Вы тут

100 гадоў без самоты


Прыватная справа друкара Кухты

Не, усё ж гэта былі дзіўныя людзі, якія напачатку мінулага стагоддзя здолелі ўзняць беларускую мову, падкрэсліць яе прыгажосць, каштоўнасць, жыццёвасць. Яны ў яе верылі. А здавалася ж, што ўсё страчана. Тым не менш, дастаткова бывае хоць бы аднаго чалавека, які нешта хоча рабіць. І справа жыве. Але калі яна становіцца справай для народа, то гэта зусім іншая гісторыя. Гісторыя пра тое, як адзін прыватны прадпрымальнік здолеў зрабіць вялікую справу для беларускага народа. Яго імя — Марцін Кухта. Сёлета наша краіна (але яшчэ і суседняя Літва) адзначае 140 гадоў з дня нараджэння гэтага чалавека і нагадвае пра яго справу, якая ўжо аднойчы даказала сілу друкаванага слова на роднай мове.

14-28

Марцін Кухта, той самы друкар, што выдаў у Вільні «Вянок» Максіма Багдановіча і пра каго ён пісаў у сваім кранальным вершыку: «... Я не самотны, я кнігу маю...»

Кухта-друкар выдаў шмат кніг, але яшчэ і часопісы, газеты. Іх можна пабачыць на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прысвечанай выдаўцу пачатку ХХ стагоддзя, які працягваў праз кнігі высокую справу беларускага асветніцтва. Хоць сам ён пра гэта мог і не думаць (мы не даведаемся, якія матывы ім кіравалі), але атрымліваецца, што добрыя справы заўсёды паўстаюць на глебе шчырасці.

Марцін Кухта сапраўды ўмеў зрабіць так, што кнігі (і наогул друкаваная прадукцыя) станавіліся часткай жыцця. Як жа інакш, для друкара гэта было нават справай гонару. Але не ўзнікла б гэтай яго справы — славутай друкарні ў Вільні, каб ён не адчуў, што трэба скарыстаць момант (можа быць, для сябе самога найперш). Кухта быў па натуры прадпрымальнікам. Папрацаваўшы ў Санкт-Пецярбургу наборшчыкам, засвоіўшы гэты від працы, ён вярнуўся на Радзіму з пэўнай сумай. І не паклаў яе ў куфэрак, а ўклаў у адкрыццё друкарні (разам з Вілейшысам). І калі выходзіць закон у Расійскай імперыі, які здымае абмежаванне на выкарыстанне мясцовых моў у заходніх губернях, то Кухта скарыстоўвае гэты момант для развіцця справы, прычым, на карысць не толькі сабе. У 1906 годзе ён заснаваў у Вільні друкарню, што мела права выпускаць кнігі, газеты і часопісы на ўсіх еўрапейскіх мовах. У тым ліку — на беларускай. Не менш за 60 кніжных выданняў на беларускай мове выдаў Марцін Кухта з 1906 па 1915 гады. Акрамя таго, друкаваў яшчэ і на польскай, і на літоўскай мовах кнігі, газеты і часопісы. Выставу ў гонар віленскага друкара наведалі прадстаўнікі Літоўскай Рэспублікі — у гэтыя дні нашы блізкія суседзі адзначаюць 25-годдзе незалежнасці. Між іншым, справа Марціна Кухты паўплывала на нараджэнне ідэі беларускай незалежнасці.

У 1906 годзе ў друкарні Марціна Кухты выходзіць газета «Наша Доля», а потым і «Наша Ніва», якая ў той час стварае ўзор літаратурнай беларускай мовы. Яшчэ і таму, што з выданнем супрацоўнічаюць Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны — шэраг імёнаў можна працягваць: са старонак газеты прыходзіла слова ўсіх нашых выдатных літаратараў таго часу. І гэта можна пабачыць — арыгіналы першых нумароў «Нашай Нівы», асобнікі «Беларускага календара» (папулярнае выданне ва ўсіх сэнсах, тыраж даходзіў аж да 8 тысяч), славуты «Вянок», які назаўсёды ўпісаў імя Марціна Кухты ў вечнасці. А можа быць, нават калі б не вершык Багдановіча, то ўсё роўна яго захавала б гісторыя: з друкарні выйшаў зборнік Янкі Купалы «А хто там ідзе?», «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага (у 1910 годзе), «Родныя з'явы» Якуба Коласа, «Рунь» Максіма Гарэцкага, «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча, «Курганная кветка» Канстанцыі Буйло (у 1914-м). Гэта была не проста друкарня, а месца яднання, кропка ў прасторы, з якой пачыналася сучасная беларуская літаратура. З Кухтам супрацоўнічалі выдавецкая суполка «Наша хата» і «Беларускае выдавецкае таварыства». Ён быў знаёмы з імі, тымі, каго мы называем сёння класікамі, але тады яны ўсе пачыналі, з натхненнем, імпэтам, з жаданнем стварыць Беларусь і дзеля яе. Праўда, пакуль жыла мара пра яе. А яны яшчэ толькі пачыналі звяртацца да людзей і не мелі шырокай вядомасці. А Кухта ўсё роўна супрацоўнічае з імі. Рызыкуе як выдавец (ну, здавалася б, справа амаль бесперспектыўная, чыста ў плане бізнесу). Верыць у іх? Верыць у беларускую мову? У ідэю, якой яны служаць? Ці служыць і сам?..

Кожны чалавек трапляе ў жыцці ў такія абставіны, калі робіць свой выбар. У кагосьці ён грамадзянскі, а ў кагосьці прафесійны, па справе, у кагосьці жыццёвы ці чалавечы. Падаецца, што Марцін Кухта ішоў ад жыцця, ад таго, што на той момант яно прапаноўвала, і гэта неяк спалучалася з яго друкарскай справай. І па жыцці вырашаў праблемы, якія з'яўляліся. Штодня. Паступова. Па меры іх паступлення. А было ж шмат усялякай мітусні, якой можна было пазбегнуць. Чыста па-чалавечы. Абраць больш спакойны варыянт таго ж самага бізнесу, чым гэтая беларуская справа. Але, можа быць, усё не так, і гэта не людзі выбіраюць справы, а якраз наадварот? І тады насамрэч кропля камень точыць: ёсць жа мы, у руках вось тая літаратурная мова, якую стваралі нашы класікі. Што з ёй рабіць — зноў-такі выбар, які робіць кожны. 100 гадоў прайшло. Але ведаеце, што ў гэтым усім самае аптымістычнае? Наяўнасць выбару.

Шмат думак народзіць агляд выставы, якая складзена з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе прадстаўлены віленскія выданні пачатку ХХ стагоддзя «з друкарні пана Марціна Кухты». Друкарні, якая існавала ў Вільні 100 гадоў таму і трошкі больш за дзесяцігоддзе (да 1918 года). Сам Марцін Кухта пражыў да 1956-га. Але ўсе ўзгадваюць той час, калі ў яго была справа, адзначаная асаблівым сэнсам: ствараць літаратуру для цэлага народа.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.