Вы тут

У госці да дамавічка


Майстар-класы па выразанні лыжак, падвойным ткацтве, а таксама па вырабе ўнікальнага напою «Пушчанскі» можна прайсці ў новым Музеі народнага побыту і старадаўніх тэхналогій

Гэты музей знаходзіцца ў пружанскай частцы Белавежскай пушчы, адсюль да Еўрасаюза — тры-чатыры кіламетры напрасткі. Зусім побач пункт спрошчанага перасячэння мяжы «Перароў-Белавежа». У каго ёсць віза, можа перайсці пехатою ці пераехаць на веласіпедзе дзяржаўную мяжу, і праз тры кіламетры — польская вёска Белавежа. Дарэчы, так і робяць некаторыя наведвальнікі гасцявога доміка, абсталяванага побач з Музеем народнага побыту і старадаўніх тэхналогій.

14-8

Сядзіба на мяжы з Еўрасаюзам

Новы турыстычны аб'ект даўно задумалі ў нацыянальным парку. У Камянюках ёсць гасцініцы, рэстараны. Там адпачываюць турысты, госці ходзяць на экскурсіі, любуюцца векавым лесам, у музеі прыроды ім расказваюць пра асаблівасці флоры і фаўны. Але супрацоўнікі пушчы даўно планавалі прынцыпова новы аб'ект, які паказаў бы самабытнасць ранейшых лясных жыхароў. З даўніх часоў паўсюль у пушчы туліліся маленькія вёскі. З-за іх аддаленасці ад іншых населеных пунктаў людзі прызвычаіліся весці амаль натуральную гаспадарку. У сядзібе ранейшага пушчанца вырошчвалі і выраблялі ўсё, што трэба для жыцця. Гаспадар узводзіў нямала падсобных памяшканняў, на падворку было шмат свойскай жывёлы. Гаспадыня прала, ткала, пякла хлеб, у хаце не здымалі калыску, а па святах прыязджалі госці.

Такі падворак і з'явіўся ў глыбіні лесу на месцы былога сапраўднага. Ад ранейшага застаўся толькі падмурак. А калі пачалі будоўлю, давялося шмат капаць. Знайшлі нават кулю часоў турэцкай вайны, фрагмент узнагароды — крыжа эпохі ранняй Расійскай імперыі, манеты, гузікі. Значыць, людзі тут жылі вякамі.

Цяпер гасцей у новай сядзібе сустракае культуролаг Святлана Кабылкевіч. Святлана Іванаўна ўпэўнена, што ў гэтым месцы вельмі добрая энергетыка. І сапраўды, мы толькі выйшлі з машыны, прайшлі па грабавай алеі, і ахапіла нейкае асаблівае пачуццё цішыні і спакою.

— Нашы продкі вельмі ўважліва падыходзілі да выбару месца будучага жытла. Ніколі не будаваліся там, дзе здараліся забойствы, пажары альбо пакінула след прыродная стыхія, таксама на скрыжаваннях дарог альбо на закінутых сцяжынах — у народзе гэтыя мясціны лічыліся нядобрымі. Перавагу аддавалі тым участкам, дзе вяліся мурашкі, пчолы, восы, шэршні, дзе адпачывалі дзікія жывёлы.

Сядзіба ў Перарове не мае недахопу ў розных насельніках. У шпакоўнях тут вядуцца не толькі шпакі. Адну хатку на дрэве занялі шэршні. Побач жывуць пчолы. І што цікава, насякомыя мірна суіснуюць, а лічыцца, што шэршні забіваюць пчол. Бываюць і госці з лесу. Яноты прыходзяць чаго-небудзь перакусіць, нядаўна бачылі паблізу і прыгажуна-аленя. На возеры, у некалькіх кіламетрах адсюль, нам пашчасціла ўбачыць арланаў-белахвостаў. Вялізныя велічныя птушкі стаялі на лёдзе. Пасля іх нават цяжка ўявіць яшчэ аднаго карэннага насельніка пушчы — каралька, трое птушанят якога памяшчаюцца ў напарстак...

[caption id="attachment_75465" align="alignnone" width="600"]14-10 Свят­ла­на Ка­был­ке­віч не су­мня­ва­ец­ца ў іс­на­ван­ні гас­па­да­ра з падпечку.[/caption]

Па звычаях продкаў

Святлана Іванаўна расказвае, як будавалі хату раней. Ва ўсім наваколлі да гэтай пары, дарэчы, лічыцца добрым той дом, які ўзведзены з пушчанскага дрэва. Дык вось дасведчаны гаспадар дзелавую драўніну нарыхтоўваў зімой альбо самай ранняй вясной, калі жыватворныя сокі дрэва былі ў зямлі. Асаблівая ўвага надавалася закладцы першага вянца. Ва ўсходнім куце заўсёды клалі жменьку збожжа, крыху мёду ў сотах, а таксама асвячоную галінку ядлоўцу. Усё гэта служыла надалей абярэгам жытла.

І засяленне ў хату было асаблівым абрадам. Далёкія продкі верылі, што той, хто першым пераступіць парог, першым і памрэ. Таму спачатку на ноч пускалі ката альбо пеўня. Лічылася, што кот першым сустракае гаспадара на тым свеце, а певень — сімвал усёй гаспадаркі, без яго скаціна не вядзецца і карова не доіцца. Ужо на наступны дзень у хату заходзілі людзі. Галава сям'і трымаў на парозе ручнік, за які па старшынстве адзін за адным браліся ўсе сямейнікі — і разам пераступалі парог. Пры гэтым не забываліся паклікаць дамавіка са сваёй старой хаты. Парог меў асаблівае значэнне, яго шанавалі як вароты ў іншы свет. Таму і цяпер на Палессі цераз парог не пазычаюць і не вітаюцца.

Пытаемся ў Святланы Іванаўны, на падставе якога матэрыялу яна складае свой цікавы і займальны аповед пра пушчанскія традыцыі. Аказалася, што нарадзілася і вырасла цяперашняя гід зусім недалёка, на пружанскім ускрайку пушчы ў вёсцы Роўбіцк. Многія па-данні свайго краю ведае з дзяцінства. А пазней з дачкой, студэнткай філалагічнага факультэта, правяла цэлую экспедыцыю па навакольных вёсках. Запісвалі легенды, песні, казкі, збіралі старадаўнія прылады працы, якія захоўваліся ў бабулек на гарышчы.

І цяпер Музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій мае неблагую калекцыю рэчаў, якімі карысталіся продкі. У сенцах стаяць двое жорнаў, вырабленых з суцэльнай калоды, — хоць цяпер мялі збожжа. Адны жорны прывезены з Пружаншчыны, другія — з суседняй Камянеччыны, як і ступы для здрабнення круп. Цікава, што ў адной мясцовасці зроблена так, што трэба таўчы ў ступе адной рукой, і такім чынам можна мяняць рукі, а ў другой трэба працаваць на ўсю сілу адразу абедзвюма рукамі.

У зале жаночых рамёстваў нам расказваюць, як праходзілі раней вясковыя вячоркі. О, гэта не толькі сумеснае ткацтва, прадзенне. Гэта, па-цяперашняму, тусоўка, выхад у свет. Тут знаёміліся, заляцаліся пад пільным і спрактыкаваным вокам матуль. А потым і сватоў засылалі.

І прасніца, і бровар

Цяпер у зале стаіць станок для падвойнага ткацтва. Гэтая тэхніка захавалася ў лічаных куточках краіны. І майстрых, якія ёй валодаюць, адзінкі. Калі праводзяцца святы альбо чакаецца вялікая экскурсія, прыязджае Марыя Ягавенка з Роўбіцка і дае ахвотным майстар-клас. Прыязджаюць таксама бондар і разьбяр па дрэве. Госці могуць пад кіраўніцтвам майстра выразаць, напрыклад, простую лыжку і забраць яе на памяць.

Але ж галоўнай славутасцю новай сядзібы мужчыны-наведвальнікі называюць бровар. Будынак з бярвення пад чаротавым дахам стаіць крышачку наводдаль. Тут вырабляецца фірмовы напой «Пушчанскі». Сяргей Такарчук, ляснік мясцовага лясніцтва, адказны за якасць «пушчанкі», гаворыць, што робяць яе так, як рабілі дзяды: абавязкова крынічная вада, мука з жыта або трыцікале. Ёсць нямала нюансаў наконт тэмпературнага рэжыму, вымешвання, падрыхтоўкі брагі. З двух мяхоў мукі атрымліваецца ад двух да трох вёдзер арыгінальнага 52-градуснага напою.

Пакаштаваць яго можна ў карчме «Хутарок», якая служыць дэгустацыйнай залай комплексу. Кошт «пушчанкі» супастаўны з цаной віскі. Як заўважыла гаспадыня карчмы Алена Хоміч, гарэлка і каньяк адпачываюць на барнай паліцы, на іх няма попыту. А вось пад «пушчанку» госці з задавальненнем частуюцца бульбай, запраўленай смажаным салам ды каўбаскай па хатнім рэцэпце. Ну і салёныя гурочкі і памідоры, квашаная капуста, якія тут самі нарыхтоўваюць, таксама ў пашане.

— Новы музейны комплекс запрацаваў нядаўна, у канцы мінулага года. Тут паспелі пабываць турысты з Расіі, Польшчы, Украіны. І свае не абыходзяць, — расказвае гаспадыня гасцініцы Ірына Бульчук. — У гасцінічным дамку ёсць тры нумары для тых, хто асабліва цэніць спакой і цішыню. Праўда, яе хутка парушыць шматгалосы птушыны хор. Але зацішша перад вясною ў пушчы таксама асаблівае.

— У сядзібе ўсё асаблівае, — пераконвае нас Святлана Іванаўна. Дамавічок, напрыклад, наш гаспадар з падпечку.

— ?!

— Напярэдадні адкрыцця дом прыбралі, вымылі вокны, пакрылі лакам падлогу ў сенцах і замкнулі дзверы. Ранкам адчынілі — а на падлозе тры адбіткі голай левай ступні 32-33 памеру.

Іх добра відаць і цяпер.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».