сакавіка беларуская дэлегацыя прадставіць відэа разам з пакетам усіх неабходных матэрыялаў арганізатарам «Еўрабачання-2015».

Да гэтага дня мусіць быць гатова і канчатковая версія конкурснай песні. Зрэшты, як паведамілі самі артысты, разгледзеўшы больш за дзясятак розных аранжыровак, у тым ліку выкананых замежнымі прафесіяналамі, яны вырашылі практычна без змен пакінуць першапачатковую версію, ужо добра знаёмую слухачам. Тым не менш працягваецца конкурс кавер-версій на песню «Tіme» — свой варыянт можна даслаць да 31 сакавіка на электронную скрыню uzarі.maіmuna@gmaіl.com. З дзесяці найлепшых (на погляд Юзары і Маймуны) пераможцу выберуць самі слухачы — 2 красавіка ў эфіры радыёстанцыі «Радыус-FM» пройдзе SMS-галасаванне, якое і вызначыць лідара. Аўтар самай лепшай аранжыроўкі атрымае два білеты на першае паўфінальнае шоу «Еўрабачання», дзе выступаюць беларусы, а таксама зможа выканаць свой варыянт песні ў прамым эфіры на тэлеканале «Беларусь 1».

Тым часам адміністрацыйная і творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі працягвае падрыхтоўку да конкурсу. Так, днямі па запрашэнні айчынных тэлевізійнікаў у Мінск прыляціць з Кіпра спявак, кампазітар і педагог па вакале Алекс Панаі, які не толькі сам двойчы прадстаўляў сваю краіну на «Еўрабачанні», але і працаваў напярэдадні конкурсу з беларускімі артыстамі — рыхтаваў да конкурсу Алену Ланскую і Тэа. У падрыхтоўчы перыяд і падчас правядзення конкурсу забяспечваць стасункі беларускіх артыстаў з еўрапейскімі СМІ будзе PR-менеджар са Швейцарыі Кэтрын Локет, якая летась таксама працавала з Тэа.

Нагадаем, «Еўрабачанне-2015» пройдзе сёлета з 19 па 23 мая ў Вене (Аўстрыя). Прадстаўнікі нашай краіны выступяць у першай частцы першага паўфіналу 19 мая.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.