Вы тут

Яблыневы сад Перамогі


У Брэсцкай крэпасці ёсць не зусім звычайны востраў Пагранічны. Яго ўтварае абводны канал, па якім праходзіць дзяржаўная мяжа. Адметнасць вострава ў тым, што многія дзесяцігоддзі ён быў закрытай тэрыторыяй памежнага ведамства і большасць брастаўчан лічылі яго польскім.

Акрамя рэдкіх вартавых мяжы, туды з часоў вайны не ступала нага чалавека. І на востраве нібы спыніўся час. На гэтым лапіку зямлі можна сустрэць не толькі ўмацаванні, пабудовы ХІХ стагоддзя, часоў Вялікай Айчыннай, на складах дзе-нідзе засталіся нават вопратка, абутак, посуд вайскоўцаў 1941 года. На Пагранічным унікальная флора, якая захавалася ва ўмовах запаведнасці.

І толькі ў 2011 годзе было прынята рашэнне забяспечыць доступ турыстам на востраў. Першыя арганізаваныя групы трапілі на аб'ект у маі 2013 года. А цяпер з'явілася інфармацыя, што на востраве будзе яблыневы сад у гонар 70-годдзя Перамогі.

Ініцыятарамі пасадкі яблынь выступілі міліцыянеры. Справа ў тым, што ў першыя дні вайны абарону вострава Пагранічны трымалі і супрацоўнікі міліцыі — воіны
132-га асобнага батальёна НКУС, курсанты аўташколы. Іх подзвіг увекавечаны памятным знакам.

Як сказаў кіраўнік прэс-службы Брэсцкага абласнога ўпраўлення УУС Сяргей ДУЧЭНКА, на сродкі міліцыянераў будуць закуплены саджанцы пладовых дрэў і высаджаны на адведзенай пляцоўцы.

Ініцыятыву міліцыі падтрымалі памежнікі, эколагі, юннаты. Навукоўцы пацвердзілі, што на месцы будучага сада не было пахаванняў, там не стаялі збудаванні. Група размініравання яшчэ раз праверыць участак на прадмет яго бяспекі, і 22 красавіка запланавана закладка саду.

Неўзабаве 70 яблынь зашумяць у гонар Вялікай Перамогі. Даглядаць сад абяцаюць міліцыянеры. А частавацца яблыкамі змогуць усе ахвотныя, найперш турысты, якія будуць наведваць Пагранічны.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.