Вы тут

Талент і талерантнасць


Расія адной з апошніх сярод 40 краін-удзельніц вызначылася са сваім дэлегатам на юбілейны конкурс. У выніку закрытага адбору, які ладзіў сёлета Першы канал, права прадставіць краіну на «Еўрабачанні» ў Вене атрымала падапечная вядомага прадзюсара Канстанціна Меладзэ, спявачка Паліна Гагарына, за плячыма якой ужо ёсць неблагі шлейф перамог у розных тэлепраектах і эстрадных конкурсах.

Назвала свайго прадстаўніка і Аўстралія — краіна, якую арганізатары шоу практычна па-за конкурсам запрасілі да ўдзелу ў гонар 60-годдзя «Еўрабачання», прычым, адразу ў фінал. «Арыю заморскага госця» ў Вене выканае аўстралійскі спявак з малайзійскімі каранямі Гай Себасціян — адзін з самых камерцыйна паспяховых тамтэйшых артыстаў.

Літаральна днямі агучыць імя свайго прадстаўніка краіна-гаспадыня сёлетняга конкурсу Аўстрыя — зрэшты, наўрад ці гэта будзе нехта больш эпатажны, чым леташні пераможца Томас Нойвірт, ён жа «барадатая жанчына» Канчыта Вурст.

Аднак абсалютная большасць краін сваіх канкурсантаў ужо прадставіла шырокай грамадскасці, прычым прадстаўленне гэта, трэба сказаць, часам выклікала неадназначную рэакцыю. Напрыклад, ад Польшчы на «Еўрабачанне» сёлета паедзе Моніка Кушыньска — спявачка і радыёвядучая, якая з 2006 года... часткова паралізаваная пасля аварыі і перасоўваецца ў інваліднай калясцы. Сама артыстка ў захапленні ад магчымасці прадставіць сваю краіну на прэстыжным міжнародным форуме і ад таго, што дэвіз юбілейнага конкурсу — «Будуючы масты» — дазваляе ёй праз уласную жыццёвую сітуацыю таксама ўзвесці і ўмацаваць творчы мост паміж рознымі сусветамі людзей з інваліднасцю і без яе. Але частка заўзятараў конкурсу і музычных крытыкаў заўважаюць, што такі выбар Польшчы падобны на спробу «націснуць на кнопку талерантнасці Еўропы».

Яшчэ больш уразілі многіх прадстаўнікі Фінляндыі — панк-рок-гурт «Pettі Kurіkan Nіmіpaіvat» («Імяніны Перці Курыкі») складаецца з чатырох мужчын-музыкантаў з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі. Відаць, прадчуваючы негатыўную рэакцыю, удзельнікі гурта падкрэсліваюць, што не хочуць, каб людзі галасавалі за іх з прычыны шкадавання і спачування, але імкнуцца змяніць стаўленне ў грамадстве да людзей з асаблівасцямі разумовага развіцця.

Дарэчы, у букмекерскіх канторах, якія прымаюць стаўкі на зыход юбілейнага «Еўрабачання», менавіта Фінляндыя з’яўляецца адным з фаварытаў. Але найбольшыя шанцы на перамогу, паводле папярэдніх прагнозаў брытанскай букмекерскай канторы Wіllіam Hіll, маюць прадстаўнікі Італіі — хлапечае поп-опернае трыо «Іl Volo», пераможца 65-га фестывалю ў Сан-Рэма. З постсавецкіх краін у дзясятцы лідараў пакуль што знаходзяцца толькі Арменія і Азербайджан, Беларусі ж прадракаюць месца бліжэй да канца фінальнай табліцы.

Ці так яно будзе насамрэч, меркаваць усё ж зарана. Пакуль што дакладна вядома, што ў наступны панядзелак, 16 сакавіка, дэлегацыі ўсіх 40 краін збяруцца ў Вене, каб прадставіць песні сваіх канкурсантаў. Пасля гэтага тэрміну якія-небудзь змены ўжо забаронены. Праўда, беларускі дуэт Uzarі & Maіmuna рабіць гэтага як быццам і не збіраецца, ужо вызначыўшыся з бэк-вакалістамі (Дзяніс Ліс і Юрый Селязнёў), дызайнерам сцэнічных убораў (Вольга Бухал, якая, дарэчы, распрацоўвала касцюм для ўдзельніцы дзіцячага «Еўрабачання-2014»), выкладчыкам па вакале (педагог з Кіпра Алекс Панайі, што апошнія два гады ўжо працаваў з нашымі канкурсантамі) і аўтарам ідэі промапрадукцыі (дызайнер і фатограф Ганна Герт).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».