Адбылося чарговае пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў, падчас якога разгледжана канцэпцыя праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады.
Канкурэнцыя дае моц
Распрацоўка канцэпцыі вялася ў адпаведнасці з законам аб дзяржаўным прагназаванні. Прапанаваны дакумент грунтуецца на Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця краіны да 2030 года, а таксама праграме дзейнасці ўрада на 2015 год. Канчатковай мэтай праграмы з'яўляецца павышэнне якасці жыцця насельніцтва.
Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падтрымаў ключавыя ідэі канцэпцыі — чалавек, інавацыі, канкурэнтаздольнасць. Галоўным сродкам павышэння канкурэнтаздольнасці краіны на сусветным рынку, па яго словах, з'яўляецца абнаўленне, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, удасканаленне эканамічных адносін у сферы вытворчасці і лагістыкі. Іншымі словамі — рэалізацыя стратэгіі інавацыйнага развіцця. «Трэба выкарыстоўваць і стымулюючыя элементы эканамічнага развіцця канкурэнцыі, — сказаў прэм'ер. — Канкурэнцыя і інавацыі ўзаемадапаўняюць і ўзмацняюць адно аднаго». У поўным аб'ёме павінен быць таксама задзейнічаны чалавечы патэнцыял.
Толькі агульнае развіццё
Як адзначыў Андрэй Кабякоў, сістэма кіравання эканомікай павінна быць перабудавана. У цэнтры ўвагі кіраўніка галіны павінна быць развіццё ўсёй сферы, а не толькі гаспадарчая дзейнасць асобнай групы прадпрыемстваў. «Актуальным з'яўляецца і развіццё карпаратыўнага кіравання, стварэнне эфектыўнай сістэмы падрыхтоўкі кіраўнікоў найвышэйшага звяна, аптымізацыя маёмасці, якая знаходзіцца на балансе дзяржпрадпрыемстваў», — дадаў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым ён звярнуў увагу распрацоўшчыкаў канцэпцыі на тое, што прыватызацыя не заўсёды з'яўляецца 100-працэнтнай гарантыяй забеспячэння нармальнай працы прадпрыемстваў. Падыход да гэтага пытання будзе ўзважаным і індывідуальным.
Канцэпцыя праграмы на будучую пяцігодку прадугледжвае адмову ад перакрыжаванага субсідзіравання. Падыходзіць да вырашэння гэтага пытання, як падкрэсліў кіраўнік урада, трэба ўзважана, з улікам інтарэсаў насельніцтва і прадпрыемстваў.
У вытворчай сферы канцэпцыя праграмы грунтуецца на развіцці высокатэхналагічных, рэсурсазберагальных галін, выкарыстанні мясцовых сыравінных рэсурсаў. Гэтыя падыходы павінны быць прыярытэтнымі пры фарміраванні галіновых і рэгіянальных праграм на 2016—2020 гады. Разам з тым велізарны патэнцыял маюць традыцыйныя вытворчасці, якія створаны папярэднімі пакаленнямі і будуць працаваць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Гэты патэнцыял неабходна максімальна выкарыстоўваць, ужываючы новыя элементы кіравання.
Знешнегандлёвыя дывідэнды
Больш неабходна працаваць і над развіццём сферы паслуг, якая з'яўляецца найбольш дынамічнай галіной эканомікі. Наяўныя вынікі па многіх відах паслуг у Беларусі маглі б быць значна лепшымі. «Мы транзітная краіна, а ў індэксе развіцця лагістыкі займаем 99-е месца са 160 краін. Такім чынам, мы губляем і патэнцыйныя даходы ад гэтай дзейнасці», — канстатаваў прэм'ер.
У сувязі з гэтым ён адзначыў, што ва ўмовах прасоўвання кітайскімі калегамі ідэі транснацыянальнага транспартнага калідора «Шаўковы шлях» наша краіна павінна быць актыўным удзельнікам гэтага працэсу. «Якасныя зрухі ў гэтай сферы прынясуць рэспубліцы станоўчыя дывідэнды па знешнегандлёвым абарачэнні», — упэўнены Андрэй Кабякоў. Разам з тым, на яго погляд, у канцэпцыі праграмы не ў поўным аб'ёме прапрацаваны пытанні развіцця транзітных пераваг рэспублікі ў частцы транспартнай інфраструктуры, магчымасці абнаўлення і пашырэння авіяцыйнага парку, электрыфікацыі чыгуначнага транспарту, прадастаўлення паслуг па груза- і пасажыраперавозках. «У цэлым, — падсумаваў прэм'ер, — неабходна ствараць новыя рынкавыя навукаёмістыя віды паслуг з высокім дабаўленым коштам — адукацыйныя, медыцынскія, кансалтынгавыя, інфармацыйныя».
Паводле інфармацыі БЕЛТА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.