Вы тут

Ода зайздрасці


— Напішы дэтэктыў! — ці то жартам, ці то ўсур'ёз папрасіла неяк дачка.

Ну як я напішу той дэтэктыў, калі не ведаю ні спецыфікі работы праваахоўных органаў, ні кодэкса крымінальнага... наогул нічога па гэтай тэматыцы! Нават калі б і паспрабаваў — лухта б поўная ў мяне атрымалася, а не дэтэктыў! Лухта і халтура!

Пісаць трэба альбо пра тое, што вельмі добра ведаеш, альбо пра тое, чаго не ведае ніхто. Добра ведаю я школьнае жыццё, але пісаць аб гэтым вялікія творы не хачу. Таму і пішу... фантастыку: тое, пра што ніхто (акрамя мяне, вядома ж!) не ведае...

Ну, а калі сур'ёзна, ёсць у мяне адзін літаратурны твор пра школу. Не адзін нават, а тры ўзаемазвязаныя паміж сабой вершы (так званы трыпціх). Напісаў я яго «белым» вершам і зараз хачу вынесці на суд чытачоў.

Вучань зайздросціў настаўніку...

1

Спісваючы кантрольную

У суседзяў то справа, то злева,

Вучань з апошняй парты

Сумна глядзеў на настаўніка...

Вучань зайздросціў настаўніку —

Як яму добра жывецца!

Не трэба пісаць кантрольных,

Не трэба зубрыць тэарэм

І формул незразумелых...

(Няхай на іх ліхаманка!)

І ў бацькі не трэба грошай

Кленчыць на кожную дробязь,

І слухаць штодня папрокі

За дзённік альбо за сшыткі...

І можна гуляць дзе хочаш,

З кім хочаш, дакуль пажадаеш,

Бо ты — чалавек дарослы

І сам гаспадар свайго лёсу!

2

Стоячы каля дошкі,

Крэйду ў руках трымаючы,

Настаўнік глядзеў на вучняў...

Настаўнік зайздросціў вучням —

Як жа ім добра жывецца!

Ніякіх табе праверак,

Вымоў, тэматычных планаў,

Ніякіх грашовых клопатаў —

Хай гэта бацькоў хвалюе!

Паўдня прасядзіш за партай —

І можаш рабіць што хочаш...

А тут вавёркай круціся —

І тое, і гэта трэба!

За газ заплаціць, за кватэру,

Суседзям аддаць пазычку,

І жонцы патрэбны боцікі,

І дзеці з адзення выраслі,

А грошай зноў не хапае...

І мары юнацкія... Дзе ж яны?

Нічога з іх не збылося...

Жыццё — паўсядзённыя клопаты...

Наперадзе ж толькі старасць!

3

Галодны аблезлы сабака

Ляжаў ля мокрага плота,

Лізаў перабітую лапу,

Глядзеў на школьныя вокны

І моўчкі зайздросціў людзям:

Як жа ім добра жывецца!

Генадзь Аўласенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.