Вы тут

Вялікі подзвіг малых


Як ствараўся батальён беларускіх арлянят, і хто былі яго першыя байцы?

Рана асірацеўшы, яны нароўні з дарослымі змагаліся супраць ворага. Былі разведчыкамі, падрыўнікамі, сувязнымі, кулямётчыкамі, ад'ютантамі армейскіх і партызанскіх камандзіраў. Разам з чырвонаармейцамі гналі нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі, вызвалялі краіны Заходняй Еўропы. На іх дзіцячых гімнасцёрках ззялі баявыя ордэны і медалі. Толькі ў партызанскіх атрадах і падполлі Беларусі змагалася 25 тысяч непаўналетніх байцоў! Так дзеці дапамагалі дарослым набліжаць такую доўгачаканую Перамогу.

[caption id="attachment_75796" align="alignnone" width="600"]18-24 Сал­да­ты 150-й страл­ко­вай ды­ві­зіі на пры­ступ­ках рэйх­ста­га. На пя­рэд­нім пла­не — 14-га­до­вы сын пал­ка Жо­ра Ар­цё­мен­каў.[/caption]

Яшчэ ў канцы 1944 года газета «Піянер Беларусі» прапанавала сабраць і надрукаваць успаміны юных удзельнікаў і сведак Вялікай Айчыннай. Задуму падтрымалі Кандрат Крапіва і Янка Маўр — і ў 1948 годзе выйшаў зборнік «Ніколі не забудзем», які не раз перавыдаваўся, бо імгненна знікаў з кніжных паліц.

А напярэдадні 30-годдзя Вялікай Перамогі і 50-й гадавіны піянерскай арганізацыі газета «Зорька» выступіла з грамадскай ініцыятывай — сабраць юных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся з ворагам. «Знойдзем юных герояў, напішам новыя старонкі піянерскага летапісу!», — заклікала рэспубліканскае піянерскае выданне. І паляцелі ў рэдакцыю лісты-апавяданні чырвоных следапытаў, школьнікаў і піянераў Беларусі, успаміны саміх сыноў палка. Так нарадзіўся славуты батальён беларускіх арлянят.

Усяго ў ім налічвалася каля 700 чалавек. Сёння іх засталося толькі каля трохсот... Аднак батальён па-ранейшаму існуе. Толькі, відаць, больш ва ўспамінах. Як усё пачыналася тады, у сакавіку 1971-га, памятае і адзін з яго арганізатараў — былы супрацоўнік газеты, кандыдат гістарычных навук Віталь Лукін.

— Аднойчы ў рэдакцыю прыйшоў вядомы журналіст Валянцін Дончык і прапанаваў стварыць батальён беларускіх арлянят, — расказвае Віталь Лукін. — Сустрэча адбылася ў пачатку сакавіка 1971 года, а ўжо 12 сакавіка нумар газеты выйшаў са зваротам да чытачоў: «Пачынаем аперацыю «Подзвігі юных». Створым батальён беларускіх арлянят! Дасылайце свае данясенні».

Побач быў змешчаны загад № 1, у якім гаварылася, што ў батальён залічваецца кожны, хто быў сынам або дачкой палка, партызанскага атрада, юным падпольшчыкам у 1941—1945 гадах. Неабходна было даслаць у рэдакцыю дакументы, фотаздымкі і падрабязныя аповеды аб іх баявой дзейнасці. Удакладнялася, што ў ганаровыя юныя байцы залічвалі і тых, хто аддаў жыццё за Радзіму. Пад загадам стаяў подпіс камандзіра батальёна беларускіх арлянят, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі, Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава. Ганаровым камісарам батальёна стала рэдактар газеты Настасся Мазурава.

Дарэчы, сынам палка быў і сам Валянцін Дончык. Калі пачалася вайна, яму было 10 гадоў. Разам з байцамі 2-га кавалерыйскага корпуса імя Даватара юны сяржант дайшоў да Берліна, распісаўся на рэйхстагу. Сярод дзесяці яго франтавых узнагарод — медаль «За адвагу».

Аднымі з першых у батальён былі залічаны Героі Савецкага Саюза Марат Казей і Зіна Партнова, гаўрошы Брэсцкай крэпасці. Пасмяротна. Тут жа адгукнуўся Герой Савецкага Саюза Антон Брынскі: «Вы робіце вялікую, высакародную справу. Прашу залічыць у батальён Ваню Кавалёва».

— Услед за гэтым у рэдакцыю прыйшоў ліст ад былога сакратара Мінскага падпольнага абкама партыі Героя Савецкага Саюза Рамана Мачульскага з просьбай пасмяротна залічыць у батальён сувязную Плешчаніцкага падполля Зіну Іваноўскую, — успамінае Віталь Лукін. — У гады вайны, як пісаў Мачульскі, у Плешчаніцах, што на Міншчыне, актыўна дзейнічала савецкае падполле. Юная піянерка хадзіла з пасёлка ў партызанскі атрад, каб перадаць партызанам неабходную інфармацыю, дакументы, медыкаменты. Аднойчы, выконваючы баявое заданне, Зіна нарвалася на паліцаяў. Некалькі дзён фашысты здзекваліся з дзяўчынкі. Так нічога не даведаўшыся, кінулі яе сабакам.

У памяці былога супрацоўніка «Зорьки» — і паведамленні ад чырвоных следапытаў з Барысава. Вось што яны паведамлялі: «У нашым горадзе на сцяне Дома піянераў вісіць мемарыяльная дошка. На ёй напісаны імёны: Віця Пашкевіч, Саша Клімовіч, Валя Сакалова, Міша Бутвіноўскі. Гэтыя падлеткі восенню 1941 года арганізавалі падпольную піянерскую групу. Яны выносілі з варожых складоў боепрыпасы, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, дапамагалі падпольшчыкам арганізоўваць уцёкі ваеннапалонных з фашысцкіх канцлагераў і перанакіроўваць іх у партызаны. Старэйшы ў групе быў Віця Пашкевіч, шасцікласнік...»

У маі 1945 года адзін фотаздымак абляцеў старонкі шматлікіх газет свету. На ім на прыступках толькі што ўзятага рэйхстага разам з ваеннымі разведчыкамі адлюстраваны хлопчык, сын аднаго з палкоў 150-й стралковай дывізіі — той самай, байцы якой Ягораў, Бераст і Кантарыя ўзнялі сцяг Перамогі над рэйхстагам. Праўда, сённяшнія навукоўцы аспрэчваюць гэты факт і сцвярджаюць, што на сусветна вядомых фотаздымках Яўгена Халдзея «Сцяг Перамогі над Рэйхстагам» — вайскоўцы 8-й гвардзейскай арміі Аляксей Кавалёў, Абдулхакім Ісмаілаў і Леанід Горычаў. Аднак не гэта ў дадзеным выпадку галоўнае, тут важна іншае: маленькі Жора Арцёменкаў, пераадолеўшы сотні кіламетраў франтавых дарог, нароўні з байцамі Чырвонай Арміі дайшоў да Берліна! За баявыя заслугі радавы Арцёменкаў быў узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй». Менавіта ён стаў першым байцом батальёна беларускіх арлянят.

Вось што ўспамінаў сын палка Гена Юшкевіч: «Наша падпольная група «Джэк», якая ўвайшла ў каталог лепшых разведак свету, апынулася ва Усходняй Прусіі ў сярэдзіне лета 1944 года. Наша мэта ў асноўным была ў тым, каб фіксаваць рух транспарту ў бок фронту, выяўляць сакрэтныя аб'екты, наяўнасць тэхнікі ў кожным раёне. Выконваючы заданне, мы апынуліся ў раёне гітлераўскай стаўкі «Воўчае логава». Выкарыстаўшы гэтыя разведданыя, злучэнні Чырвонай Арміі знішчылі ворага ў яго ж логаве. Усё гэта патрабавала ад нас неверагодных намаганняў. Яшчэ доўга наша дзейнасць была пад грыфам «сакрэтна». Але час ішоў, і пра нашы справы стала шырока вядома...»

Разведчыкі «Джэка» былі вачамі і вушамі 3-га Беларускага фронту. Людзей, якія пратрымаліся тут хаця б месяц, лічылі доўгажыхарамі. Усходняя Прусія, куды быў закінуты ў складзе разведгрупы і Генадзь Юшкевіч, была сапраўдным пеклам для разведчыкаў. Тут, каля Рэстэнбурга, знаходзілася штаб-кватэра Гітлера, якую называлі «Воўчым логавам». Рэгіён знаходзіўся пад асабістым кантролем Гімлера. За тыдзень да высадкі «Джэка» рэжым стаў яшчэ больш жорсткім: быў здзейснены замах на жыццё фюрара. Таму ніводзін самалёт не мог праляцець незаўважаным...

«Мы ніколі не пераможам рускіх, бо нават дзеці ў іх змагаюцца і гінуць як героі», — пісаў нямецкі салдат у сваім дзённіку ў студзені 1944-га. Яму аднаму пашчасціла выбрацца з дрыгвы, куды завёў гітлераўцаў беларускі піянер Ціхан Баран, які, паўтарыўшы подзвіг Івана Сусаніна, адпомсціў фашыстам за маці, сясцёр і родную вёску. Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму дзённіку ўвесь свет даведаўся пра подзвіг беларускага хлопца, пасля залічанага ў батальён беларускіх арлянят.

— Мне не раз даводзілася сустракацца з байцамі батальёна, расказваць пра іх у кнігах, часопісах, газетных публікацыях, радыёперадачах, — гаворыць Віталь Лукін. — Аднак самай запамінальнай для мяне стала наступная падзея. Была майская раніца, пачатак 1970-х. У дзень нараджэння піянерскай арганізацыі байцоў батальёна запрасілі прайсці ўрачыстым маршам міма ўрадавай трыбуны на Кастрычніцкай плошчы. Усе — у баявых узнагародах на грудзях. Узначальвалі калону Героі Савецкага Саюза Віктар Лівенцаў, які нёс чырвоны сцяг, і контр-адмірал, наш зямляк Георгій Халасцякоў, які вельмі сябраваў з арлянятамі. З трыбуны калону віталі Пётр Машэраў і члены беларускага ўрада. Больш урачыстага мерапрыемства мне ніколі бачыць не давялося.

Малалетні сувязны партызанскага атрада «Буравеснік» Іван Сакольчык пасля вайны аднаўляў электрастанцыі ў Брэсце, Маладзечне, Баранавічах. Зусім малады Герой Сацыялістычнай Працы лічыў, што партызанскія гады яго загартавалі і многаму навучылі. «Але ведаеце, што больш за ўсё дапамагала ў нялёгкіх працоўных буднях? — пытаўся ён і тут жа адказваў: — Жаданне працаваць за тых, хто не вярнуўся, не дажыў да мірных дзён. Будаўнікі марылі будаваць, электрыкі — пракладваць лініі электраперадач. За іх я імкнуўся працаваць як мог».

Маладзей за Галю Спірыдонаву ў партызанскай брыгадзе нікога не было. Яна пачала змагацца з ворагам, калі ёй толькі споўнілася трынаццаць. Потым была палітруком узвода, метка касіла фашыстаў са снайперскай вінтоўкі, дапамагала параненым. Пасля вайны споўнілася яе мара: яна стала ўрачом.

Так у батальён беларускіх арлянят былі залічаны сотні раней невядомых герояў. Начальнік штаба батальёна Васіль Князеў у складзе 203-га асобнага атрада размініравання дайшоў да Берліна. Пасля вайны — заслужаны трэнер СССР і БССР. Сярод яго выхаванцаў — сусветныя і алімпійскія чэмпіёны. Уладзімір Афанасьеў — падрыўнік партызанскага атрада. Пасля вайны разам з баявымі сябрамі-камсамольцамі ўзводзіў карпусы мінскіх заводаў-гігантаў: трактарнага і аўтамабільнага, працаваў на вугальных шахтах Данбаса.

...Па традыцыі 9 мая, у Дзень Перамогі, беларускія арляняты сустракаюцца каля помніка Марату Казею ў Мінску. І нягледзячы на тое, што данясенні ў штаб батальёна беларускіх арлянят ужо даўно не прыходзяць, ім ёсць пра што пагаварыць, ёсць што ўспомніць. А нам — пра што памятаць заўсёды.

Вераніка КАНЮТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».