Вы тут

Вікторыя Язерская: «Галоўнае, каб быў парадак у душы і ў галаве»


Па адукацыі яна — рэжысёр тэатра, але паколькі на сцэне перспектывы не ўбачыла, то вырашыла шукаць сябе ў іншай сферы — на экране. Як вядучую навін Вікторыю Язерскую ведаюць гледачы розных тэлеканалаў. Яна працавала спачатку на Першым нацыянальным, затым на расійскім LіfeNews. А амаль год таму з'явілася ў эфіры «Нашых навін» на тэлеканале АНТ, дзе з нядаўняга часу вядзе яшчэ і праграму «Контуры». Напярэдадні жаночага свята мы вырашылі распытаць тэлевядучую аб прыярытэтах, працы ў кадры і паваротах лёсу...

6-10

— На тэлебачанні вы амаль пяць гадоў, паспелі ўжо паспрабаваць сябе на розных тэлеканалах. Расцэньваеце гэты перыяд як знакавы ў прафесійным плане?

— Падчас вучобы ва ўніверсітэце я не мела ўяўлення, чым буду займацца пасля. Бо была ўпэўнена, што з тэатрам ужо дакладна сваё жыццё не звяжу. Мне падабаецца тэатр, аднак я не адчула ў сабе нейкага асаблівага таленту. А на мой погляд, калі гэтага няма і ты не ўпэўнены, што знайшоў справу па душы, то не варта выходзіць на сцэну. Затым усё склалася класічна: пайшла з сяброўкай на кастынг і трапіла на тэлебачанне. Той вопыт, які набыла за апошнія некалькі гадоў, безумоўна, расцэньваю як значны крок у кар'ерным плане.

— Усведамленне таго, што тэлебачанне — ваша стыхія, прыйшло адразу?

— З тэлебачаннем усё складвалася паступова. Калі толькі прыйшла на пробы, працэс вельмі спадабаўся, хаця атрымлівацца пачало не адразу. Мая выкладчыца Ірына Маісеева мне не папускала, мабыць, дзякуючы гэтаму і пачаўся рух... Я прыйшла толькі пасля ўніверсітэта, і маім любімым адзеннем былі джынсы, кеды і футболка. Кожны раз, з'яўляючыся на заняткі, я шакіравала Ірыну Генадзьеўну, бо ў яе разуменні на тэлебачанні трэба было выглядаць адпаведна — макіяж, прычоска, адзенне. Хаця цяпер на гэтыя складнікі ўжо менш увагі звяртаюць, асабліва за межамі нашай краіны. Больш важна, што і як ты гаворыш. А перад з'яўленнем у кадры цябе і апрануць, як трэба, і ўкладку зробяць. Я лічу, што мала быць проста маладой і прыгожай, каб цябе ўзялі на тэлебачанне... Я была вельмі заціснутая і павольная. А мне казалі: гэта ж навіны, прачніся, павінны быць дынаміка, драйв! Спатрэбіўся час, каб злавіць рытм, патрэбны ў працы. Дзякуй Белтэлерадыёкампаніі, дзе далі магчымасць зразумець, што мне падыходзіць, і адчуць гэта ў прамым эфіры. Можна ж трэніравацца месяцамі, але нічога не атрымаецца, пакуль не выйдзеш у прамы эфір і не зразумееш: вось зараз на цябе глядзяць, і ты павінна рабіць тое, што патрабуецца. Тады я і навінамі мала цікавілася. А тут трэба было ведаць пра ўсё, таму што калі расказваеш пра тое, чаго не ведаеш, то гэта адчуваецца. Дзякуючы правільнаму падыходу ў навучанні, я зразумела, што і як. І цяпер займацца гэтай справай у мяне, здаецца, нядрэнна атрымліваецца.

— Чым быў абумоўлены ваш пераезд у Маскву?

— Адпрацаваўшы амаль два гады на Белтэлерадыёкампаніі, паступова перайшла з ранішніх эфіраў у вячэрнія выпускі «Панарамы». А праз нейкі час са мной звязаліся з тэлеканала LіfeNews і прапанавалі прыехаць на пробы. Я, не раздумваючы, вырашыла паехаць і паспрабаваць. Было зусім не важна, як я выглядаю. Іх цікавіла ўнутранае напаўненне і разуменне парадку дня, таму што ўжо на першым праглядзе ў студыі на запісе было прамое ўключэнне з гасцямі, што для мяне стала абсалютна новай практыкай. Праз тыдзень патэлефанавалі, каб паведаміць, што са мной хацелі б супрацоўнічаць. На той момант мяне тут нішто не трымала, таму сабралася і паехала.

— Спантаннасць — рыса вашага характару?

— Я цяжкая на пад'ём. Хоць і не надта веру ва ўсялякія гараскопы, але я Шалі, і таму часта заўважаю, што мне вельмі ўласціва сумнявацца. Напрыклад, нават нейкі прадукт у краме магу выбіраць паўгадзіны... Але ў той момант такі выбар і шанц паспрабаваць сябе ў нечым новым я не ўпусціла. Безумоўна, першы час было страшна і складана, а потым улілася ў калектыў і ўсё наладзілася.

— Які вопыт вам даў гэты год працы ў камандзе LіfeNews?

— З пазіцыі вопыту за гэты год я перажыла 5—10 гадоў, таму што канал новы і вельмі дынамічны. Эфіры 24 гадзіны на суткі, пастаянна прамыя ўключэнні, госці ў студыі. Парадак дня змяняецца кожную гадзіну: калі нічога не адбываецца, то зробяць навіну з дробязі. І ты павінен усё гэта данесці да гледача. Даводзілася шмат працаваць, чытаць. Разам з тым калегі заўсёды гатовы дапамагчы, ніхто не скажа: «Ты не разумееш, адыдзі». Калі, напрыклад, нешта не атрымліваецца, то цябе не знімуць з эфіру, а наадварот, ты будзеш там і ў працэсе разбярэшся, унікнеш. Для мяне гэта была каласальная практыка. І цяпер у нашай медыяпрасторы мне значна прасцей працаваць, бо я атрымала жорсткую загартоўку. Бывала, праводзіш у прамым эфіры па чатыры гадзіны: працуеш без суфлёра, толькі планшэт і навушнік, дзе чуеш выпускаючага рэдактара. Пасля выходзіш і нават не арыентуешся, дзе ты. А ў нас на выпуску навін ты нават разагрэцца не паспяваеш. Не хапае драйву, але з «Контурамі» праца стала больш цікавай.

— У вас пастаянная праца ў «Навінах». Не ўзнікае думкі паэксперыментаваць з фарматам? Ці знаёмы вам стан эмацыйнага выгарання?

— Я спрабавала сябе на расійскім тэлебачанні на ранішняй праграме. У забаўляльным фармаце мне спадабалася, і атрымлівалася, як мне казалі, няблага. Таму, калі трапіцца магчымасць папрацаваць у такім напрамку, то з задавальненнем згаджуся. Пакуль мне і без гэтага працы хапае, а з эфірамі на «Контурах» яе прыбавілася. Цяпер і выхадныя занятыя цалкам. Што да выгарання, то, мабыць, яшчэ рана гаварыць пра гэта. Я сустракала шмат прыкладаў таго, што журналісты цынічныя. Страшнае ДТЗ імі ўспрымаецца часам як удача, бо пра гэта можна падрабязна расказаць, як бы тое жахліва ні гучала. У Маскве я была шакіравана такім падыходам, але ў працэсе і сама стала прасцей усё ўспрымаць. Аднак, паколькі я жанчына, то калі даводзіцца распавядаць пра крушэнне самалёта ці нейкую іншую трагедыю, эмоцыі цяжка стрымаць. Страшных рэчаў адбываецца шмат, і ты за ўсё перажываеш і прапускаеш праз сябе. Але, улічваючы, што я не так даўно працую ў гэтай сферы, то яшчэ не магу гаварыць пра нейкую стомленасць.

— Ці не сумуеце па працы ў Маскве?

— Там была цудоўная каманда, з адносінамі, як у сапраўднай сям'і. Усе маладыя і ў большасці сваёй з жаданнем працаваць. Там не маеш часу ні на што акрамя збору навін... Проста лётаеш на працягу ўсяго дня. А ў нас прасцей, бо краіна меншая і падзей не так шмат. Хоць нашы карэспандэнты таксама выкладваюцца напоўніцу.

— Мяняючы месца працы, наколькі лёгка сыходзіце? Ці не складана ўлівацца ў новы калектыў?

— У кожным выпадку ўсё па-рознаму. У Белтэлерадыёкампанію я прыйшла навічком. Калектыў склаўся задоўга да мяне, маё з'яўленне ўспрымалі насцярожана і з лёгкай раздражнёнасцю. Паступова ўсё склалася: і адносіны, і працоўная атмасфера. Сыходзіла без шкадавання, мірна. На LіfeNews новы быў і тэлеканал, і калектыў, таму ўсе былі на аднолькавай пазіцыі. Камфортна было працаваць, хоць і людзі былі з розным досведам. Напрыклад, можна было падысці да чалавека, які не адзін год адпрацаваў у «Известиях» і задаць яму любое пытанне. Бар'ера ні разу не адчула. З імі было складана развітвацца. Мне і сёння пішуць, каб вярталася. Шмат сяброў там засталося. А з прыходам на АНТ усё досыць спакойна склалася — прыйшла і працую.

— Вы вярнуліся, бо выйшлі замуж. Абмяркоўвалі варыянт пераезду мужа ў Маскву?

— Не, Масква — горад для працы, а не для жыцця. А паколькі мы планавалі стварыць сям'ю, то варыянт з пераездам у Маскву нават не разглядалі. Я не хацела б, каб мае дзеці нарадзіліся там і пайшлі ў школу, таму што ў Маскве бывае досыць небяспечна. Кар'ера не вартая таго, каб вось так рызыкаваць, бо не яна ў старасці будзе з табой тэлевізар глядзець і гарбату піць. Так, сумую па працы і па людзях, але не шкадую... Як той казаў, твой чалавек з'яўляецца на гарызонце раз у жыцці, я веру, што гэта ён і ёсць, таму абсалютна шчаслівая. Безумоўна, давялося перагледзець свае прыярытэты. І цяпер я ведаю, што магу, і маё эга задаволена, час засяродзіцца на іншых рэчах. Бачыла жанчын, адданых працы, але не замужам і без дзяцей. На маю думку, для жанчыны на першым месцы павінны быць сям'я і дзеці. Кожнаму сваё, але я не з тых, каму патрэбна толькі праца.

— Улічваючы, што для вас сям'я ў прыярытэце, вы з тых жанчын, хто любіць ствараць утульнасць, гатаваць абеды?..

— Па гаспадарцы мы разам усё робім. Я шмат часу праводжу на працы, але гатую дастаткова часта. Але не магу сказаць, быццам дома ўсё па палічках раскладаю. Калі нешта не ляжыць на месцы, то скандал мы ўчыняць не будзем. Галоўнае каб быў парадак у душы і ў галаве.

— Хутка 8 Сакавіка. Якое ў вас стаўленне да гэтага свята?

— Мне пашчасціла ў тым сэнсе, што кожны дзень я адчуваю ўвагу да сябе. І падарункі, і кветкі атрымліваю проста так. Не ведаю, як будзе з часам. Нічога неверагоднага на 8 Сакавіка не чакаю, бо разумею, што гэта будзе такі ж прыемны дзень, як і іншыя побач з каханым мужчынам... Жанчынам, вядома, хочацца калі не кожны дзень, то хоць адзін дзень на год адпачыць, адчуць сябе каханай. Як бы ні ўспрымалі гэтае свята, але жанчыне яно дае магчымасць радавацца, атрымліваць сваю порцыю ўвагі і павагі.

— Што б пажадалі жанчынам?

— Жадаю кожнай сустрэць свайго чалавека. Для жанчыны няма нічога больш важнага, чым надзейнае мужчынскае плячо побач. Здароўя жанчынам і іх сем'ям. Тым, у каго ёсць мамы — беражыце іх, цікаўцеся іх жыццём і радуйце. І часцей прызнавайцеся ў любові.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.