Вы тут

Навошта дзіцяці асабістая прастора?


У кожнага з нас ёсць патрэба ў асабістай прасторы, куды ніхто не заявіцца без запрашэння, дзе мы адчуваем бяспеку і належым толькі самім сабе. І дрэнна, калі дарослыя не ўсведамляюць неабходнасці паважаць асабістую прастору дзіцяці.

18-5

— Мы прыходзім у гэты свет у адзіночку і ў адзіночку пакідаем яго, — расказвае псіхолаг Цэнтра дружалюбнага стаўлення да падлеткаў «Поспех» Кацярына БЛІЗНЮК. — Наш уласны свет пачынаецца з канкрэтнага «пункту» — з мамы, яе цела. Гэтая прастора — асабістая, непарушная, надзейная — і захоўваецца ў нашай памяці. Паступова мы пачынаем знаёміцца з наваколлем, пашыраем межы свайго свету і займаемся мы гэтым вельмі актыўна, часам нават адчайна. Аднак у нейкі момант узнікае неабходнасць вярнуцца (не літаральна, вядома), каб «пераварыць» свае ўражанні, зазірнуць унутр сябе. У чалавека, які становіцца дарослым, патрэба ў асаблівай прасторы асабліва вострая.

Калі нам фізічна дрэнна — ад болю, удару — мы прымаем позу эмбрыёна, як у пачатку нашага шляху. Па сутнасці, калі нам дрэнна эмацыянальна, мы робім тое ж самае. Нябачная асабістая прастора існуе заўсёды, нават этыкет гэта прызнае і лічыць непрыстойным набліжацца да чалавека надта блізка. Гэта прастора ў псіхалогіі мае назву зоны інтымных стасункаў — той, што займае паўметра ў радыусе непасрэдна ад цела. Калі ў яе ўрываюцца незнаёмыя, мы адчуваем дыскамфорт. Гэта энергетычная асабістая прастора заўсёды з намі і сцеражэ наша цела інстынктыўна.

Натуральнай патрэбай чалавека можна лічыць жаданне крыху пашырыць сваю асабістую зону ў незнаёмым месцы — прынесці туды часцінку свайго дому, што дадае нам упэўненасці і спакою, абароненасці і гармоніі. Так, мы бачым на рабочых сталах некаторых людзей фота блізкіх, фірменныя кубкі, нейкія дробязі... Любімая цацка, узятая малым у дзіцячы садок, або маленькі пупс у кішэні школьніцы — гэта рэчы, патрэбныя дзецям як паветра. Бо гэта таксама асабістая прастора, з якой нельга не лічыцца.

У залежнасці ад тыпу тэмпераменту мы ўсе дзелімся на экстравертаў і інтравертаў. І калі для экстраверта ўсё  — у размовах, кантактах, то інтраверту абавязкова неабходна пабыць сам-насам з сабой, паразважаць. Для інтраверта час у адзіноце — адна з галоўных крыніц яго энергіі. І вельмі важна, каб у такога дзіцяці была свая прастора, іначай яно можа стаць агрэсіўным і праблемным.

Часам мы арганізуем прастору свайго дома так, што яна належыць усім і нікому. Кожны можа ў любы момант з'явіцца ў любым месцы. Узнікае напружанне. Бо надта шмат непрадказальных кантактаў — заўсёды трэба быць гатовым адказаць на пытанне, выканаць просьбу. Аднак можна і дамовіцца, каб у кожнага была свая асабістая тэрыторыя, хоць бы невялічкая. Асабістая тэрыторыя і асабістыя рэчы. Напрыклад, бацькаў ложак, мамін стол...

Ідэальна, калі ў дзіцяці ёсць свой пакой, аднак няхай гэта будзе хаця б куток, уладкаваны на свой густ. Не варта дабівацца ад дзіцяці пастаяннай, няспыннай занятасці. Гультайніцтва можа аказацца момантам перапрацоўкі атрыманай інфармацыі — для пабудовы карціны свайго ўласнага свету. Турбавацца трэба, хіба калі дзіця суткамі сядзіць у сваім пакоі і не кантактуе з равеснікамі.

Вядома, усе рэчы для дзіцяці набываем мы, дарослыя, але не трэба станавіцца іх абсалютнымі гаспадарамі. У дзіцяці абавязкова павінны быць рэчы, якія можна зламаць, падарыць, згубіць, і яму за гэта нічога не будзе. Так можна ўсвядоміць, што такое нечым распараджацца і несці пасля за гэта адказнасць.

Не трэба браць без дазволу дзіцячыя рэчы або даваць іх іншым дзецям. Дзіця ўсвядоміць, што ўсё навокал агульнае, і не будзе лічыцца з чужой уласнасцю.

Калі асабістая прастора парушаецца, гэта можа выклікаць агрэсію, замкнёнасць, раздражняльнасць. І з узростам эмоцыі будуць больш выяўленымі. А ўсё таму, што такое парушэнне закранае пачуццё ўласнай годнасці і сведчыць пра адсутнасць даверу і павагі.

Калі мы забяспечым дзіцяці сваю тэрыторыю і свае рэчы, то вырасцім чалавека з добрай самаацэнкай, адказнага і самастойнага. Імкніцеся разумець, што патрэбна дзіцяці ў той ці іншы момант, і не толькі ў матэрыяльным сэнсе, адказвайце на яго пытанні і фарміруйце пазітыўнае стаўленне да сваёй і чужой уласнасці, да сваіх і чужых пачуццяў

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.