Вы тут

Медыцына заўтрашняга дня


У апошнія гады мы з зайздросным пастаянствам трапляем у 50 найлепшых краін, дзе на высокім узроўні арганізавана вядзенне цяжарнасці і родаў пры адпаведнай забяспечанасці кваліфікаванымі работнікамі. Па комплексным паказчыку дзіцячай і мацярынскай смяротнасці Беларусь займае 4-е месца ў свеце. Доступ да паслуг па ахове рэпрадуктыўнага здароўя ў нас такі ж, як у Францыі або Фінляндыі.

14-36

Наогул, паводле высноў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, даступнасць медыцынскай дапамогі ў Беларусі адна з найлепшых — як у Брунеі і Канадзе. Дзякуючы ў тым ліку гэтаму аспекту, у нас зніжаецца каэфіцыент агульнай смяротнасці, трэці год запар ва ўсіх рэгіёнах захоўваецца тэндэнцыя зніжэння колькасці памерлых у працаздольным узросце. У Мінску і Брэсцкай вобласці летась зафіксаваны прырост насельніцтва. Днямі міністр аховы здароўя Беларусі Васіль ЖАРКО прывёў самыя важныя факты аб сітуацыі з захваральнасцю ў мінулым годзе і далейшым развіцці айчыннай медыцыны.

Школьныя хваробы

Самыя распаўсюджаныя — парушэнне постаці, зроку, функцыянальныя парушэнні стрававання, кровазвароту і нервовай сістэмы.

Сярод дашкольнікаў 1-ю групу здароўя маюць 32 працэнты, 4-ю (наяўнасць інваліднасці) — 1,3. Сярод падлеткаў 1-ю групу маюць ужо толькі 26 працэнтаў, 4-ю —1,8.

Паказчык павышанай масы цела ў дзяцей (ад 0 да 17 гадоў) складае 5,9 выпадка на 1000 дзяцей (а ў 2008-м ён быў 4,6).

Каля 15 працэнтаў дзяцей ад усіх памерлых ва ўзросце да 5 гадоў і каля
70 працэнтаў 15-19 гадовых гінуць з так званых знешніх прычын (утапленняў, траўмаў, выпадковых атручэнняў і г.д.).

Рэгіёны падцягваюцца

Летась праведзена звыш 14 тысяч кардыяхірургічных умяшанняў, у тым ліку каля 3 тысяч — на адкрытым сэрцы.

РНПЦ «Кардыялогія» працягвае дзяліцца вопытам з рэгіёнамі, дзе выконваецца ўжо звыш 70 працэнтаў усіх аператыўных умяшанняў.

Практычна ліквідаваная патрэба накіравання пацыентаў з сардэчна-сасудзістай паталогяій на лячэнне за мяжу.

Упершыню за апошнія два дзесяцігоддзі дасягнута зніжэнне агульнай колькасці захворванняў сістэмы кровазвароту.

У РНПЦ «Неўралогія і нейрахірургія» няма чэргаў на кансультатыўны прыём (у кансультатыўна-поліклінічным аддзяленні), на правядзенне аператыўных умяшанняў, шпіталізацыю ў нейрахірургічнае аддзяленне і дзіцячае неўралагічнае аддзяленне. Чарга на планавую шпіталізацыю ў неўралагічнае аддзяленне не перавышае 4-5 тыдняў.

Ранні рак

Летась падчас прафілактычных аглядаў медыкі выявілі на 20 працэнтаў больш выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў, чым у папярэднім годзе.

У 60 працэнтах выпадкаў анкалагічныя захворванні выяўляюцца на ранніх стадыях.

Колькасць пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі, якія пражылі звыш 5 гадоў, вырасла амаль на 20 працэнтаў (у параўнан-
ні з 2013 годам).

Чэргі на аператыўныя ўмяшанні з прычыны новаўтварэнняў адсутнічаюць.

Сёлета будзе ўведзена найбуйнейшая на постсавецкай прасторы малекулярна-генетычная лабараторыя для ранняй анкалагічнай дыягностыкі. З'явіцца магчымасць абследавання на пазітронна-эмісійным тамографе.

Працягваюцца пілотныя скрынінгавыя праграмы па дыягностыцы раку прастаты, малочнай залозы, каларэктальнага раку і раку шыйкі маткі.

У параўнанні з 2000 годам анкалагічная захваральнасць павялічылася летась амаль на 40 працэнтаў. Паказчык смяротнасці ад злаякасных новаўтварэнняў крыху знізіўся.

Перасадка лёгкага

Па колькасці эндапратэзавання буйных суставаў на 1 млн жыхароў мы выйшлі на першыя пазіцыі сярод краін СНД. Летась выканана звыш 6,4 тысячы такіх аперацый.

Першае месца ў СНД у нас і па колькасці трансплантацый на 1 млн жыхароў. Іх праведзена 412 (285 — ныркі, 45 — сэрца, 77 — печані, 7 — падстраўнікавай залозы і 1 — лёгкага). Дзве трансплантацыі зроблены дзецям.

Цягам года 16,5 тысячы чалавек здалі кроў на бязвыплатнай аснове.

Даўжэй жыць

Чаканая працягласць жыцця беларусаў — 72,6 года (латышоў — 74, чэхаў — 78, немцаў — 81).

Асноўная прычына захваральнасці, непрацаздольнасці і заўчаснай смерці — неінфекцыйныя захворванні. У структуры прычын агульнай смяротнасці пераважаюць хваробы органаў кровазвароту, анкалагічныя захворванні і знешнія прычыны (траўмы, атручэнні і інш.).

Для паляпшэння сітуацыі цяпер узгадняецца з усімі зацікаўленымі бакамі распрацаваны Міністэрствам аховы здароўя праект Дзяржаўнай праграмы прафілактыкі, барацьбы і кантролю неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь на 2016—2020 гады. Ён прадугледжвае новы падыход з удзелам усіх міністэрстваў і ведамстваў.

Айчынныя лекі

Прамысловую вытворчасць лекавых сродкаў забяспечваюць 28 айчынных прадпрыемстваў, з якіх 12 маюць сертыфікаты GMP на экспартна арыентаваныя вытворчыя ўчасткі. Новы фармзавод з'явіцца ў Бешанковічах (Віцебская вобласць) і новы цэх у Лідзе (Гродзенская вобласць).

— Мы развіваем фармацэўтычную прамысловасць, укладваем вялікія крэдытныя, дзяржаўныя грошы, — адзначыў Васіль Жарко. — Выпускаем сёння звыш 1300 найменняў. Штогод асвойваем больш за 400 новых лекаў. Такім чынам замяняем імпарт. У названай галіне рэалізуецца некалькі праектаў, і мы будзем развіваць гэты кірунак.

У стацыянарах раённага ўзроўню айчынныя лекі складаюць ужо 90 працэнтаў у агульным аб'ёме, у рэспубліканскіх  — дзесьці каля 50. Такім чынам, нашы лекі паказалі і паказваюць сваю эфектыўнасць у лячэнні стацыянарных хворых. Што датычыцца розніцы, то ў кожнага грамадзяніна застаецца права выбару ў лячэнні беларускімі або імпартнымі прэпаратамі. Усе яны аднолькава добрай якасці, іначай іх не было б у аптэках. Кошт нашых лекаў ніжэйшы, досыць стабільны. І задача аптэчнага работніка — правізара або фармацэўта — данесці да кліента інфармацыю пра кошт на замежны прэпарат і айчынны аналаг.

Рэцэпты нам патрэбны таму, што лячыць павінен урач, а не правізар. Той жа галаўны боль можа назірацца з прычыны гіпертаніі, стомленасці, стрэсу, мігрэні, інсульту, пухліны, і толькі ўрач павінен разабрацца з гэтым, прызначыць лячэнне і далей несці за гэта адказнасць.

Каля 20 аптэк сёлета прыпынялі дзейнасць праз парушэнне імі рэцэптурнага водпуску, хоць мы вельмі асцярожна, з разуменнем жыццёвых сітуацый, ставімся да падобных парушэнняў. Галоўнае, каб гэта былі адзінкавыя выпадкі, — падкрэсліў міністр.

На жаль, значная частка насельніцтва схільная набываць лекі без рэцэпта, займацца самалячэннем, у выніку чаго мы маем высокі працэнт шпіталізацый, абумоўленых у тым ліку неспрыяльнымі наступствамі фармакатэрапіі, несвоечасовым выяўленнем захворвання.

Святлана БАРЫСЕНКА.

...І рэцэпты — без бланкаў

Урач агульнай практыкі. У большасці сельскіх амбулаторый сёння працуюць менавіта такія спецыялісты. З'явяцца яны пасля адпаведнай падрыхтоўкі ўчастковых тэрапеўтаў і ў гарадах.

Скаргі. Аналіз зваротаў паказвае, што з 20-30 званкоў на гарачую лінію міністэрства хіба толькі адзін патрабуе ўмяшання, без якога цяжка было б разабрацца на месцы.

Крокавая даступнасць. У жылых новабудоўлях сталіцы пачалі вымяркоўваць кватэры пад урачэбныя кабінеты, якія з'яўляюцца філіяламі паліклінік.

Інфарматызацыя. Сёлета ў паліклініках Мінска павінна ўкараніцца практыка выдачы электронных рэцэптаў (па краіне — крыху пазней). У ідэале гэта азначае, што на рукі не будуць выдавацца ніякія бланкі. Уся інфармацыя будзе даступная аптэчнай сетцы. Электронныя карткі плануецца ўвесці цягам наступнага года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».