Вы тут

Падмурак прававой сістэмы


Значэнне Канстытуцыі ў любой дзяржаве такое вялікае, што сам факт яе прыняцця ацэньваецца як крок да дэмакратыі, да палітычнай і сацыяльнай стабільнасці

15 сакавіка 1994 года — гістарычная падзея для беларускага народа і яго дзяржавы. Яна адкрыла новую эпоху ў іх развіцці, стала сімвалам якаснага змянення беларускай дзяржаўнасці. У гэты дзень была прынята новая Канстытуцыя — Асноўны закон.

14-421

14-421

 

Канстытуцыя як найважнейшы палітыка-прававы дакумент, найвышэйшы акт народаўладдзя юрыдычна аформіла якасна новую сістэму дзяржаўнасці, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя перамены, якія адбыліся ў дзяржаве і грамадстве. На думку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Канстытуцыя «служыць надзейным арыенцірам дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на стварэнне эфектыўнай эканомікі, забеспячэнне сацыяльнай абароны і дабрабыту насельніцтва, беражлівыя адносіны да традыцый і каштоўнасцяў беларускага народа». Яна адпавядае патрабаванням часу, патрэбам палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага жыцця.

Замацаваныя ў Канстытуцыі прынцыпы і нормы гарантуюць стабільнасць канстытуцыйнага ладу і прававой сістэмы, закліканай ствараць умовы для існавання і належнага функцыянавання сацыяльных інстытутаў, забяспечваць правапарадак у грамадстве, цывілізаваныя адносіны паміж яго членамі. Адлюстроўваючы прынцыпы і палажэнні Канстытуцыі, прававая сістэма выступае ў якасці адной з найважнейшых і эфектыўных сістэм сацыяльнай інтэграцыі і сацыяльнага кіраўніцтва грамадскімі працэсамі і розных відаў дзейнасці.

Самай важнай арганічнай часткай прававой сістэмы, яе ядром з'яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Валодаючы найвышэйшай юрыдычнай сілай, яна займае пануючае становішча ва ўсёй прававой сістэме, аказвае канстытуцыйнае ўздзеянне на ўсе яе элементы, з'яўляецца магутным праваўтваральным фактарам у працэсе прамога дзеяння яе нормаў, а таксама выступае ў якасці нарматыўнага і каштоўнаснага арыенціра ўсяго заканатворчага працэсу.

Нормы Канстытуцыі дзейнічаюць прама, непасрэдна, з'яўляюцца першаснымі, зыходнымі, асноватворнымі для ўсіх галін права, валодаюць вяршэнствам, найбольшай стабільнасцю, забяспечваючы ўстойлівасць палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага жыцця. Канстытуцыя ўяўляе сабой адзіную прававую гарантыю забеспячэння стабільнасці прававой сістэмы, вызначае прынцыпы і межы яе развіцця.

Канстытуцыя складае падмурак ўсёй сістэмы заканадаўства, адыгрывае вызначальную ролю ў яе развіцці, прадугледжвае механізм прымянення нарматыўных прававых актаў у адпаведнасці з прынцыпам вяршэнства права (артыкул 7). Канстытуцыйная формула, якая прадпісвае выданне законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых актаў дзяржаўных органаў на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй (артыкул 137), вызначае жорсткую меру звязанасці паміж канстытуцыйнымі нормамі і палажэннямі прававых актаў, выступае няўхільным, найважнейшым патрабаваннем канстытуцыйнасці нарматворчай дзейнасці.

Канстытуцыя Беларусі замацавала якасна новы этап народаўладдзя, яго каштоўнасці, а таксама рэальную ўладу народа, пра якую стагоддзямі марылі вядомыя беларускія асветнікі і паэты. Народ як крыніца дзяржаўнай улады і носьбіт суверэнітэту ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй. Такім чынам, Канстытуцыя з'яўляецца асновай і аб'ектыўнай мяжою дэмакратыі, за якую яна не можа выходзіць без шкоды для канстытуцыйна-прававой бяспекі.

Артыкул 1 Канстытуцыі змяшчае мадэль развіцця Рэспублікі Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Максімальнае набліжэнне да гэтай мадэлі, да «дасканалага» грамадства магчыма толькі праз захаванне ўсімі Канстытуцыі, фарміраванне якой адказвае яе сутнасці правапрымяняльнай практыкі, забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, добрасумленнае, адказнае выкананне апошнімі сваіх канстытуцыйных абавязкаў. У гэтай справе вельмі важная роля канстытуцыйнага кантролю, які ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь і спрыяе ўдасканаленню нацыянальнай прававой сістэмы, фарміраванню дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы і ў першую чаргу — абароне правоў, свабод і законных інтарэсаў чалавека і грамадзяніна. Канстытуцыйны Суд у адным са штогадовых пасланняў аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь адзначыў, што дэмакратыя і вяршэнства права — дзве ўзаемаабумоўленыя і ўзаемазвязаныя канстытуцыйныя каштоўнасці. З дэмакратыяй, заснаванай на Канстытуцыі, звязана рэалізацыя такіх канстытуцыйных каштоўнасцяў, як законнасць, роўнасць, справядлівасць, правы і свабоды чалавека.

Як вядома, Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыйны Суд, нароўні з іншымі паўнамоцтвамі, надзелены паўнамоцтвам ажыццяўляць абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці ўсіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Пры ацэнцы канстытуцыйнасці нормаў законаў у парадку абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйны Суд зыходзіць з прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі, выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу нормаў, якія правяраюцца, у тым ліку з улікам агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, што знаходзіць адлюстраванне ў яго прававых пазіцыях.

У 2008—2015 гадах у парадку абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйным Судом ажыццёўлена праверка канстытуцыйнасці 724 законаў, уключаючы шэсць кодэксаў.

За ўвесь перыяд сваёй дзейнасці Канстытуцыйным Судом прынята звыш 1200 рашэнняў, у тым ліку ўнесена ў дзяржаўныя нарматворчыя органы больш за 200 прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства.

Наша Канстытуцыя змяшчае велізарны патэнцыял для фарміравання сапраўды народнай суверэннай дэмакратычнай прававой дзяржавы з канстытуцыйнай эканомікай, развіцця чалавека, усіх сфер жыццядзейнасці.

Надзеі і чаканні, спароджаныя Канстытуцыяй у нашай свядомасці, не заўсёды могуць рэалізавацца адразу і ў поўнай меры. Нягледзячы на гэта, усе мы адзіныя ў наступным: Дзень Канстытуцыі — гэта па сутнасці Дзень дэмакратыі, а роўна і Дзень суверэннай беларускай дзяржаўнасці.

Анатоль ЦІКАВЕНКА, суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».