Вы тут

Пайшлі на другі круг


Падведзены вынікі першага круга работы «прамых ліній» з кіраўніцтвам Гомельскага аблвыканкама. Сем тэлефонных сустрэч старшыні Уладзіміра Дворніка і яго намеснікаў з людзьмі па суботах — 315 афіцыйных зваротаў.

— Мы прааналізавалі ўсе дыялогі, — адзначае начальнік аддзела па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Аляксандр Логвін. — Кожны шосты зварот вырашаны станоўча.

Насельніцтва актыўна выкарыстоўвае гэтую форму работы ўлады, каб вырашаць свае праблемы. Традыцыйна больш за ўсё зваротаў тычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі: добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонту жылля, развіцця водазабяспячэння, газіфікацыі... Людзей хвалююць пытанні сацыяльнай сферы: прызначэнне пенсій і дапамог, медыцына, адукацыя, транспарт, гандаль. Адно з самых балючых пытанняў — дарогі. Іх рамонт і ўтрыманне патрабуе мільярдных затрат, таму аднамомантна немагчыма ўсё зрабіць. Графікі рамонту дарог ёсць у кожным райцэнтры. Пры гэтым сацыяльны стандарт — 70 % асфальтаванага пакрыцця ў райцэнтрах — выконваецца. Мясцовыя ўлады знаходзяць магчымасць для грэйдзіравання многіх вуліц, правядзення ямачнага рамонту.

Самыя спрэчныя пытанні, як звычайна, тычацца землекарыстання. І ўсё ж асноўная частка, прыкладна 65-70 % — гэта кансультацыі, якія грамадзяне хочуць пачуць менавіта ад першых асоб Гомельшчыны. Напрыклад, як скарыстацца льготным крэдытам, ці правільна налічаны кошт прыватызацыі і г.д. Людзі атрымліваюць тлумачэнні не толькі падчас самога тэлефанавання, але і пасля — на працягу 15 дзён у пісьмовым выглядзе. Аляксандр Логвін адзначае: праблемы, якія нельга вырашыць імгненна па аб'ектыўных прычынах (іх каля 20%), узяты на далейшы кантроль.

— Як паказвае практыка, у далейшым вялікая колькасць гэтых кантрольных зваротаў вырашаецца станоўча. Разам з тым станоўча вырашаныя пытанні адносяцца ў большасці да кампетэнцыі мясцовых органаў улады. Я раіў бы жыхарам нашай вобласці часцей звяртацца на тыя тэлефонныя лініі, якія праводзяцца ў райвыканкамах. Тым больш, мы туды накіроўваем звароты, якія адносяцца да іх кампетэнцыі. Мясцовай уладзе трэба падымаць свой аўтарытэт менавіта вырашэннем праблем людзей.

Між тым, адзначае Аляксандр Мікалаевіч, палова прынятых тэлефанаванняў — ад жыхароў абласнога цэнтра. Самай незвычайнай ён лічыць прапанову аб арганізацыі ласінай фермы на Палессі.

Па просьбе жыхароў вёскі Бялёў Жыткавіцкага раёна Марохараўскім сельсаветам вызначана месца, дзе з вясны будзе пасвіцца свойская жывёла.

Зрабіць асвятленне вуліц прасілі жыхары Навабеліцкага раёна Гомеля, а таксама райцэнтраў Ветка, Лоеў і вёскі Уза Гомельскага раёна, што і было выканана ў кароткі тэрмін.

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Івану Філімонавічу Сулкоўскаму з Жыткавіч сацыяльнай службай аказана матэрыяльная дапамога ў памеры Br2 млн, і да таго ж устаноўлены дамафон у яго кватэры.

Зроблены дадатковы пункт прыпынку грамадскага транспарту ў Клёнкаўскім мікрараёне Гомеля, што стала вельмі зручна для людзей.

Пасля зваротаў на прамыя тэлефонныя лініі было працаўладкавана некалькі грамадзян Украіны.

Аляксандр Логвін адзначае, што тыя абгрунтаваныя паўторныя звароты, якія на першапачатковым этапе не былі разгледжаны належным чынам, аўтаматычна прыводзяць да прыцягнення да адказнасці тых, ад каго залежала іх вырашэнне:

— Мы летась прыцягнулі да адказнасці 236 дзяржслужачых, у мінулым месяцы — пяць старшынь райвыканкамаў пакараны. Гэта прыносіць плён, бо праз кароткі час там наладжваецца работа са зваротамі грамадзян.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».