Вы тут

Пра імунамадулятары і вірусы


Вірусы гінуць пры тэмпературы звыш 60 градусаў, кварцаванні на працягу 20-30 хвілін, пад уздзеяннем тлушчарастваральнікаў — мыла, дэзынфектантаў... А вось у арганізме чалавека ім надта добра. Нават непрацяглы кантакт, скажам, з носьбітам грыпу здольны прывесці да заражэння.

18-2

Вакцынацыя, вядома, не гарантуе абсалютнай адсутнасці заражэння, аднак гэтая мера сапраўды дзейсная. Дзякуючы ёй у нашай краіне каторы год няма грыпознай эпідэміі. Праўда, вакцынавацца трэба было яшчэ ўвосень. Куды менш дзейснай спецыялісты лічаць стымуляванне імуннай сістэмы з дапамогай спецыяльных лекавых прэпаратаў — імунамадулятараў. На Захадзе гэта даўно не вітаецца. Замежныя спецыялісты лічаць, што сур'ёзнай доказнай базы ў дачыненні да прафілактычнага эфекту многіх імунамадэлюючых прэпаратаў няма.

Як вядома, імунамадулятары скіраваныя на ўмацаванне неспецыфічнага імунітэту, павелічэнне ў арганізме колькасці інтэрферонаў — ахоўных рэчываў, якія ствараюць неспрыяльныя ўмовы для размнажэння самых розных вірусаў. Аднак прымяненне такіх імунамадулятараў, як імунал, імунафан, лікапід, грапрынасін, прэпараты эхінацэі і іншых не гарантуе, што мы пазбегнем заражэння. Спрацаваць можа хіба псіхалагічны фактар, наша вера ў тое, што за вялікія грошы мы робім для сябе нешта карыснае.

Праўда, злоўжыванне апошнімі можа знясіліць імунны рэсурс арганізма. Так што самым важным у прадухіленні заражэння быў і застаецца здаровы лад жыцця, добры сон, паўнацэннае, з вялікай колькасцю садавіны і гародніны, харчаванне, належная фізічная актыўнасць і пазітыўны настрой. Не варта скідваць з рахунку рэгулярныя прагулкі на свежым паветры ў любы час года, паступовае, з ранніх гадоў, загартоўванне. Плюс вітамінныя, антыаксідантныя комплексы з селенам, цынкам.

Наогул існуе шэраг эфектыўных прэпаратаў, здольных трымаць вірусы пад кантролем, прадухіляць абвастрэнні. Самастойна, без урачэбнай кансультацыі прымаць такія лекі не рэкамендуецца. Тут як з антыбіётыкамі. Калі іх піць, то ў паўнавартаснай дозе і поўным курсам, паколькі да супрацьвірусных прэпаратаў таксама можа развівацца ўстойлівасць. Пры наступных абвастрэннях лячэнне давядзецца праводзіць значна больш таксічнымі прэпаратамі.

Лячэнне вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і грыпу павінна быць комплексным:

• хатні рэжым,

• прыём супрацьвірусных лекаў,

• дэзынтаксікацыя (ужыванне морсаў, кампотаў, гарбаты),

• зняцце сімптомаў з дапамогай фервексу, тэрафлю, ВРВІколду.

Пры развіцці сардэчнай, сасудзістай, дыхальнай недастатковасці, тромбагемарагічнага сіндрому прызначаецца спецыяльная тэрапія.

Самым важным з'яўляецца ранні пачатак супрацьвіруснай тэрапіі.

Калі на 7-10 дзень інфекцыя пайшла ўгору (вушы, нос) і з'явіўся атыт, гаймарыт, або ўніз (бронхі, лёгкія) і з'явіўся бранхіт, пнеўманія, размова ідзе пра ўскладненні. Ускладненне праяўляецца не толькі далучэннем новых сімптомаў, але і падаўжэннем гарачкі, пачаткам яе другой хвалі. Пры няўскладненым грыпе гарачка працягваецца не даўжэй за 5-6 дзён.

Антыбіётыкамі грып і іншыя ВРВІ не лечацца, але іх могуць прызначаць пры высокай рызыцы развіцця ўскладненняў. З антыбіётыкамі трэба быць асцярожным, паколькі яны, з аднаго боку, абараняюць нас ад бактэрый, а з другога, парушаюць мікрафлору, якая таксама выконвае ў арганізме ахоўную функцыю. Аднак калі вам прызначылі такую групу прэпаратаў, не варта панічна іх баяцца. Трэба строга выконваць рэкамендацыі ўрача

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.