Вы тут

Рыгор СІТНІЦА: «Можа, мы — залаты запас Бога са сваёй простасцю...»


Старшыня Саюза мастакоў — самага вялікага беларускага аб'яднання ў сферы выяўленчага мастацтва — Рыгор Сітніца, вядома ж, у першую чаргу дбае і хварэе за сваю супольнасць. Але разважае і як творца — пра тое, што не ўсё ў катэгорыі «мастацтва» сапраўды ім з'яўляецца, як літаратар — пра жыццё вакол, як беларус — пра беларускую мову.

14-25

— Сёння шмат кажуць пра недахоп выставачных пляцовак і складаныя ўмовы для прэзентацыі сучаснай творчасці. Праблема сапраўды стаіць так востра?

— Мы б, безумоўна, хацелі, каб дзяржаўных і прыватных галерэй было больш. Але галоўнае, чаго нам не хапае, — грошай, з імі мы б знайшлі пляцоўкі. Разумееце, шмат выстаў, апроч Палаца мастацтваў і дзвюх нашых галерэй, мы ладзім у Нацыянальным мастацкім і гістарычным музеях, у Музеі сучаснага мастацтва. І кожная патрабуе сур'ёзных выдаткаў, якія практычна не вяртае. Каб стварыць ажыятаж вакол мерапрыемства, патрэбна альбо рэклама (зноў грошы), альбо скандальнае мастацтва, чым мы не займаемся.

— Скандальныя творы ж таксама могуць быць мастацтвам — актуальным, канцэптуальным, так званым акцыянізмам.

— Нельга сказаць, што мы традыцыяналісты, ніхто нікому не навязвае мову выказвання (адзінае, што мы вітаем, — высокі прафесіяналізм). Але, напрыклад, пра выставу радыкальнага майстэрства на Вінзаводзе (Цэнтр сучаснага мастацтва ў Маскве. — Рэд.) мне няёмка расказваць не толькі вам, а нават сваім сябрам. Гэта пры тым, што я прызнаю мастацтва на 360 градусаў і гатовы чакаць выдатных вынікаў у розных яго накірунках. Але пакуль мы іх чакаем — можам зруйнаваць гуманітарную прастору, дзе жывапіс ужо не будзе патрэбны.

На тое, каб выставіць добрыя карціны, грошай не хопіць, а на мастацтва, дзе распранаюцца і спраўляюць патрэбу на публіку (ёсць такі папулярны Алег Кулік), — хапае. Асноўныя маральныя імператывы сфармуляваныя ў дзесяці запаведзях, нічога больш універсальнага, што рэгулюе паводзіны чалавека і ўтрымлівае яго ад ператварэння ў быдла, ніхто не прыдумаў. Тое, што часам вырабляецца пад выглядам мастацтва, можа згубіць чалавечае аблічча. Таму я жартуючы кажу: «Запішыце мяне ў рэтраграды». Нягледзячы на тое, што я ўвогуле не прымаю цэнзуру — часам мне яе хочацца.

Неяк жартам я прапанаваў: «А давайце я за паўхвіліны зраблю твор мастацтва». І зрабіў: парваў газеты, паклаў шматкі на прыгожы белы ліст і дадаў назву «Інфармацыйны выбух №1». Не хапае толькі вялікага тэксту. Заўважце, колькі слоў пішацца да сучаснага твора! А якія тлумачэнні мне патрэбны, калі я гляджу на карціны Рубенса? Нават для Пабла Пікаса яны не патрэбныя — там усё зразумела. Нішто лепш не выказала жах і трагедыю, чым нерэалістычная, здавалася б, «Герніка».

— Вы сталі старшынёй Саюза мастакоў амаль паўтара года таму. Магчымасці саюза з тых часоў змяніліся?

— Галоўныя нашыя задачы: творчасць і абарона правоў нашых сябраў. І мы ўсё робім, каб адпавядаць свайму найменню. На нас часта наракаюць, маўляў, Палац мастацтваў ператварыўся ў палац гандлю, але яны не ведаюць, што летась мы правялі ў ім трыццаць дзве выставы. А паколькі мы не бюджэтная арганізацыя, а грамадская — павінны зарабляць самі. Мы маем некалькі прэферэнцый ад дзяржавы, але іх не хапае для таго, каб арганізаваць паўнавартасны выставачны працэс. Таму мы ідзем на ахвяру ў іміджы Палаца мастацтваў і разам з тым стараемся насычаць нават камерцыйныя рэчы. У нас праходзілі выставы моды, лялек, архітэктуры. Вядзем перамовы для таго, каб паказаць калекцыю скульптуры і графікі Сальвадора Далі, плануем мультымедыйную выставу, прысвечаную праявам мадэрну — павінна выклікаць фурор.

— Калі вы вымушаны рабіць акцэнт на камерцыйнай дзейнасці, як вы знаходзіце баланс паміж камерцыяй і мастацтвам?

— Мы робім акцэнт на творчую дзейнасць, у нашых мастацкіх праектах камерцыйны складнік не прысутнічае. А гандаль — неабходнасць дзеля выжывання. Нашыя мастацкія камбінаты выконваюць заказы: мы працавалі над афармленнем Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Палаца Незалежнасці, таксама з Оперным тэатрам, Мірскім і Нясвіжскім замкамі, Нацыянальнай бібліятэкай. Мы ствараем помнікі, нашыя мастакі працуюць над тэатральнымі пастаноўкамі, у кіно, выдаюць кнігі — шырокі дыяпазон дзейнасці. Мастак жа павінен нечым зарабляць, нашыя прадпрыемствы для таго і створаны.

Выставы ж апрыёры неакупляльныя, так паўсюль. Класічнай музыкай, нават якаснай эстрадай — джазам, сябе не акупіць філармонія (а папсой — магчыма). Тое ж з тэатрамі, глыбокай літаратурай.

— Вядома ж, масавае мастацтва карыстаецца попытам, «глыбокае» ў гэтым паказчыку саступае. А вы можаце сказаць, што публіка дзясяткі гадоў таму была разумнейшай?

— У параўнанні з савецкім часам, хоць я не вялікі сімпатызант ідэалогіі тых часоў, дэградацыя відавочная. Тады дамінавалі маральныя нормы, хто ехаў красці дровы, выбіраў сухое дрэва, жывога не сек — бачыце, якая экалагічная культура. А ўзровень разумення мастацтва прыкладна той жа. Іншая справа, што гэтае разуменне павінна выхоўвацца, як літаратура і музыка. Адзін мой маскоўскі калега сказаў, што прыйшоў той час, калі культурай трэба карміць прымусова.

Зараз амаль не робяцца агляды з выстаў жывапісу, мала пра гэта гаворыцца на тэлебачанні. На кожным канале ёсць ранішняя праграма, дзе заўсёды прысутнічае папса, а галоўная навіна: «яна зняла кліп». Не бачыў, каб запрасілі джазменаў ці некага з опернага тэатра... «Пагодныя навіны» — адкуль такая мова? Чую, як вядучыя агучваюць калькі з рускай.

— Можа, гэта наватвор, як да гэтага ставіцеся?

— Любая мова сябе стварае. Напрыклад, слова «лядоўня» прыдумана гадоў 15-20 таму і ўжо займела сваё месца ў беларускамоўным асяроддзі. Леанід Дранько-Майсюк неяк прыдумаў слова «далькажык» у сэнсе «мабільны тэлефон», якое толькі спрабуе прыжыцца ў моўнай прасторы. Пятро Глебка сказаў «навучэнец» замест «вучашчыйся». Я і сам прыдумляю. Але ж мовы катастрафічна не хапае, мы ёй завінавацілі.

— Як Саюз мастакоў прасоўвае нацыянальную культуру?

— Мы актыўна гэта рабілі заўсёды. У свой час, яшчэ калі «спалі» пісьменнікі, мы паднялі ў грамадскай свядомасці Міколу Гусоўскага, Язэпа Драздовіча, Алену Кіш. Мы праводзілі адукацыйныя выставы, напрыклад, у гонар тысячагоддзя Літвы (не блытаць з рэспублікай Летува).

Беларусы камплексуюць наконт нашай «тутэйшасці» адносна супер-Еўропы — я гэта чую і ад чыноўнікаў. Але не трэба ўсё даганяць, ад нечага наадварот варта ўцякаць. Можа, мы — залаты запас Бога са сваёй простасцю і не ўсё «разбазарылі» з таго, што ім дадзена.

— Год таму былі глабальныя планы па рэстаўрацыі Палаца мастацтваў...

— Каласальныя планы былі, але вайна ва Украіне, санкцыі супраць мажлівага генеральнага інвестара працэс прыпынілі.

— Галоўнае, што пагражае сучаснаму выяўленчаму мастацтву, — гэта безграшоўе?

— І недастатковая ўвага з боку дзяржаўных органаў. Мастакі — людзі, якія працуюць на вечнасць. І дзяржава павінна разумець, што мы яе ў гэтай вечнасці замацоўваем. Калі казаць пра італьянцаў — каго перш за ўсё ўспомняць? Мастакоў. Я ўжо даўно думаю не пра творчасць, а як выратаваць нашу супольнасць. Сёння мастак вымушаны плаціць вялікія грошы за працоўнае месца (апроч матэрыялаў, і на «паесці») — часам да пяці мільёнаў за месяц. Гэта значна болей за пенсію пажылога творцы. Цяпло ў майстэрні мастака каштуе ў дзесяць разоў даражэй, чым у звычайнай кватэры. Да таго ж, кожны з іх удзельнічае ў так званым перакрыжаваным субсідзіраванні, гэта значыць, плацячы за працоўнае месца, вымушаны даплачваць яшчэ за тры-чатыры кватэры. Во, якія мы «багатыя»! Усе творы і выставы з'яўляюцца практычна за свой кошт. Назад сродкі не вяртаюцца, можна сказаць, дабрачынная праца. Трэба ж ганарыцца нашымі творцамі сёння, а не тады, калі іх ужо не будзе.

Таксама пагражае паніжэнне маральных і прафесійных прынцыпаў з боку канцэптуальнага мастацтва. Яно не патрабуе падтрымкі — дастаткова на плоце напісаць тры літары і назваць гэта творам. У Маскве залетась арт-група «Вайна» атрымала прэмію Кандзінскага (40 тысяч еўра) за «мастацкі твор»: на развадным масце ў Санкт-Пецярбургу напісалі тое, што стаіць за трыма папулярнымі літарамі. Мост падняўся... Кандзінскі толькі пра гэта і дбаў...

— Як у колькасным плане сёння прадстаўлена жаночае мастацтва?

— Калі я вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце, на жывапісе, графіцы на дзесяць хлопцаў добра калі была адна дзяўчына. Выяўленчае мастацтва лічылася мужчынскай прафесіяй, зараз ім складана зарабіць, таму склалася адваротная сітуацыя. Прэстыж прафесіі ўпаў, таму што яна на выжыванні. У мае студэнцкія часы заказаў было — не спраўляліся. Я зарабляў някепскія грошы, у бацькі за пяць гадоў капейкі не ўзяў. А зараз многія, хто скончыў творчую ВНУ, сыходзяць у іншыя прафесіі.

Калі нават суперталенавіты чалавек ідзе вокны ўстаўляць, значыць, не мастак. У творцы прафесійнага толькі пяцьдзясят працэнтаў, астатняе — інтэлектуальныя, маральныя, ідэйныя чыннікі. Я выкладаю ўжо дваццаць пяць гадоў, з калегамі мы з жалем канстатуем, што найлепшыя вучні некуды знікаюць. Я зразумеў: гэта таму што, апроч прафесійных, не хапала тых самых вартасцяў. Вельмі важна, каб у творцы была ідэя, якая не дасць яму кінуць працу ў безграшоўі. Вінсэнт Ван Гог, напрыклад, не прадаў пры жыцці ніводнага твора.

— Калі вы прыйшлі на пасаду старшыні Саюза мастакоў, казалі пра ўстанаўленне кантактаў з замежнымі калегамі.

— Яны ўсталяваныя з літоўскім Саюзам мастакоў, актыўна супрацоўнічаем з украінскімі і польскімі калегамі: правялі, напрыклад, у Львове выставу «100 мастакоў з Беларусі». Ездзім на пленэры, ладзім персанальныя выставы. Калі нехта з нас выязджае за мяжу — добра разумее, што прадстаўляе сваю краіну і дбае пра тое, як выглядае беларус і разам з ім Беларусь нават на невялічкай лакальнай прасторы.

— У вас хапае часу на творчасць?

— Практычна не. Гэта ж не проста: ёсць дзве гадзіны — пабег памаляваў. Мяне ад творчай дэградацыі ратуе тое, што я, апроч іншага, яшчэ займаюся літаратурай, пішу, друкуюся і шмат чытаю. Ад аднаго паэтычнага радка можа пайсці ток, пра паэзію я гадзінамі магу гаварыць. Жыву гэтым і гэтым ратуюся. Зрэшты, усім раю чытаць, гэта — душэўная гігіена.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».