Вы тут

Шукаем адказы ў «Што? Дзе? Калі?» і з «Адваротным адлікам»


На тэлеканале АНТ гледачоў чакае новы фільм праекта «Адваротны адлік» і вясенні сезон гульні «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі. Прыхільнікі першага даведаюцца пра «А-229. Сакрэтная зброя Крамля» ад рэжысёра Настассі Мірашнічэнкі і аўтара сцэнарыя Наталлі Голубевай. А тэлегледачы, якія «хварэюць» за беларускую каманду знатакоў, змогуць сачыць за вясенняй серыяй гульняў новага сезона, першая з якіх адбудзецца ўжо ў пятніцу (6 сакавіка) у 23:15.

Прыход вясны для многіх — асаблівая пара, час росквіту і новых пачынанняў. А для знатакоў і тэлегледачоў яна азначае пачатак новага сезона гульняў беларускага тэлевізійнага клуба «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі. Пачнецца сёмы сезон гульнёй каманды Паўла Малецкага, і якраз напярэдадні Міжнароднага дня жанчын. Улічваючы гэта, эфір 6 сакавіка не абыдзецца без сюрпрызаў для гледачоў і прыхільнікаў клуба знатакоў. Асабіста павіншуе дарагіх жанчын таксама і пастаянны вядучы, аўтар праграмы Алесь Мухін. А падчас музычнай паўзы сваім выступленнем парадуе саліст прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Аляксей Грос. Не прапусціце сустрэчу з любімай праграмай у пятніцу ў эфіры тэлеканала АНТ!

Разгадваць таямніцы гісторыі і расстаўляць новыя акцэнты ў падзеях дзён мінулых запрашаюць і аматараў дакументальнага цыкла «Адваротны адлік». Чарговы фільм носіць назву «А-229. Сакрэтная зброя Крамля» і распавядзе гісторыю пра тое, як у снежні 1930 года на стале кіраўніка знешняй разведкі СССР Станіслава Месінга апынуўся асабліва важны данос. Інфарматары паведамлялі пра вяселле вядомага нямецкага журналіста Арнольда Бронана і актрысы Берлінскага тэатра Вольгі Фёрстэр. Чым гэтая навіна так зацікавіла савецкія спецслужбы? Якія зносіны былі ў маладой пары з разведкай? І як у гэтай гісторыі быў замешаны галоўны ідэолаг нацысцкай партыі Ёзэф Гебельс?

...У пачатку 30-х гадоў у Маскве распрацавалі сакрэтную аперацыю па ўвядзенні ў бліжэйшае акружэнне Гітлера надзейнага інфарматара. Час ішоў, а паведамленняў з Берліна не паступала. Поспех аперацыі ўжо быў пастаўлены пад сумненне, аднак прыйшло паведамленне: «Агент А-229 наладжвае цесную сувязь у нацыянал-сацыялістычных кругах Гебельса»... Хто ж дзейнічаў пад гэтым нумарам, стала вядома толькі ў 1990-х гадах. Аказалася, што гэта была... маладая актрыса Вольга Фёрстэр. Менавіта яна змагла так спадабацца галоўнаму ідэолагу нацысцкай партыі, што той нават зрабіў яе давераным чалавекам. Ад крыніцы А-229 Цэнтр атрымліваў звышкаштоўную інфармацыю аб планах партыі, яе лідарах, моцных і слабых баках.

На мяжы зрыву аперацыя аказалася, калі Гебельс закахаўся ў Магду Берэнд. Сувязь Вольгі і рэйхсміністра магла перарвацца. Тады берлінская рэзідантура распрацавала смелы план: Фёрстэр павінна была выйсці замуж за бліжэйшага сябра Гебельса — Арнольда Бронена, што дазволіла б ёй заставацца сярод людзей, набліжаных да рэйхсміністра.

Яшчэ пяць гадоў жанчына перадавала ў Цэнтр асабліва важную інфармацыю. А аднойчы Гебельс пачаў з ёй дзіўную размову пра пакаранне польскіх агентаў і арышты здраднікаў, выяўленых у МЗС Германіі. У канцы 1935 года ў кватэры аднаго з прэстыжных раёнаў Берліна прагучаў выстрал. Пасля пайшлі чуткі, быццам вядомая актрыса Фёрстэр скончыла жыццё самагубствам.

Сама Вольга вырашыла свой лёс ці так пазбавіліся ад раскрытага агента? Пра гэта вы зможаце даведацца ў панядзелак (9 сакавіка) у новым фільме дакументальнага цыкла «Адваротны адлік» на тэлеканале АНТ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.