Вы тут

Бізнес павінен быць празрыстым


Усім прадпрымальнікам краіны належыць працаваць у аднолькавых умовах

Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Перад гэтым кіраўнік дзяржавы наведаў гандлёва-забаўляльны цэнтр «Экспабел» на ўскраіне сталіцы, паведамляе БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў размове з ІП хоча знайсці кампраміс паміж іх інтарэсамі, інтарэсамі тых, хто прадастаўляе ім гандлёвыя плошчы, а таксама людзей, занятых у лёгкай прамысловасці.

Адной з праблем, якую кіраўнік дзяржавы абмяркоўваў з прадстаўнікамі прадпрымальніцтва, стала наяўнасць астаткаў несертыфікаваных тавараў, што не ўдалося рэалізаваць да 1 сакавіка 2015 года, а таксама немагчымасць атрымаць у прадаўцоў у Расіі неабходныя дакументы. «Як быць з тым, што я практычна ўзаконіў кантрабанду? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — У вас няма сертыфікатаў якасці, у вас няма празрыстага бізнесу». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён разумее, што праблема наяўнасці сертыфікатаў якасці не першарадная. «Мяне больш за ўсё хвалюе, што мы, як дзяржава, страчваем нармальны, празрысты бізнес і забіваем сваю вытворчасць, а гэта недапушчальна», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У краіне фактычна знікае лёгкая прамысловасць, у тым ліку з прычыны таго, што прадукцыя, якая ёю вырабляецца, менш канкурэнтаздольная ў параўнанні з таварамі, што індывідуальныя прадпрымальнікі прывозяць з-за мяжы і прадаюць у Беларусі.

«Бізнес павінен быць празрыстым, і дзяржаўны, і прыватны. Мы павінны стварыць усім аднолькавыя ўмовы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Выслухаўшы прапановы прадпрымальнікаў, Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству гандлю і прэм'ер-міністру асабіста стварыць аптовыя базы, на якіх будзе прадстаўлены тавар не толькі беларускіх вытворцаў. Кантроль за гэтым будзе ажыццяўляць кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец. «Трэба іх ствараць, каб індывідуальныя прадпрымальнікі не казалі, што, акрамя Расіі, ім няма дзе ўзяць тавар», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што гэтае пытанне павінна прапрацоўвацца сумесна з ідывідуальнымі прадпрымальнікамі, а таксама буйным бізнесам, пры іх жаданні.

Падчас нарады Прэзідэнт заўважыў: «На жаль, ужо 10 гадоў з зайздроснай рэгулярнасцю вяртаемся да работы прадпрымальнікаў. У мінулым годзе пасля разгляду гэтага пытання на нарадзе ў Прэзідэнта і дадатковага абмеркавання з прадпрымальнікамі быў прыняты ўказ №222. У ім прадугледжвалася, што з 1 ліпеня 2014 года ўводзіцца правіла — дакументальна пацвярджаць набыццё рэалізуемай прадукцыі. Тады ж быў устаноўлены пераходны перыяд да 1 сакавіка 2015 года, каб даць магчымасць прадпрымальнікам рэалізаваць ужо ўвезеныя па старых правілах тавары. Гэта была іх просьба». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: яго інфармуюць, што за мінулы год палова прадпрымальнікаў здолела выканаць устаноўленыя дзяржавай патрабаванні і перайшла на празрыстыя метады работы. Аднак гэта зрабілі не ўсе. І цяпер яны просяць падоўжыць тэрмін продажу існуючых астаткаў тавараў, увезеных без дакументаў. Пры гэтым спасылаюцца на складанасці з рэалізацыяй, дзеянні расійскіх прадаўцоў, якія не даюць ім адпаведныя дакументы, на дарагоўлю, мізэрнасць асартыменту і нізкую якасць прадукцыі, якую можна набыць на айчынных аптовых складах, не выязджаючы за мяжу. Указваюць на тое, што нашы партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе не патрабуюць выканання сваімі індывідуальнымі прадпрымальнікамі аналагічных норм і гэтым ставяць беларусаў у няроўныя ўмовы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўсе меркаванні павінны быць пачуты і ўлічаны, гэтак жа як і маральны фактар: «Людзей крыўдзіць нельга. Трэба зрабіць тонка і акуратна, каб яны не пакрыўдзіліся. Бо за кожным — сям'я».

Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што прадпрымальнікам трэба «выходзіць на нармальны, празрысты бізнес, паставіць сябе ў аднолькавыя ўмовы з іншымі. А галоўнае — каб яны працавалі сумесна з беларускай лёгкай прамысловасцю, рэалізуючы айчынныя тавары».

Прэзідэнт таксама перасцярог прадпрымальнікаў ад звязвання іх інтарэсаў з палітыкай.

Кіраўнік дзяржавы катэгарычна заявіў: з 1 студзеня 2016 года ўсе прадпрымальнікі будуць працаваць у аднолькавых умовах: «Больш адтэрміноўкі не будзе! Трэба ісці да цывілізаванай формы гандлю, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта ненармальна, калі мы без дакументаў сумкамі тавар возім. Гэта нават прыніжае нас».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў індывідуальным прадпрымальнікам аб'яднацца і разам падумаць над тым, як яны маюць намер працаваць з будучага года ў такіх умовах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў выпадку неабходнасці ім будзе аказана дапамога, у тым ліку крэдытнымі сродкамі Сусветнага банка, Банка развіцця.

Па выніках нарады прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў: ІП могуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, да 1 студзеня 2016 года. «Пасля 1 студзеня 2016 года работа толькі па дакументах, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. — На працягу года роўнымі часткамі, за тры разы стаўка ПДВ будзе павышацца з 2 да 4». Што датычыцца дакументаў, якія пацвярджаюць якасць, то іх наяўнасць таксама будзе абавязковая з 1 студзеня 2016 года.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ўлады запрашаюць індывідуальных прадпрымальнікаў да супрацоўніцтва і ў пытанні фарміравання асартыменту аптовых баз. У найбліжэйшы час будуць вызначаны структуры, якія зоймуцца падрыхтоўкай і ўвозам аптовых партый тавараў. Урад і мясцовыя органы ўлады правядуць адпаведную работу, вывучаць попыт і арганізуюць нармальны ўвоз тавараў для рэалізацыі на аптовых базах, у магазінах-складах.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.