Вы тут

Еўрапейская бяспека: ці ёсць механізм?


10 сакавіка Расія афіцыйна абвясціла аб прыпыненні свайго ўдзелу ў Сумеснай кансультатыўнай групе (СКГ) па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ). Каб зразумець значэнне гэтага кроку, трэба звярнуцца да гісторыі пытання.

Дагавор быў падпісаны ў лістападзе 1990 года ў Парыжы. Галоўнай яго мэтай было ўсталяванне балансу сіл дзвюх самых магутных груповак у Еўропе — НАТА і Арганізацыі Варшаўскага дагавора, які не дазволіў бы ніводнаму з бакоў мець сур'ёзную перавагу над іншым, гэтым гарантуючы мір у Еўропе. Па асноўных відах узбраенняў — танках, баявых браніраваных машынах, самалётах, артылерыі і ўдарных самалётах былі ўстаноўлены абмежаванні. Уся ваенная тэхніка, якая знаходзілася ў распараджэнні двух блокаў звыш устаноўленых лімітаў, падлягала ліквідацыі на працягу сарака месяцаў. На момант дасягнення пагаднення дагавор разглядаўся многімі як сапраўды эфектыўная мера па прадухіленні сутыкнення груповак паміж сабой. Але ўжо ў 1991 годзе Арганізацыя Варшаўскага дагавора спыніла сваё існаванне, а праз некалькі гадоў усе былыя ўдзельнікі АВД, акрамя СССР і ГДР, якія перасталі існаваць, пачалі падрыхтоўку да ўступлення ў НАТА і пасля сталі членамі гэтага блока. У НАТА ўступілі і тры былыя рэспублікі СССР — Літва, Латвія і Эстонія. Сфарміравалася новая сістэма дзвюх самых магутных груповак у Еўропе, адной з якіх стаў рэзка ўзмацнелы
НАТА, а другой — Расійская Федэрацыя са сваімі саюзнікамі, у тым ліку і Беларуссю.

Такое змяненне балансу сіл у Еўропе выклікала спробу змяніць ДЗУСЕ, каб дагавор у большай ступені адпавядаў новым рэаліям. Таму на саміце АБСЕ ў Стамбуле 19 лістапада 1999 года было падпісана Пагадненне аб адаптацыі, у рамках якога абавязацельствы бакоў па лімітах узбраенняў былі ўдакладнены. А каб адысці ад блокавага супрацьстаяння, было вырашана распісаць абавязацельствы па відах узбраенняў асобна для кожнай еўрапейскай краіны, што ўдзельнічае ў ДЗУСЕ.

Нягледзячы на тое, што абавязацельствы па новым Пагадненні ў працэсе перамоваў былі ўзгоднены ўсімі краінамі-ўдзельніцамі, далей стала адбывацца нешта, на першы погляд, незвычайнае. У той час як Беларусь, Казахстан і Расія ратыфікавалі дасягнутае Пагадненне, краіны-ўдзельніцы НАТА сталі сабатаваць вынікі дамоўленасцяў. Іх незвычайныя паводзіны цалкам вытлумачальныя — адчуваючы ваенную перавагу ў новай сітуацыі на сваім баку, НАТА не жадае звязваць сябе ніякімі дамовамі па звычайных узбраеннях у Еўропе. А гэта наводзіць на сумныя разважанні пра тое, што мір у Еўропе больш крохкі, чым хацелася б.

І Расія, і Беларусь неаднаразова выказвалі сваю заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася. На жаль, шматлікія спробы падштурхнуць краіны-ўдзельніцы НАТА да ратыфікацыі пагаднення да поспеху не прывялі. Не спрыяе гэтаму і тое, што шэраг новых краін-членаў НАТА наогул адмовіўся далучацца да дагавора і ўсталёўваць для сваіх армій якія-небудзь абмежаванні. Пры гэтым фармальнай адгаворкай для краін НАТА пра нежаданне ратыфікацыі новай версіі дакумента аб звычайных узбраеннях служыць прысутнасць расійскіх узброеных сіл на тэрыторыях Прыднястроўя, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

У ліпені 2007 года Расія абвясціла аб прыпыненні ўдзелу ў ДЗУСЕ. З гэтай прычыны ў дачыненні да яе сталі немагчымыя інспекцыйныя паездкі па выкананні ўмоў дамовы, якія да гэтага рэгулярна праводзіліся.

На фоне падзей 2014 года на ўкраінскай тэрыторыі Расія прыступіла да далейшых крокаў па адмове ад удзелу ў ДЗУСЕ. Напрыканцы мінулага года міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў пра смерць гэтага дагавора. Таму рашэнне 10 сакавіка 2014 года аб прыпыненні расійскага ўдзелу ў Сумеснай кансультатыўнай групе па ДЗУСЕ не выглядае нечаканым. Пры гэтым Расія звярнулася да Рэспублікі Беларусь з просьбай у далейшым прадстаўляць яе інтарэсы ў СКГ. Згода беларускага боку была атрымана.

Што тычыцца рэакцыі краін НАТА на дзеянні Расіі, то яна была агучана генеральным сакратаром НАТА Енсам Сталтэнбергам ужо на наступны дзень падчас прэс-канферэнцыі ў Бруселі: «Мы расчараваныя рашэннем Расіі прыпыніць удзел у рабоце групы. Кансультацыі па пытаннях скарачэння ўзбраенняў важныя».

На самай справе важная, вядома ж, негатоўнасць кансультавацца па пытаннях скарачэння ўзбраенняў, а імкненне стварыць надзейны механізм па бяспецы ў Еўропе, які будзе выконвацца ўсімі краінамі-ўдзельніцамі. На жаль, ДЗУСЕ такім механізмам быць відавочна перастаў. І нічога не сведчыць пра тое, што ў бліжэйшыя гады будзе створаны новы эфектыўны механізм. У прыватнасці, заклікі Расіі весці далейшы дыялог аб кантролі над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе ў новым фармаце па зразумелых на фоне ўкраінскага крызісу прычынах у краін-членаў НАТА ніякага энтузіязму не выклікалі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».