Вы тут

Без чалавечнасці не будзе вечнасці


...Газету «Звязда» я выпісваю даўно. Не раз хацела і напісаць — пра тую ж крынічку, што цячэ ў канцы агарода, пра фотарэліквіі майго бацькі-франтавіка альбо нават апавяданне на конкурс. Але ж зараз, як мне здаецца, больш патрэбна іншае, многіх хвалюе пытанне: чаму сучасныя дзеці сядзяць у камп'ютарах, чаму яны не хочуць чытаць?

Я ў мінулым — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Хачу падзяліцца ўласным досведам работы па развіцці цікавасці да чытання і, у прыватнасці, да твораў народнага пісьменніка Васіля Быкава, бо значэнне яго творчасці для выхавання моладзі пераацаніць цяжка. Асабліва ў наш час, калі фашызм зноў падымае галаву, калі рвуцца снарады, калі гінуць людзі. Не менш важна да таго ж аддаць даніну павагі гэтаму чалавеку і пісьменніку, воіну-франтавіку перад 70-годдзем Перамогі...

14-23

Наша захапленне творамі Васіля Быкава пачалося з «Трэцяй ракеты», самай аўтабіяграфічнай аповесці. Ёю я захапілася спачатку сама. Перачытала, здаецца, усё і пра гэты твор, і пра яго аўтара. Расказала дзецям. Сталі чытаць аповесць разам — і не толькі на ўроках, але і ў пазакласны час. Магчымасць такая была, бо я працавала тады ў Буйнавіцкай санаторна-лясной школе-інтэрнаце і жыла вельмі блізка.

Так што па вечарах дзеці прыходзілі ў кабінет літаратуры, і мы разам гарталі самыя хвалюючыя старонкі аповесці. Нават плакалі, калі чыталі пра тое, як немцы клалі людзей у глыбокія каляіны і пускалі па іх бронетранспарцёры...

Пасля правялі ўрок пазакласнага чытання па «Трэцяй ракеце», дзе гучалі паведамленні пра Быкава-чалавека, мастака, воіна. Асабліва ўзрушыла дзяцей франтавая біяграфія пісьменніка, падзеі, калі Быкаў-лейтэнант быў на мяжы жыцця і смерці, а бацькі будучага пісьменніка нават атрымалі пахавальны ліст на сына, што паслужыла фабулай для напісання аповесці «Мёртвым не баліць».

Былі на ўроках і выставы кніг, і малюнкі дзяцей, і віктарына па творчасці пісьменніка...

Потым мы адкрывалі для сябе іншыя творы Быкава. Збіраліся, як і звычайна, у вольны час, разам чыталі, абмяркоўвалі, недзе спрачаліся... Разам з героямі пісьменніка мы, вучні і настаўніца, ваявалі з бесчалавечнасцю і здрадай на перадавой, разам з Глечыкам («Жураўліны крык») гінулі на пераездзе, з Іванам Цярэшкам ратавалі італьянскую дзяўчыну Джулію («Альпійская балада»), разам з Іваноўскім паміралі на дарозе («Дажыць да світання»), штурмавалі вышыню («Праклятая вышыня»), згаралі ў хаце разам са Сцепанідай («Знак бяды»), разам з Кацяй Шчарбак беглі па замініраваным полі («Мёртвым не баліць»), з Сотнікавым стаялі пад шыбеніцай («Сотнікаў»)...

Я адчувала, бачыла, як творы пісьменніка «пераносяць» дзяцей у акопы, на лініі фронту, як яны «робяць» іх байцамі, дазваляючы спазнаваць боль, набірацца мужнасці альбо пагарды да здраднікаў, нянавісці да вайны.

Паступова такія гучныя чытанні сталі агульнашкольнымі.

А потым былі вечары і канферэнцыі па творах, прагляды кінафільмаў. Вельмі многія з твораў Быкава экранізаваны. Таму школа стала замаўляць іх у раённай фільматэцы, разам глядзець«Узыходжанне» Ларысы Шапіцькі па аповесці «Сотнікаў», «Альпійскую баладу» Барыса Сцяпанава, «Трэцюю ракету» і «Абеліск» Рычарда Віктарава, «Знак бяды» Міхаіла Пташука, «Доўгія вёрсты вайны» Аляксандра Карпава і іншае. Мы абмяркоўвалі фільмы, але гэта былі не звычайныя абмеркаванні.

За гады працы ў школе я пераканалася, што кіно выклікае ў школьнікаў жаданне чытаць і задумвацца над прачытаным, аналізаваць, параўноўваць тое, што ўбачылі, з тым, што чыталі. Дзеці любяць шукаць супадзенне кнігі з фільмам, але ж значна лягчэй ім даецца пошук адрозненняў. Яны заўсёды здзіўляюцца і пытаюцца: чаму ў кінафільме нешта не так, як у літаратурным творы?

І вось тут ужо настаўніку даводзілася трымаць адказ, праяўляць сваю эрудыцыю, чытаць і перачытваць — як сам твор, так і ўсё, што можна было знайсці, да гэтага ж заахвочваць і дзяцей: вучні пачыналі шукаць інфармацыю, сачыць за друкам, за тэлеперадачамі...

14-24

Але ж і пасля гэтага ў іх, асабліва старшакласнікаў, заставаліся пытанні, адказаць на якія мог хіба што аўтар.

Праз Саюз пісьменнікаў мы знайшлі адрас Васіля Уладзіміравіча і напісалі яму пра сваю цікавасць да яго твораў, пра сваю работу над імі, папрасілі нешта патлумачыць. Ведалі, што пісьменнік вельмі заняты, шмат піша, працуе, ездзіць, займаецца грамадскай дзейнасцю. Але ж адказу ўсё роўна чакалі...

І вось у дзень нараджэння пісьменніка падбягаюць мае вучні — узрушаныя, усхваляваныя:

— Паказваюць фільм пра Быкава, пра яго родную вёску... А давайце туды паедзем!

Што я магла адказаць?

— Паедзем...

Але ж дзе ўзяць грошы, транспарт?!.

Хто шукае, той сапраўды знаходзіць, хто грукае, таму адчыняюць. Нашы старшакласнікі дапамаглі шэфам (раённай «Сельгастэхніцы») у зборы металалому, прыборцы тэрыторыі... Шэфы ім аддзячылі тым, што далі аўтобус.

Гэта было незабыўнае падарожжа! Днём мы ехалі, ноччу спалі ў палатках.

І вось мы ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Тады жыла яшчэ маці Васіля Уладзіміравіча Ганна Рыгораўна, яго брат Мікалай, братавая Антаніна. Дзень быў гарачы, сенакосны. Але ж мы выслухалі расказы родных, паглядзелі фотаздымкі ў сямейным альбоме (сярод іх былі і франтавыя), убачылі хатку, дзе нарадзіўся пісьменнік (гэта цяпер там музей). Папрасілі паказаць і пахавальны ліст, што прыйшоў у сям'ю, але на той час ён недзе згубіўся...

Вядома ж, нам вельмі хацелася сустрэцца і з самім творцам. У нас быў дамашні адрас Васіля Быкава. І хоць няёмка было турбаваць такога чалавека (а тым больш пасля аперацыі), я пазваніла... Адказала мне Ірына Міхайлаўна Быкава і...

Цуды такі здараюцца: на беразе Мінскага мора адбылася сустрэча.

Васіль Уладзіміравіч быў просты, засяроджаны, сур'ёзны. Дзеці, заўсёды такія гаваркія і вясёлыя, сядзелі ціха, глядзелі, што называцца, ва ўсе вочы і быццам ім жа, уласным вачам, не дужа верылі: перад імі быў той самы Васіль Быкаў!

Ён распытваў пра нашу школу, жыццё, адказваў на пытанні. Дзяцей найбольш цікавіла гісторыя стварэння аповесці «Мёртвым не баліць».

А напрыканцы сустрэчы былі падарункі, кнігі з аўтографамі на памяць.

Для некага, магчыма, гэта не стала б нечым надзвычайным... А вось для мяне, для вучняў... Шчасце было бачыць пісьменніка такога ўзроўню, слухаць яго, размаўляць з ім. Дзеці адчувалі сябе на сёмым небе — нават потым, пасля вяртання! Да таго ж Васіль Уладзіміравіч абяцаў прыехаць да нас.

Ён стрымаў сваё слова: месяца праз паўтара гэта сталася. Васіль Уладзіміравіч і Ірына Міхайлаўна завіталі ў школу, былі ўражаны нашымі дзецьмі, людзьмі, Мазыром, Палессем.

...Потым на кожным уроку літаратуры, на факультатывах я старалася пакінуць час, каб расказаць пра новыя творы Васіля Быкава, каб заахвоціць да іх прачытання. Напэўна, таму ў раённым конкурсе сачыненняў «Вайна вачамі дзяцей
ХХІ стагоддзя» мае вучні занялі 1-е месца. Па 3-4 мае выпускнікі ішлі на беларускі факультэт — добра здавалі літаратуру і паступалі. Я лічыла гэта і сваёй удачай таксама, бо цікавасць да беларускай літаратуры развівала менавіта праз творы Васіля Быкава. А значыць, гэта было і яго ўдачай!

Працягвалася і наша ліставанне з пісьменнікам. Васілю Уладзіміравічу мы пісалі пра ўсё. Памятаю, рыхтуючыся да яго
70-годдзя, зрабілі 5 карцін-ілюстрацый з саломкі «Франтавыя дарогі Васіля Быкава» і падарылі яму ў знак нашай удзячнасці, бо, чытаючы яго творы, заўсёды сілкаваліся добрай, мудрай энергіяй, якая так неабходна чалавеку — асабліва ў найбольш адказныя перыяды яго жыцця.

Да таго ж знаёмства з ім, яго творчасцю вымушала (і вымушае!) быць чысцейшымі, дабрэйшымі, непрымірымымі да подласці, здрады, эгаізму. У гэтым сэнсе кожны твор пісьменніка звернуты да нашых дзён і будучыні. Ён нагадвае нам, якім павінен быць чалавек, напамінае пра сапраўдныя каштоўнасці і маральныя прынцыпы: без іх само жыццё страчвае сэнс.

Аўтар і яго героі звяртаюцца да нас з заклікам: не забываць! Не забываць тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе з ворагам. Не забываць, што, каб адолець фашызм, патрэбна не толькі сіла зброі, але і сіла чалавечнасці, якую нельга выхаваць без кніг.

Наталля Паўлаўна ФІЦНЕР.

Фота з сямейнага архіва,

вёска Буйнавічы, Лельчыцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.