Вы тут

Мэта — вырасціць здаровае пакаленне


 Адказвае за гэта не толькі дзяржава, а перадусім — сям'я

Колькасць шматдзетных сем'яў у Мінску за 2014 год склала больш за 9900, павялічыўшыся ў параўнанні з пазамінулым годам больш як на 12%. Якія захады робіць дзяржава, каб падтрымаць іх і заахвоціць мінчан паляпшаць дэмаграфічную сітуацыю?

Як атрымаць сямейны капітал?

Па словах старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама Жанны РАМАНОВІЧ, кожнае мінскае дзіця ў той ці іншай ступені карыстаецца дадатковымі мерамі сацыяльнай падтрымкі. Гэта і бясплатнае харчаванне да двух гадоў, і даплаты да кошту харчавання ў навучальных установах, і даплата да поўнага кошту пуцёўкі ў дзіцячыя аздараўленчыя ўстановы асобным катэгорыям, і выплата дапамогі да навучальнага года.

Апроч таго, у адпаведнасці з Указам № 572 «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей», што ўступіў у сілу з 1 студзеня, вызначаны разнастайныя спосабы дзяржаўнай дапамогі. Адна з мер — так званы сямейны капітал. Сем'ям пры нараджэнні (усынаўленні) трэцяга і наступных дзяцей прадастаўляюцца безнаяўныя грашовыя сродкі ў эквіваленце 10 000 долараў. Каб атрымаць іх, любы з бацькоў можа звярнуцца ва ўпраўленне сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы жыхарства. Калі заяву задаволяць, у аддзяленні банка будзе адкрыты рахунак. Сямейны капітал можа быць накіраваны на паляпшэнне жыллёвых умоў сям'і, атрыманне паслуг адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны і нават на накапляльную пенсію маці. Але датэрміновае выкарыстанне сродкаў магчыма толькі ў адным выпадку: для аказання медыцынскай дапамогі ў выніку заключэння камісіі, калі такая дапамога не можа быць аказана на тэрыторыі Беларусі. Сямейны капітал можна атрымаць толькі аднойчы на адно дзіця.

Таксама ўказам прадугледжаны выплаты дапамог сем'ям, што выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, і дадатковыя пазыкі на будаўніцтва жылля пры выхаванні траіх і больш дзяцей.

Праблема гендару і гвалту

Жанна Рамановіч таксама распавяла пра тое, як сталічныя ўлады вырашаюць праблему гвалту ў сям'і. Так, мінскімі тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацабслугоўвання аказваюцца паслугі часовага прытулку для жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, фарміруецца банк звестак па размяшчэнні інфармацыі аб гвалтаўніках. Як лічыць старшыня камітэта, адзін крызісны пакой задавальняе патрэбы ўсяго горада. Апроч таго, у сталіцы працуюць пяць арганізацый, якія таксама прапаноўваюць ахвярам сямейнага гвалту часовы прытулак.

Як паведаміла Жанна Рамановіч, у гэтым месяцы ў Мінску пройдзе інфармацыйна-асветная акцыя «Ты можаш змяніць сітуацыю», прысвечаная супраціву хатняму гвалту.

Адзначаючы, што ахвярамі гвалту ў сям'і найчасцей становяцца жанчыны, старшыня камітэта абвергла меркаванне пра тое, што ў беспрацоўя «жаночы твар».

«Сярэднестатыстычны беспрацоўны — гэта мужчына з агульнай сярэдняй адукацыяй ва ўзросце 39 гадоў. Як правіла, жанчыны цяпер больш мабільныя і матываваныя на пошук працы», — паведаміла Жанна Рамановіч.

Па яе словах, на сталічным рынку працы сёлета назіраўся прыток зваротаў у службу занятасці і рост рэгістрацыі беспрацоўных. Істотна зменшылася колькасць вакансій.

«Калі летась на аднаго беспрацоўнага прыпадала 6-8 свабодных працоўных месцаў, то цяпер на аднаго беспрацоўнага — 1,8 вакансіі».

Як засведчыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама, больш за ўсё жанчын працуе ў фінансавай сферы, адукацыі і ахове здароўя. Па-ранейшаму мала жанчын сярод токараў, слесараў і кіроўцаў, на будаўнічых пляцоўках, але, напрыклад, сярод сталічных кранаўшчыкоў 17% жанчын.

Медыцына не застаецца ўбаку

Вядзецца работа і ў сферы лячэбна-прафілактычнай дапамогі. Дзякуючы ёй у Мінску ў параўнанні з мінулым годам ужо назіраецца павышэнне нараджальнасці на 1,5%, паведаміла начальнік аддзела лячэбна-прафілактычнай дапамогі дзецям і маці Святлана МАНЫШАВА. Дае плён і перадабортная псіхалагічная работа ў жаночых кансультацыях — колькасць абортаў знізілася ў параўнанні з 2014 годам на 1%, і гэта толькі пачатак, запэўніла начальнік аддзела.

Сем'і, дзе выхоўваюцца дзеці да трох гадоў, могуць бясплатна атрымліваць медпрэпараты, а пры знаходжанні ў стацыянары разам з дзецьмі да пяці гадоў могуць быць і бацькі. Таксама прадугледжаны розныя праграмы рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю.

Прафілактычная работа праводзіцца ў кабінетах дружалюбнага стаўлення да падлеткаў. Па словах Святланы Манышавай, найбольш запатрабаванымі з'яўляюцца паслугі гінеколагаў і псіхолагаў. Пры жаданні дзеці могуць прайсці ў цэнтрах медыцынскае абследаванне.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.