Вы тут

Прыедзе міністр замежных спраў КНДР


На наступным тыдні нашу краіну з афіцыйным візітам наведаюць міністр замежных спраў Карэйскай народна-дэмакратычнай рэспублікі Лі Су Ён. Пра гэта на брыфінгу паведаміў Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік галоўнага ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў.

Падчас візіту адбудуцца перамовы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства КНДР, у дэлегацыі запланавана сустрэча і ва ўрадзе Беларусі.

— Плануецца, што бакі абмяркуюць увесь спектр двухбаковых беларуска-паўночнакарэйскіх адносінаў, уключаючы пытанні палітычнага дыялогу, двухбаковае ўзаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай сферы, у галіне адукацыі і аховы здароўя, — праінфармаваў прэс-сакратар МЗС. — Праграмай візіту прадугледжваецца наведванне Лі Су Ёнам беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама культурна-гістарычных аб'ектаў Мінска і Мінскай вобласці.

Як дадаткова паведаміў Дзмітрый Мірончык, Беларусь і КНДР устанавілі дыпламатычныя стасункі ў пачатку 90-х гадоў, калі было падпісана адпаведнае сумеснае камюніке. У чэрвені 2014 года ў Мінск быў прызначаны Пасол КНДР, які сумяшчае гэту пасаду з пасадай Пасла КНДР у Расійскай Федэрацыі. Пакуль што ён не ўручыў даверчыя лісты кіраўніку нашай дзяржавы.

наш інтарэс у Клайпедзе

Учора пачаўся візіт намесніка міністра замежных спраў нашай краіны Аляксандра Гур'янава ў Літву. У яго рамках пройдуць перамовы з віцэ-міністрам замежных спраў Літвы Раландасам Крышчунасам па пытаннях эканамічнага ўзаемадзеяння.

Сёння Аляксандр Гур'янаў наведвае Клайпеду для правядзення сустрэч з кіраўніцтвам Клайпедскага марскога порта і тэрміналаў па перавалцы грузаў. У гэты ж дзень мяркуецца ўдзел намесніка кіраўніка МЗС Беларусі ў цырымоніі адкрыцця ў Клайпедзе першага ў Літве ганаровага консульства Рэспублікі Беларусь.

Дзмітрый Мірончык расказаў, што яго кіраўніком стане літоўскі грамадзянін беларускага паходжання Мікалай Логвін. Ён працуе ў якасці незалежнага эксперта кампаніі «Караблі і людзі», а таксама актыўна ўдзельнічае ў беларуска-літоўскім узаемадзеянні ў сферы эканомікі.

Справа не аднаго года

Каментуючы пытанне наконт перспектыў больш глыбокага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Расіяй у сферы візавай палітыкі, Дзмітрый Мірончык падкрэсліў: выхад на больш глыбокае ўзаемадзеянне — гэта комплекснае, складанае пытанне.

— Асабліва з улікам несупадаючых візавых рэжымаў з трэцімі краінамі. Перспектыва іх збліжэння — справа не аднаго дня і, магчыма, нават не аднаго года, якая патрабуе ўключэння і абавязкова зацікаўленага ўдзелу нашых замежных партнёраў, — патлумачыў Дзмітрый Мірончык.

Па яго словах, візавая палітыка рэгулюе не толькі рэжым доступу замежных грамадзян на тэрыторыю Беларусі.

— З яе дапамогай на аснове ўзаемнасці беларускі бок імкнецца максімальна палегчыць паездкі грамадзян Беларусі за мяжу. Таму, карэктуючы нашу візавую палітыку, збліжаючы яе з палітыкай расійскіх партнёраў, мы павінны быць упэўнены, што рэжым паездак нашых грамадзян павінен у выніку не толькі не пагоршыцца, але і, што важна, мець рэальныя перспектывы паляпшэння шляхам спрашчэння візавых працэдур або поўнай адмены віз.

Ён дадаў, што таксама важным аспектам з'яўляецца эканамічны бок пытання. Няхай ён і не таго маштабу, як, напрыклад, размеркаванне мытных пошлін у ЕАЭС. Але такія пытанні таксама трэба ўрэгуляваць, калі беларускі і расійскі бакі знойдуць варыянты сумесных дзеянняў у гэтым кірунку.

Візіт Дзяржсакратара Ватыкана

12-15 сакавіка 2015 года па запрашэнні беларускага боку Рэспубліку Беларусь з афіцыйным візітам наведае Дзяржаўны сакратар Ватыкана П'етра Паралін.

Візіт рэалізуецца для развіцця дамоўленасцей са Святым Прастолам, дасягнутых у рамках работы па пашырэнні міждзяржаўных беларуска-ватыканскіх адносінаў.

Адбудуцца перамовы паміж міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і Дзяржаўным сакратаром Ватыкана. Праграмай візіту таксама прадугледжаны правядзенне шэрагу сустрэч з беларускімі афіцыйнымі асобамі, кіраўніцтвам Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў, удзел у закладцы памятнай капсулы на месцы будаўніцтва новага будынка дыппрадстаўніцтва Ватыкана — Апостальскай нунцыятуры.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».