Вы тут

Заручыны.


Заручыны. Звычайна праз тыдзень пасля сватаўства павінна была адбыцца не менш значная падзея — «заручыны».

Калі сватаўство было пробным крокам у перадвясельных падзеях, то «заручыны» фактычна з'яўляліся першым адказным абрадам у аб'яднанні двух родаў. Асноўная мэта заручын («змовін», «вялікай гарэлкі», «вялікіх запоін», «ладу», «рукабіцця») была ў канчатковай дамоўленасці аб правядзенні вяселля, усіх яе абставінах, як эканамічных, так і абрадавых.

На заручыны, якія адбываліся ў хаце нявесты, запрашалі больш шырокае кола сваякоў, што былі сведкамі перамоў і дасягнутай дамоўленасці. Удзельнікі гэтага абраду павінны былі больш дэталёва пазнаёміцца з сем'ямі двух родаў; назваць асноўных удзельнікаў вяселля, тых, хто будзе надзелены вясельнымі чынамі (шафер, шаферка і г.д.); вызначыць колькасць гасцей з кожнага боку; колькасць сваякоў, якіх неабходна ўшанаваць падарункамі ў час вяселля; канчаткова выбраць дзень вяселля; прытрымліваючыся ўсіх правілаў народнай культуры, вызначыць тых, хто будзе пячы вясельны каравай; пагадзіцца на склад і колькасць пасагу; тут жа называўся дзень і час вянчання, памеры ахвяравання на храм, святару і іншым удзельнікам вянчання.

З ХVІІ-ХVІІІ стст. абрад заручын заканчваўся тым, што жаніх і нявеста абменьваліся пярсцёнкамі і гэтым давалі згоду на шлюб. Пасля таго бацька нявесты звязваў рукі маладых са словамі: «Дай, Божа, у добры час, на вясёлае жыццё, на дзяцінае шчасце!»

Адвячоркам радзіна нявесты і жаніха абменьваліся падарункамі. І далей адбываўся абрад развітання — госці павінны былі моцна паціснуць адзін аднаму рукі, быццам замацаваўшы атрыманую дамоўленасць.

Пасля заручын адмовіцца ад вяселля было практычна немагчыма. І калі адзін з бакоў усё ж перадумваў, то на гэтую сям'ю накладалі штрафныя санкцыі на карысць пацярпелага боку. За выкананнем такіх жорсткіх патрабаванняў няўмольна назірала мясцовая грамадскасць.

Трэба заўважыць, што ў розных рэгіёнах так званыя этапы «вясельных перамоў» маглі мець іншыя назвы і праводзіліся ў розны час. Але ўсе абрады, якія былі звязаны са сватаўством, заканчваліся за тыдзень перад вяселлем «дзявоцкім» і «хлапечым» вечарамі.

На Беларусі грамадская думка высока ставіла тую дзяўчыну, да якой часцей ездзілі сваты. Лічылася, што нявеста, якую часта сватаюць, валодае вялікай колькасцю станоўчых якасцяў, з'яўляецца добрай гаспадыняй, майстрыхай і г.д. Ці за ёй будзе ладны пасаг. Але такія надзеі не заўсёды спраўджваліся. А ў народзе казалі: «З вялікага перабору ні лапцяў, ні абораў».

Аксана Катовіч, Янка Крук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».