Вы тут

Міхаіл Жураўкоў: "Праблема "каменданцкай гадзіны" - надуманая"


"Ці не лічыце вы анахранізмам захаванне рэжыму пропуску ў студэнцкія інтэрнаты да 24 гадзін, і што перашкаджае зрабіць для жыхароў інтэрнатаў кругласутачны допуск?" - пацікавіліся студэнты ў міністра адукацыі Міхаіла ЖУРАЎКОВА падчас яго сустрэчы са студэнцкім прафсаюзным актывам, што прайшла на базе Белдзяржуніверсітэта.

14-37

14-37

 

Яшчэ раней студэнты ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» стварылі адкрытую групу «Інтэрнаты 24 гадзіны», дзе размясцілі зварот да Міхаіла Жураўкоўва ад імя больш як 2 тысяч студэнтаў: «...Мы хочам канструктыўнага дыялогу, а не канфлікту. Калі ласка, адмяніце дзейныя абмежаванні на доступ у студэнцкія інтэрнаты ноччу... Авансам кажам «дзякуй!»

Студэнты сцвярджаюць, што ў многіх інтэрнатах дзейнічае забарона на кругласутачны ўваход у інтэрнат для тых, хто там пражывае. І калі студэнт не паспеў вярнуцца да пэўнага часу, то ён рызыкуе застацца на вуліцы. «Здаецца, няма такога чалавека, які жыў у інтэрнаце і ніколі пры гэтым не трапляў у сітуацыю, калі да зачынення дзвярэй некалькі хвілін, і ты як шалёны спрабуеш паспець дайсці, дабегчы, даляцець, тэлепартавацца да вахты своечасова. А самыя тыповыя прыклады: студэнт вымушаны правесці паўночы на вакзале з-за позняга цягніка альбо проста пад сценамі інтэрната халоднай раніцай пасля начной дыскатэкі і пусцяць цябе ў цёплае памяшканне ці не — усё ўпіраецца ў прынцыповасць і чалавечнасць вахцёра ды тое, наколькі моцна ён спіць», — пішуць студэнты ў сацыяльнай сетцы. «А што рабіць тым, хто ў вячэрні час працуе?» — пытаюцца яны ў кіраўніка ведамства.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў лічыць праблему так званай «каменданцкай гадзіны» ў студэнцкіх інтэрнатах надуманай.

— Студэнтаў пускаюць у інтэрнаты і пасля 12 гадзін ночы; адзінае, што патрабуецца ад жыхароў інтэрната, — гэта праінфармаваць вахцёра пра тое, што яны будуць позна, і запісацца ў журнал, каб той ведаў, каго і калі чакаць, — тлумачыць Міхаіл Жураўкоў. — Гэта, на маю думку, нармальная практыка. Калі вы сыходзіце з дома і ведаеце, што вернецеся позна або ўвогуле не вернецеся начаваць, вы ж папярэджваеце пра гэта сваіх бацькоў? А на час вучобы ў іншым горадзе адказнасць за студэнтаў нясём мы, і, не прывядзі Бог, калі што-небудзь здарыцца з кім-небудзь з маладых людзей, як тады глядзець у вочы іх бацькам?

Што вы прапануеце: каб дзверы ў інтэрнат былі адчыненыя насцеж круглыя суткі? Каб туды мог увайсці бесперашкодна любы ахвотны? Напэўна, усё ж такі трэба прытрымлівацца нейкіх правілаў.

Мяркую, што некаторыя з тых, хто не хоча папярэджваць аб сваім познім вяртанні ў інтэрнат, ведаюць, што прыйдуць не зусім цвярозымі, і не жадаюць, каб іх бачылі ў такім выглядзе. А са студэнтамі, якія працуюць, я лічу, увогуле праблем не павінна быць. Як іх могуць не ўпусціць у інтэрнат, калі ведаюць, што чалавек працуе? Хіба што толькі справа ў каменданце, які такім чынам праяўляе або сваю залішнюю стараннасць, або хоча прадэманстраваць сваю ўладу...

«У такім разе ўсё ў вашых руках: выстаўляйце дзяжурыць па начах студэнтаў, якія будуць замест сну адчыняць/зачыняць дзверы сваім сябрам. Іншая справа — ці спадабаецца ім гэта? Няхай студэнцкі прафсаюз возьме інтэрнаты пад свой асабісты патранаж і прымае самы непасрэдны ўдзел у падтрыманні ў інтэрнатах парадку...», — прапанаваў прафсаюзным актывістам міністр.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.