Вы тут

Помнік ля дарогі


Жыхарка спаленай вёскі Ахоцічы клапоціцца пра тое, каб ніхто з яе землякоў, загінулых падчас вайны, не быў забыты

З моманту трагічных падзей прайшло больш за 70 гадоў, але Валянціна Русакевіч добра памятае прозвішчы амаль усіх сваіх аднавяскоўцаў, забітых немцамі. На помніку, які паставілі на ўскрайку вёскі за сродкі яе родных, 118 імён. Прычым болей за 20 з іх маюць непасрэднае дачыненне да сям'і гэтай жанчыны. І па кожным сэрца дагэтуль баліць.

14-22

Камінскіх расстрэльвалі на месцы

Русакевіч яна стала пасля вайны, а тады, у 1941-м, 8-гадовая Валечка насіла распаўсюджанае ў гэтых мясцінах прозвішча Камінская. У Ахоцічах і навакольных вёсках было шмат яе радні. У доме па суседстве, двор у двор, жыў дзед Віна (Вікенцій) разам з сям'ёй сына Сяргея. Яны, па сутнасці, і сталі першымі ахвярамі ў тым чорным спісе.

Вайна адразу падзяліла жыхароў вёскі на сваіх і чужых. Тыя, чужыя, данеслі немцам, што Сяргей раней вазіў чырвонага камандзіра і ў яго ёсць нейкая там «рацыя». Немцы прыйшлі да яго дамоў і забілі ўсіх — Сяргея, зусім яшчэ юную яго жонку Вольгу (да вайны яна скончыла 7 класаў), яе маці, якая прыбегла ратаваць дачушку, нават дзеда Віну. Старога катавалі так, што ў яго не засталося ніводнай цэлай костачкі, рукі і ногі трымаліся на адной скуры. Яго крыкі, ад якіх у жылах стыла кроў, чула, здавалася, уся вёска. А параненую Вольгу, якая павінна была неўзабаве нарадзіць, нелюдзі закідалі коўдрамі і падушкамі пасярод хаты і падпалілі.

З прыходам немцаў смерць надоўга прапісалася ў Ахоцічах. Пасля гвалту ў доме Камінскіх трое сыноў дзеда Віны пайшлі ў партызаны. І гэтае прозвішча стала фатальным для многіх іх родных. Цяжарную жонку старэйшага, Уладзіміра, немцы адразу ж расстралялі, а дваіх яго зусім яшчэ малых дзяцей завезлі ў Бабруйск. Адтуль яны больш не вярнуліся. Як і Віктар, бацька Валянціны Русакевіч. А ў 1943-м расстралялі і яе брата, непаўналетняга Мікалая.

— Гэта адбылося падчас адной з карных аперацый, — у старой жанчыны па твары цякуць слёзы, і яна нават не хавае іх. — У той дзень завязаўся бой паміж партызанамі і паліцаямі, хутка прыехалі немцы, пачалі шукаць сярод жыхароў родных партызанаў. Я з маці і малодшымі братамі хавалася ў лесе. А Мікалай быў на прымусовых работах. Калі ў вёсцы пачаўся шум, ён прыбег да хаты. Так яго і схапілі.

Дванаццаць чалавек, сярод якіх з дзяцей быў толькі Міколка, вывелі за вёску і паставілі каля прыгатаванай для іх ямы. Хлопчык, каб схавацца ад чорных дулаў аўтаматаў, закрыў твар рукамі. Свінцовая чарга прабіла наскрозь танюсенькія дзіцячыя далоні і схаваныя за імі вочы.

Мясцовым жыхарам пад страхам смерці забаранялася забіраць забітых. І толькі пад покрывам ночы яны змаглі наблізіцца да іх, каб на посцілках зацягнуць спачатку дамоў развітацца — і такім жа чынам даставіць на мясцовыя могілкі.

Праснакі з кавалкамі шкла

Расстрэлы мірнага насельніцтва перыядычна паўтараліся. Выратаваць сваіх дзяцей ад смерці Любові Камінскай (маці Валянціны Віктараўны) дапамагло толькі тое, што стараста выдаў ёй даведку на дзявоцкае прозвішча Ханяк. Камінскіх расстрэльвалі адразу ж. Але быць на валасок ад смерці ўсё роўна прыходзілася неаднойчы. Пасля таго, як арыштавалі мужа, Камінская з дзецьмі перабралася ў Селішча. Аднойчы зімовым вечарам на вёску наляцелі немцы. Жанчына схапіла малых і пабегла хавацца ў лес. Па іх стралялі, але яны выратаваліся. Усіх, хто застаўся ў вёсцы, спалілі разам з дамамі.

Чуткі, што неўзабаве вернуцца нашы, надавалі сілы жыць. Але чым бліжэй насоўвалася Чырвоная Армія, тым больш лютавалі немцы. Яны руйнавалі і палілі хаты, зганялі моладзь у Германію, расстрэльвалі мірных жыхароў. Схапілі і Любоў Камінскую з дзецьмі.

Разам з іншымі людзьмі іх пагналі кудысьці праз разбураныя вёскі. Родныя Ахоцічы было не пазнаць, ад спаленых хат засталіся адны коміны. Для дзяцей дарога была асабліва цяжкай. Валянціна з брацікам Віктарам вельмі адсталі ад калоны. І тое, што адзін з немцаў цярпліва ішоў разам з імі, а не расстраляў на месцы, таксама можна лічыць цудам. Жахлівае ўражанне выклікалі Выжары. Вёска нагадвала сабой прывід. Хаты стаялі цэлыя, а на вуліцах — ніводнага чалавека. Усіх яе жыхароў немцы сагналі ў канцлагер.

— Мы там пераначавалі, а раніцай на машынах нас павезлі ў Бабруйск, — успамінае Валянціна Віктараўна. — Там, у Чырвонай вежы, мы знаходзіліся каля 3 тыдняў. Кармілі нейкімі праснакамі з шалупіння ад грэчкі і проса, дзе трапляліся вялікія кавалкі шкла. І кожны дзень былі допыты. Маці апранала на мяне пінжак і загадвала падгінаць ногі, каб выглядаць меншай ростам. Баялася, каб мяне, як іншых дзяцей, не вывезлі ў Германію.

Аднойчы іх зноў пагрузілі на машыны і кудысьці павезлі. І нечакана паміж Кіраўскам і вёскай Гута адпусцілі. Любоў Камінская павяла сваіх дзяцей да маці ў Пацаву Слабаду. «Неўзабаве ў вёску прыйшлі чырвонаармейцы, і ў бабулінай хаце стала зусім цесна, — кажа Валянціна Русакевіч. — Сярод салдат, якія пасяліліся ў нас, была прыгожая маладзенькая медсястра. Аднойчы яна разам з байцамі адправілася ў Падрэчча «выбіваць» немцаў. Шмат нашых загінула, у тым ліку і тая дзяўчына. Прывезлі іх, як дровы на машыне, і пахавалі каля клуба.

Малю Бога, каб толькі не было вайны

На покуці чысценькай утульнай хаты Валянціны Русакевіч шмат абразоў. «Кожны дзень малюся, каб вайна нас абмінула, — кажа яна. — Плачу, калі бачу, што адбываецца ва Украіне. Бо ведаю, што гэта такое».

Акрамя ўспамінаў аб цяжкім, але шчаслівым даваенным дзяцінстве, у яе нічога не засталося. Нават фотакарткі бацькі. Ён паспеў паваяваць на фінскай вайне, і не было большай радасці, калі ён з яе вярнуўся. Маці ўжо і не спадзявалася ўбачыць яго жывым. Нават сына, які нарадзіўся пасля яго адыходу, назвала ў гонар бацькі. Але шчасце было нядоўгім. Чарговая вайна забрала яго назаўсёды. Дзе напаткала яго смерць, блізкія так і не даведаліся. І нават цяпер, калі ёй самой гадоў удвая больш, чым было любаму татачку, Валянціна Віктараўна гатова ахвяраваць многім, каб хоць хвілінку пабачыць яго. «Але ён чамусьці не прыходзіць нават у сне. Вось брата Міколку аднойчы сасніла. Толькі чамусьці не маленькім хлопчыкам, а ўжо дарослым мужчынам, з барадой».

Не менш трагічным быў і лёс мужа Валянціны Русакевіч Яўгена Лукіча. Некалькі гадоў таму ён пайшоў з жыцця. Жанчына паказала кнігу пра партызанаў, дзе ёсць фота яе мужа і яго братоў.

— У свёкра, якога немцы забілі за тое, што ён дапамагаў партызанам, было 4 сыны, усе яны ваявалі ў партызанскім атрадзе Храмовіча, — распавядае яна. — Але пасля таго, як загінуў старэйшы Анісім і быў паранены Максім, 15-гадовага Жэню адправілі на Вялікую зямлю. Маўляў, хай хоць нехта з братоў застанецца жывым. Падлетак пэўны час рабіў на адным з маскоўскіх заводаў патроны для фронту, а потым прыпісаў сабе лішні год і зноў пайшоў ваяваць. Яго накіравалі ў Японію.

Сваіх чатырох дзяцей Валянціна і Яўген Русакевічы выгадавалі неабыякавымі да памяці продкаў. Таму і помнік яны рабілі ўсе разам. Галоўным рэалізатарам ідэі і яе асноўным спонсарам стала Алена Галачалава, сваячка з Мінска.

— Аб гэтым помніку марыла яшчэ мая стрыечная сястра Надзея Камінская, родная цётка Алены, — кажа Валянціна Віктараўна. — Грошы на яго ўсё жыццё збірала.

Аб чым маўчаць вясковыя могілкі

Гэты помнік, нібы раскрытая кніга, вянчае невялікі самаробны пагорак на ўскрайку вёскі. «Ведалі б вы, колькі сіл прыйшлося пакласці на тое, каб яго ўзвесці, — уздыхае сын Валянціны Віктараўны Іван Русакевіч. — Аднаго толькі жвіру прывезена каля 20 машын. Я доўга думаў, як яго раўнаваць, а аднойчы бачу, прыпыняецца каля нашага дома трактар, і кіроўца ідзе да хаты. Папытаў, дзе мясцовыя могілкі. Я расказаў і напрамілуй Бог прасіў дапамагчы. Дзякуй яму, не адмовіўся.

Дарэчы, помнік — не адзінае месца, над якім шэфствуюць Русакевічы. Шмат забітых падчас вайны ляжыць і на могілках іншых вёсак.

— Мы з сынам і на віленскія ездзім, і на баравіцкія, — уздыхае Валянціна Віктараўна. — Там могілкі больш дагледжаныя. А вось у нас у Ахоцічах іх ніхто не чысціць. Прашу браценіка Максіма, каб абрэзаў кустоўе, і сама прыбіраю. Толькі цяжка мне ўжо, як-ніяк 82 гады.

Разам ідзём на ахоціцкія могілкі. Яны хаваюцца ў лесе; драўляная агароджа, якую ўстанавіў некалькі гадоў таму Кіраўскі райсавет, пакасілася і хутка зусім паваліцца. Шмат магіл безыменных. Больш за ўсё перажывае старая жанчына, што, калі яе не стане, ніхто не даведаецца, хто там пахаваны. Родныя расстраляных яшчэ ведалі іх імёны, але час ідзе, і тыя людзі таксама ўжо пайшлі з жыцця. Добра яшчэ, што старэйшы сын Іван, які жыве ў Бабруйску, дапамагае ў добрай справе. Вось паставіў самаробныя крыжы і збіраецца зрабіць металічныя шыльдачкі, каб пазначыць на іх узгаданыя маці імёны.

— Сваякоў было зашмат, — уздыхае жанчына. — Некаторыя нашы сем'і немцы цалкам знішчылі. Камінскія Лука, Макар, Максім... Амаль усе мае стрыечныя загінулі. Даглядаю і могілкі камуністаў Пятра і Радзівона. Вайна ўсіх нас парадніла. У іх з родных нікога няма, нават памінальную запіску няма каму падаць. Вось я і памінаю. Калі былі Дзяды, узяла свечку, спачатку на могілках памалілася, а потым каля нашага помніка. Мы там яшчэ не ўсіх загінулых перапісалі. Але месца засталося, так што абавязкова ўпішам.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Кіраўскі раён

Даведка

Падчас акупацыі Кіраўскага раёна фашыстамі было знішчана 47 вёсак, спалена жывымі, расстраляна, павешана, вывезена ў нямецкі тыл і лагеры смерці каля 22 тысяч жыхароў.

У спісе спаленых вёскі Ахоцічы, Выжары, Ала... Але самая страшная трагедыя адбылася 15 чэрвеня 1943 года ў вёсцы Баркі, якую цалкам разам з 1800 яе жыхарамі сцёр з зямлі карны батальён Оскара Дэрлівангера. Пра гэта ўсяму свету паведаміў у сваёй мастацка-публіцыстычнай аповесці «Карнікі» беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч. На месцы былых Баркоў сёння знаходзіцца помнік усім спаленым вёскам Магілёўскай вобласці.

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.