Вы тут

Калі «хата не з краю»


Жыхар Гродна да прыезду супрацоўнікаў ДАІ затрымаў п'янага кіроўцу

У той дзень Аляксандр ехаў па Індурскай шашы абласнога цэнтра і раптам заўважыў неадэкватныя дзеянні аднаго з кіроўцаў, чыя «Мазда» беспрычынна мяняла дарожныя палосы. Больш за тое, падчас аднаго з такіх манеўраў перад уездам на кальцавую развязку гэтая іншамарка «падрэзала» мікрааўтобус, а потым накіравалася да аднаго з гіпермаркетаў. Аляксандр — за ёй. Дзве машыны спыніліся там на паркоўцы. З крамы кіроўца «Мазды» выйшаў з бутэлькай шампанскага і няцвёрдай паходкай накіраваўся да сваіх «колаў».

— Як жа вы ў такім стане паедзеце? — запытаўся ў яго Аляксандр.

Адказ проста збянтэжыў:

— Так, я п'яны. Але мне трэба праехаць усяго 100 метраў.

Пасля чаго нецвярозы сеў за руль. Аднак тое, што ён натрапіў не на даішніка, а на звычайнага кіроўцу, не дапамагло яму пазбегнуць адказнасці. Бо Аляксандр тут жа патэлефанаваў па нумары «102», а сам накіраваўся за «Маздай», пры гэтым перадаючы інфармацыю аб маршруце руху ў дзяжурную часць ДАІ. Так працягвалася да таго моманту, пакуль п'яны кіроўца не ўехаў у двор дома па вуліцы Гданьскай. І тут, нягледзячы на вышэйзгаданыя «ўсяго 100 метраў», не абышлося без здарэння: «Мазда», здаючы назад, ударыла «Опель», які знаходзіўся на стаянцы. А што ж віноўнік аварыі? Можа, збянтэжыўся, што прычыніў шкоду іншаму чалавеку? Не, ён выйшаў са сваёй машыны і накіраваўся дахаты. Аднак Аляксандр перагарадзіў яму шлях сваім мікрааўтобусам. Якраз у гэты момант прыбыў нарад Дзяржаўтаінспекцыі. Застолле з шампанскім было адменена. А медыцынская экспертыза паказала, што ўтрыманне алкаголю ў арганізме затрыманага больш чым у 7 разоў перавышала максімальна дапушчальнае.

Вось такая сітуацыя, у якой адзін чалавек груба ігнаруе нормы жыцця ў грамадстве, а другі лічыць сваім чалавечым абавязкам спыніць хама. Нічога надзвычайнага, ніякага гераізму — толькі разуменне, што інакш проста не павінна быць. Каб гэтае хамства не стварала небяспеку для ўсіх людзей, у тым ліку і дзвюх дачок Аляксандра. Гэта не гучныя словы. Бо колькі ўжо здарылася трагедый, калі п'яныя кіроўцы выязджаюць на дарогі і становяцца не проста парушальнікамі правілаў — забойцамі. Хаця іх хтосьці, пэўна, бачыў да ракавых наступстваў гэтых злачынстваў. Але не паспрабаваў спыніць, палічыў, што «мая хата з краю».

Гэта тычыцца не толькі процідзеяння п'яным кіроўцам. На жаль, і ў іншых сітуацыях у нас часта няма жадання рэагаваць на хамства так, як Аляксандр. І сваю абыякавасць заўсёды, безумоўна, можна чымсьці апраўдаць. Напрыклад, «няхай разбіраецца той, хто павінен па абавязку службы», ці «ў мяне свае праблемы, няма часу на іншае» альбо «не хачу кагосьці «закладваць». Такіх «прагматыкаў» нямала. Але, на шчасце, ёсць і іншыя жыццёвыя прынцыпы.

Праз некалькі дзён пасля таго, як Аляксандр не дазволіў застацца беспакараным п'янаму кіроўцу, у Гродне затрымалі чарговага парушальніка — 24-гадовага дарожнага рабочага. Са сваім знаёмым ён ездзіў у краму па гарэлку... на экскаватары, не маючы нават права кіраваць гэтым транспартным сродкам. У ДАІ паступіў званок ад чалавека, які ўбачыў моцна нецвярозага маладога чалавека, што потым і пацвердзілася. А неўзабаве, зноў жа дзякуючы паведамленню неабыякавага чалавека, нарад Дзяржаўтаінспекцыі спыніў яшчэ аднаго п'янага кіроўцу.

Дарэчы, дзеянні Аляксандра атрымалі аднадушную падтрымку ў водгуках на сайце Гродзенскай абласной ДАІ:

— Правільна зрабіў, сапраўдны Чалавек!

— Нізкі табе паклон і ўдзячнасць за гэты ўчынак. Я вельмі добра ведаю, што такое смерць дзіцяці...

Барыс ПРАКОПЧЫК

Да тэмы:

Людзі, якія дазваляюць сабе сесці за руль у нецвярозым стане, караюцца цяпер па ўсёй строгасці закона. Вось, напрыклад, якія санкцыі прымяніў да аднаго з іх суд Ленінскага раёна Гродна. У 2012 годзе «п'яная» паездка каштавала чалавеку буйнога штрафу і пазбаўлення права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Не падзейнічала — арышт на 3 месяцы, штраф у памеры 150 базавых велічынь, канфіскацыя ў даход дзяржавы аўтамабіля, якім ён кіраваў, ды яшчэ прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.