Вы тут

Выезд у свет


У будні сацыяльнае таксі замаўляюць, каб з'ездзіць у паліклініку, а на выхадныя — у царкву ці на конную тэрапію

Ці часта вы бачыце на вуліцы інвалідаў-калясачнікаў ці тых, хто страціў зрок? Прынамсі я вельмі рэдка. І не таму, што такіх людзей няма. Толькі ў Мінску жыве каля 120 тысяч інвалідаў. Аднак большасць з іх не выходзяць з кватэры. Людзям з асаблівасцямі ў развіцці складана выбрацца за межы двара, не кажучы ўжо пра паездку ў парк ці на канцэрт. Каб палегчыць інвалідам шлях, які ім самастойна пераадолець цяжка, а то і немагчыма, у сталіцы ўжо пяты год працуе сацыяльнае таксі. Сёлета дыспетчары мінскіх тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва прынялі больш за 66 тысяч заявак. Каб даведацца, наколькі такая паслуга палягчае інвалідам жыццё і з якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў горадзе, карэспандэнты «Звязды» ў адзін з будных дзён далучыліся да рэйса сацыяльнага таксі Фрунзенскага раёна.

13-25

Пастаянныя пасажыры

З кіроўцам Юрыем ПЯТРОВІЧАМ мы сустракаемся ў 8.45 раніцы ля эндакрыналагічнага дыспансера. Праз некалькі хвілін падыходзяць пасажыры — маладая жанчына, інвалід па зроку, і яе маці. Эма Антонаўна клапатліва дапамагае дачцэ забрацца ў машыну. Расказвае, што ездзілі здаваць аналізы, на наступным тыдні трэба да эндакрынолага на прыём. Сацыяльным таксі сям'я карыстаецца даўно, напэўна, з таго моманту, як яно з'явілася.

— Без машыны было б вельмі складана, — прызнаецца Эма Антонаўна. — Дабрацца кудысьці грамадскім транспартам немагчыма. У метро — натоўп народу, саб'юць з ног і не заўважаць. Ды і не ўсе, напэўна, разумеюць, што чалавек у цёмных акулярах — сляпы.

Падвозім жанчын дадому і спяшаемся далей. У дарозе распытваем кіроўцу пра кліентаў. Бясплатна сацыяльнае таксі прадастаўляецца інвалідам 1-й групы, калясачнікам, дзецям-інвалідам да 18 гадоў, інвалідам 2-й групы старэйшым за 70 гадоў, якія не працуюць і чыя пенсія не перавышае паўтара бюджэту пражытачнага мінімуму. Пенсіянеры за 70 з другой групай інваліднасці, што атрымліваюць больш за паўтара БПМ, таксама могуць карыстацца спецыяльным транспартам, але за грошы. Для іх адна паездка каштуе 27 тысяч рублёў. Юрый Іванавіч кажа, што працэнтаў 90 пасажыраў — пастаянныя. У апошні год, праўда, з'явілася шмат хворых з анкалогіяй. Часцей за ўсё таксі замаўляюць інваліды, у якіх непрацуюць ныркі. Ім тры разы на тыдзень трэба на гемадыяліз у бальніцу. 13-26 За дзень машына абслугоўвае 10-15 заказаў. У будні большасць паездак — ва ўстановы аховы здароўя. На выхадныя — у царкву ці на могілкі. Ёсць і «асаблівыя» пасажыры. — У пяціпавярховіку жыве адзінокая бабуля з трыма-чатырма катамі. Сама ледзь ходзіць, але пастаянна судзіцца. Возім яе па пракуратурах, — усміхаецца Юрый Іванавіч. Некаторыя дзеці-інваліды ездзяць на конную тэрапію. Аздараўленчыя заняткі з дэльфінамі, якія раней былі папулярныя, цяпер карыстаюцца меншым попытам. Ці то каштуюць дорага, ці то менш эфектыўныя. Яшчэ адну жанчыну на калясцы два разы на тыдзень возяць у спартыўны цэнтр Максіма Мірнага, дзе яна займаецца вялікім тэнісам. А вось баскетбалісты-калясачнікі сацыяльнае таксі замаўляюць рэдка. «Там хлопцы здаровыя, усе на сваіх машынах, самі за рулём, — кажа наш кіроўца. — Кожны дзень на трэніроўцы па 5-10 кіламетраў намотваюць. Бачыў неяк іх баскетбольны матч. Спартсмены такія піруэты на калясках робяць!» Жыццё пасля інсульту Па наступным адрасе таксі чакае бабуля Алена з маленькай унучкай. У пяцігадовай Ангеліны, якая старанна штурхае наперад звычайную калыску і, абапіраючыся на яе, спрабуе ісці самастойна, — ДЦП. Малую трэба адвезці на Севастопальскую, у Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў. З дапамогай пад'ёмніка Ангеліна трапляе ў салон машыны. — Ці заўважны паляпшэнні пасля заняткаў па рэабілітацыі? — пытаю ў жанчыны. — Безумоўна. Бачыце, унучка цяпер ходзіць больш-менш нармальна. Раней толькі на пальчыках магла стаяць. Алена даглядае дзяўчынку адна: маці Ангеліны памерла. Пакуль едзем да цэнтра, малая збянтэжана ўсміхаецца і ціха расказвае штосьці бабулі. Ужо выходзячы з машыны, жанчына раптам насцярожылася: няўжо сацыяльнае таксі збіраюцца адмяніць? Напэўна, таму журналісты і зацікавіліся гэтай паслугай. І толькі калі пачула, што таксі будзе працаваць, як і раней, баба Лена павяла ўнучку на рэабілітацыйныя заняткі. А мы тым часам выпраўляемся ў Бараўляны. Там са шпіталя выпісалася пажылая пара. Фёдар Дзям'янавіч 6 гадоў таму перанёс інсульт, правы бок цалкам паралізаваны. Два-тры разы на год пенсіянера змяшчаюць у бальніцу на рэабілітацыю. Жонка Зоя Мікалаеўна, інвалід 2-й групы, звычайна кладзецца на абследаванне разам з ім, каб і самой падлячыцца, і мужа даглядаць. — Ён ужо і размаўляць пасля інсульту пачаў, і чытаць навучыўся. Мы па вечарах па дзіцячай чытанцы займаемся. А да хваробы муж выкладчыкам працаваў, вершы нават пісаў, — уздыхае жанчына. — Дома вас дзеці, напэўна, чакаюць? — Агульных дзяцей у нас няма. Мая дачка стараецца нас наведваць, а дачка мужа ўжо даўно не тэлефануе... З дзіцячага лагера — у рэанімацыю — Зараз едзем забіраць маці з сынам, — звяртаецца да мяне кіроўца. — Хлопца ў псіханеўралагічны інтэрнат трэба адвезці. Гісторыя 20-гадовага Жэні, на жаль, мала падобна да жыцця звычайнага юнака. У хлопца з дзяцінства была затрымка ў развіцці. З ім займаліся спецыялісты, дапамагалі адаптавацца, і ўсё было быццам бы не так страшна. А потым Жэня паехаў адпачыць у лагер, дзе яго ледзь не да смерці збілі старэйшыя хлопцы. Два месяцы дзіця праляжала ў рэанімацыі. Траўмаваную псіхіку вылечыць так і не змаглі. Цяпер у будні хлопец жыве ў інтэрнаце, а на выхадныя маці забірае яго да сябе. — Раней, каб дабрацца з сынам да Навінак, замаўляла звычайнае таксі, — кажа Таццяна. — Самі разумееце: ездзіць так два разы на тыдзень абыходзіцца ў значную суму. Таму я вельмі ўдзячна за такую паслугу, як сацыяльнае таксі. А Юрый — адзін з найлепшых кіроўцаў. Ніколі не спазняецца, уважліва ставіцца да нас. 13-27 Юрый Іванавіч развозіць інвалідаў ужо чатыры гады. Дагэтуль працаваў кіроўцам аўтобуса, а яшчэ раней — зубным тэхнікам. Медык па адукацыі, мужчына 12 гадоў вырабляў зубныя пратэзы (пэўны час нават загадваў артапедычным аддзяленнем адной са стаматалагічных паліклінік Мінска), але потым ад прафесіі прыйшлося адмовіцца, каб паберагчы зрок. Пастаянных пасажыраў Юрый Іванавіч ведае не толькі па імёнах. Ён добра знаёмы з гісторыяй кожнага: — Тут у раёне жыве малады інвалід-калясачнік Паша, яму гадоў 28. Маці з бацькам ад хлопца адмовіліся, яго даглядаюць цётка з дзядзькам. У Пашы толькі адна рука працуе, але колькі ў яго энергіі! Наведвае ўсе канцэрты, куды можна дастаць квіткі. У двары хлопца добра ведаюць, дапамагаюць дакаціцца да машыны. Паўлік заўсёды загадзя выходзіць. Аўто замоўлена на палову дзясятай, а ён ужо ў 9 гадзін на вуліцы. Стараюся яго раней забраць, каб не мёрз. У Паўліка і мой асабісты нумар ёсць, тэлефануе часам, каб пагутарыць. Таксі нездарма назвалі сацыяльным. І не толькі таму, што яно разлічана на ўразлівую катэгорыю грамадзян. Паслуга робіць горад і зносіны з іншымі людзьмі больш даступнымі для інвалідаў. А для некаторых сацыяльнае таксі — адзіны шанц вырвацца да жыцця, што кіпіць па-за межамі кватэры.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Штомесяц у тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна паступае каля 800 заявак на сацыяльнае таксі. Машыну замаўляюць звычайна за два тыдні. У госці і на лецішчы таксі не возіць. Абмежаваны і паездкі ў краму ці на рынак — да двух рэйсаў у месяц. Аднак, па словах дырэктара Алены СВІРЫД, бываюць выпадкі, калі пасажыры злоўжываюць сацыяльнай паслугай:

— Напрыклад, чалавек ведае, што ў бацькоўскім доме знаходзіцца аддзяленне банка і замаўляе таксі нібыта ў банк. А потым кіроўца бачыць, як інваліда завялі ў іншы пад'езд. Ці можа высветліцца, што названае аддзяленне ў той дзень увогуле не працуе. Дый падманшчыкі звычайна самі сябе выдаюць нахабнымі паводзінамі. Візіты такіх людзей мы потым больш пільна адсочваем, аднак зрабіць ім нічога не можам. Не маем права адмовіць, калі заяўка аформлена правільна.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».