Паэт Ізяслаў Катляроў пра нягоды вайны і сапраўдных герояў
«Вернасць» — так называецца новая кніга паэта Ізяслава Катлярова, што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Творцу споўнілася 77 гадоў, а ён ці не ўпершыню зладзіў імпрэзу ў беларускай сталіцы. Што ж, для творчасці, як і для кахання, усе ўзросты прыдатныя.
[caption id="attachment_75069" align="alignnone" width="600"] Памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Мінску Аляксандр Якабсон і паэт, журналіст Ізяслаў Катляроў былі ініцыятарамі стварэння мемарыяльнага комплексу на месцы пачатку аперацыі «Баграціён»
у Светлагорскім раёне.[/caption]
Разам з жонкай паэткай Соф'яй Шах Ізяслаў Катляроў жыве ў Светлагорску. Усё жыццё ён працаваў журналістам, пэўны час быў намеснікам рэдактара газеты «Светлагорскія навіны». Сам творца адзначае: «На прэзентацыю кнігі мы прыехалі з правінцыйнага гарадка. Раней шчыльных кантактаў са сталічнымі літаратарамі не мелі, у госці часта не ездзілі. Можа, і дарэмна. Але, з іншага боку, мы былі пазбаўлены ад тлуму і мітусні вялікага горада».
Паэт нарадзіўся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Таму горыч страты блізкіх людзей, цяжкасці пасляваеннага дзяцінства ён зведаў спаўна — гэта адлюстравана ў яго творчасці. Але і ноткі аптымізму, нягледзячы на цяжкі лёс, творцу ўдалося захаваць.
Маці Катлярова памерла 9 мая 1945 года. А бацька вярнуўся з вайны — «з 7 ранамі і пустым рэчавым мяшком». Сямейная трагедыя апісана ў надзвычай пранізлівым вершы пад назвай «Вяртанне бацькі». Ён заканчваецца такімі словамі: «А отец рыдает у стены. Третий день, как он пришел с войны...» Гэтым творам у савецкія часы адкрываўся адзін з нумароў часопіса «Знамя». Дарэчы, друкаваўся паэт таксама і ў «Юности», «Неве», «Авроре», «Нёмане», «Литературной газете» і іншых выданнях.
Творы з кнігі «Вернасць» вызначаюцца дакументалізмам — гэта паэзія, заснаваная на рэальных падзеях. Адна з самых яскравых паэм — «Брыдскі мох». У ёй апісаны гераічныя і трагічныя эпізоды наступальнай аперацыі «Баграціён», перадаецца тая няпростая атмасфера, у якой галоўнакамандуючым даводзілася прымаць рашэнні...
Паэму Ізяслаў Катляроў прысвяціў памочніку Прэзідэнта, галоўнаму інспектару па Мінску Аляксандру Якабсону, якога паэт лічыць сваім сябрам. Сам Аляксандр Якабсон, што прысутнічаў на прэзентацыі кнігі, сказаў у адрас таварыша такія словы:
— З Ізяславам Рыгоравічам мы знаёмыя ўжо многія дзесяцігоддзі — яшчэ з тых часоў, калі я працаваў старшынёй Светлагорскага райвыканкама, а ён узначальваў мясцовую газету. Наша дзелавое і творчае супрацоўніцтва працягваецца і цяпер. Разам мы прыйшлі да разумення, што самая значная бітва той вайны — аперацыя «Баграціён» — ніякім памятным знакам не ўвекавечаная. Мы былі ўпэўненыя, што гэта несправядліва. Улічваючы, што аперацыя пачыналася на тэрыторыі Светлагорскага раёна, вырашылі стварыць там мемарыяльны комплекс. Ад ідэі да ўвасаблення прайшло даволі шмат часу. Але мы ўзвялі яго, можна сказаць, усім мірам. Самыя розныя людзі і арганізацыі ахвяравалі грошы на гэтую справу. Да 70-годдзя вызвалення Беларусі мемарыяльны комплекс ужо быў адкрыты. Цяпер праца над ім працягваецца і ён набывае агульнадзяржаўнае значэнне. Спадзяюся, сёлета да 70-годдзя Перамогі комплекс ужо будзе завершаны і стане выдатным помнікам тым, хто вызваляў нашу краіну, хто змагаўся падчас аперацыі «Баграціён».
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.