Вы тут

Рыбалка скончылася смерцю


Карэспандэнт «Звязды» стаў сведкам трагедыі на Чыжоўскім вадасховішчы ў Мінску

Гуляючы па сталіцы ў нядзелю, заўважыў з моста праз Свіслач ледзь бачныя пасярэдзіне акваторыі вадасховішча сілуэты рыбакоў. «Звар'яцелі яны там, ці што?» — такая была першая думка. Трывалае снежнае покрыва ў сталіцы сышло больш за тыдзень таму. На самім вадасховішчы лёд таксама пачаў разбурацца: ля берага ў многіх месцах па-здрадніцку зіхацела вада. Выцягнуў з кішэні смартфон — тэрмометр паказваў сем градусаў цяпла. А літаральна праз гадзіну па ціхай вуліцы Галадзеда на другі бок вадасховішча прымчаліся адзін за адным некалькі падраздзяленняў МНС. «Рыбакі... Рыбакі пад лёд пайшлі...» — сталі перашэптвацца людзі, якія чакалі на прыпынку тралейбус.

Прыкладна праз пятнаццаць хвілін ратаўнікі выцягнулі на бераг мужчыну гадоў 50. «Жывы...» — прашалясцела ў натоўпе. Небараку, які мармытаў нешта незразумелае, хуценька завялі ў аўтамабіль медыцынскай службы. У гэты ж час на лёд адправіліся некалькі вадалазаў. А яшчэ праз хвілін дваццаць адзін ратаўнік папрасіў усіх прысутных адвярнуцца, бо з вадасховішча цягнулі чалавека, які не меў прыкмет жыцця...

— Трагедыя адбылася за 350 метраў ад берага, — паведаміў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталь Навіцкі. — Калі ратаўнікі прыбылі на месца трагедыі, у палонцы знаходзіўся рыбак, які паступова пагружаўся пад лёд. Выратавальнікі-пажарныя пры дапамозе гідракасцюмаў і ратавальнай дошкі дасталі яго з вады. Пасля агляду брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі рыбак быў дастаўлены ў бальніцу з дыягназам «агульнае пераахаладжэнне арганізма». Пад вадой супрацоўнікі вадалазнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння знайшлі без прыкмет жыцця і другога мужчыну. Медыкі правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але выніку яны не далі — давялося канстатаваць яго смерць.

Едучы з вадасховішча праз некаторы час пасля трагедыі, наўмысна сеў у тралейбусе так, каб бачыць акваторыю вадасховішча. З боку іншага мінскага мікрараёна — Серабранкі — пасярэдзіне вадаёма выразна вызначыліся сілуэты рыбакоў. І гэта пры тым, што выходзіць зараз на лёд, які імкліва разбураецца з прычыны цёплага надвор'я, вельмі небяспечна. Што ж гоніць туды людзей гуляць у хітрыкі са смерцю? Па звестках вядучага спецыяліста рэспубліканскага савета Таварыства ратавання на водах Алега Баразны, з пачатку года з падлёднай рыбалкі дадому не вярнуліся 8 чалавек...

Валяр'ян Шкленнік.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».