Вы тут

40+: пераходны ўзрост


Кар'ера ў парадку, дзеці падраслі, можна шмат працаваць і ўсё яшчэ заставацца маладой. Аднак чамусьці ўсё часцей з'яўляюцца стомленасць, раздражненне, незадаволенасць знешнім выглядам. Вось яно — жыццё пасля сарака. Што ж адбываецца з нашым арганізмам?

18-6

Мяняецца гарманальны фон. Яечнікі працуюць менш актыўна, змяншаецца ўзровень эстрагенаў. Зніжаецца функцыя шчытападобнай залозы. Мяняецца стан скуры, нервовай сістэмы і абмену рэчываў. Адсюль маршчынкі, пігментацыя, тусклыя валасы, ломкія пазногці, ваганні настрою, павелічэнне вагі.

— Ужо нават пасля 30 гадоў можа пачацца паступовае спыненне месячных, — гаворыць акушэр-гінеколаг 12-й гарадской паліклінікі г. Мінска Вольга ГРЫШАНКОВА. Натуральным гэты працэс лічыцца ва ўзросце ад 40 да 50. Час, калі яечнікі выпрацоўваюць усё менш эстрагену, называецца прэменапаўзай. Яна працягваецца да самай менапаўзы, калі яечнікі спыняюць выпрацоўку яйцаклетак. У апошнія два гады прэменапаўзы ўзровень эстрагенаў зніжаецца даволі рэзка. Менапаўза надыходзіць, калі месячныя адсутнічаюць, сама меней цягам 12 месяцаў. Звычайна ў 45-55 гадоў (ранняя — у 40-45, позняя — пасля 55). У выпадку наступлення менапаўзы да 40 гадоў гавораць пра сіндром ранняга знясілення яечнікаў.

Цяжка не заўважыць

У кожнай жанчыны клімакс праяўляецца па-рознаму. Усё залежыць ад агульнага стану здароўя і спадчыннасці. Аднак ёсць агульныя «нязручнасці», знаёмыя амаль усім.

БЯССОННІЦА. Палавыя гармоны ўплываюць на зоны мозга, якія адказваюць за наладку біялагічных гадзін. Бяссонніца ноччу часта суправаджаецца санлівасцю ўдзень. Ад парушэння сну пакутуе прыкладна кожная трэцяя жанчына ў клімаксе.

ПРЫЛІВЫ. Непрыемны стан, які працягваецца ад некалькіх хвілін да паўгадзіны. Раптоўная гарачка ў верхняй частцы цела, паскарэнне пульсу, павышэнне тэмпературы, потааддзяленне, з'яўленне чырвоных плям на твары і грудзях. З такім сімптомам сутыкаецца прыкладна 85 працэнтаў жанчын. Звычайна гэта знікае праз 1-1,5 года пасля апошняй менструацыі, аднак у кожнай пятай захоўваецца цягам 5-10 гадоў.

РАЗДРАЖНЕННЕ. У дрэннага настрою ёсць не толькі суб'ектыўныя прычыны, але і аб'ектыўныя. Медыцынскія. Мазгавыя цэнтры, якія кантралююць гарманальную сістэму, цесна звязаны з зонамі кіравання эмоцыямі. Адсюль трывожнасць, раздражненне, слязлівасць, нервознасць і нават дэпрэсіі.

ЛОМКІЯ КОСЦІ. Разам з эстрагенам арганізм губляе кальцый, таму косці становяцца порыстымі і крохкімі. Падчас клімаксу кожны год жанчына губляе 2-3% касцявой масы, а гэта ў выніку можа прывесці да таго, што косці будуць лёгка ламацца і з цяжкасцю зрастацца.

ЗНЕШНАСЦЬ. Тлушчавая праслойка пад скурай атрафіруецца, калагену (бялку, які з'яўляецца асноўным будаўнічым матэрыялам для пругкай скуры) становіцца ўсё менш, таму скура становіцца тонкай, маршчыністай і без тонусу.

Іншыя непрыемнасці: лішняя вага, галаўны боль, галавакружэнне, павышаны ціск або ваганні ціску, сэрцабіццё, страта цікавасці да сексуальнага жыцця, сухасць похвы, нетрыманне мачы падчас чхання ці кашлю, недастатковыя або моцныя менструацыі. Апошнія могуць хаваць анамальны матачны крывацёк, прычынай якога бываюць паталогіі маткі (міёма, паліпы, анкалагічныя захворванні) або парушэнні функцый печані, згусальнай сістэмы крыві, прыём некаторых лекаў і іншае.

Звярніцеся да ўрача, калі менструацыі сталі больш моцнымі, са згусткамі; калі месячныя цягнуцца на некалькі дзён даўжэй, чым звычайна; калі яны ідуць нязвыкла часта; калі паміж менструацыямі або пасля сексу з'яўляюцца крывацёкі.

Лёгка прапусціць

Калі цяжарнасці ў планах няма, неабходна карыстацца сродкамі кантрацэпцыі да надыходу менапаўзы. Адмовіцца ад іх можна не раней, чым праз год пасля апошніх месячных (некаторыя спецыялісты рэкамендуюць два гады).

Не забывайцеся

1. Раз на год неабходна наведваць гінеколага.

2. Мамаграфія, ультрагукавое даследаванне органаў малога таза, кальпаскапія робяцца з перыядычнасцю, рэкамендаванай урачом.

3. Трэба таксама здаваць аналізы крыві — агульны і біяхімічны (халестэрын, трыгліцэрыды, ліпапратэіды высокай і нізкай шчыльнасці, кальцый, фосфар, шчолачная фасфатаза). Рабіце электракардыяграму. Правярайце згусальнасць крыві (каагулаграма). Пры парушэнні тлушчавага абмену трэба здаць кроў на гармоны шчытападобнай залозы

Святлана БАРЫСЕНКА

Паляпшаем самаадчуванне

* Рэгулярна займайцеся спортам (4-5 разоў на тыдні).

* Не курыце.

* Высыпайцеся. Нават па выхадных трэба класціся і ўставаць у адзін і той жа час — так вы не парушыце рэжым сну і не прыйдзеце аднойчы да бяссонніцы.

* У рацыёне павінна быць дастатковая колькасць прадуктаў, якія забяспечаць паступленне таго ж кальцыю.

* Спытайце ва ўрача, якія мультывітаміны вам можна ўжываць; якія фізічныя нагрузкі будуць аптымальнымі; чым можна карыстацца пры сухасці похвы.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.