Вы тут

Кату па пяту, а пыхі — як друзу


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Пы́ха — фанабэрыстасць, ганарлівасць. У вершы «Мы — беларусы» Рыгора Барадуліна чытаем:

Хай слабакі аж падаюць ад стомы,

На плечы ўзяўшы пыхі мех цяжкі...

Зе́ўра (размоўнае слова) — адтуліна, яма, прорва. «Ганна ўбачыла пясок, гліну, цёмную зеўру ямы», — гэтак у рамане Івана Мележа.

Рахма́ны — дабрадушны, згаворлівы, памяркоўны. «Сусед мой ціхі быў, рахманы», — піша Алег Лойка.

Паркалёвы — зроблены з лёгкай баваўнянай тканіны. Паркалёвая можа быць кашуля, сукенка, фіранкі...

Рэ́хва — жалезны абруч ад кола ў воза. Дзеці калісьці часта выкарыстоўвалі стары абруч — рэхву ў сваіх гульнях.

Друз — маса з бітага камення, цэглы. «Зеўралі ямы, траншэі, зеўралі печы ў друзе — ранай адной страшэннай на целе маёй Беларусі», — так у творы Анатоля Вярцінскага «Рэквіем па кожным чацвёртым».

Аршын з шапкай — вельмі малы, невысокі, нізкарослы. Беларусы яшчэ скажуць: кату па пяту, з вузел, жабе па калена. Рускі — «от горшка два вершка». Вобразнасць гэтага выразу заснаваная на прыёме літоты — знарочыстага прымяншэння, бо аршын — гэта старажытная мера даўжыні, роўная 71 см.

Высмоктваць з пальца — выдумваць, гаварыць беспадстаўна. Беларускі аналаг — з ветру вяроўкі віць, рускі — «притягивать за уши».

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».