Вы тут

«Моцная картка» набірае вагу


У гэтай рэспубліканскай праграме лаяльнасці ад «БелКарт» хутка будзе ўдзельнічаць шэсць банкаў краіны

Адразу трэба нагадаць, што з моманту старту кааліцыйнай праграмы лаяльнасці ад «БелКарт» «Моцная картка» мінулі 3 месяцы. За гэты час у праграму ўступілі больш за 25 прадпрыемстваў гандлю і сэрвісу краіны, двума банкамі эмітуюцца плацежныя карткі праграмы, яшчэ 4 банкі рыхтуюцца да выпуску адзінага дысконтнага «пластыку».

18-21

Банкі пасябравалі з магазінамі

Праграма лаяльнасці «Моцная Картка» на базе нацыянальнай плацежнай сістэмы «БелКарт» з'яўляецца сапраўды агульнарэспубліканскім праектам, які аб'ядноўвае на адной банкаўскай плацежнай картцы дысконтныя праграмы больш за 20 розных гандлёвых сетак нашай краіны («Віталюр», «Родная старонка», «Міла», «Буслік», «Белвест» і інш.), сеткі АЗС «Беларуснафта», аптэк і іншых прадпрыемстваў сферы гандлю і паслуг. Кожны з удзельнікаў праграмы лаяльнасці прапаноўвае індывідуальныя зніжкі і бонусы трымальнікам зарплатных і асабістых картак «БелКарт» «Моцная картка».

«Галоўная мэта нашай праграмы лаяльнасці «Моцная картка» — уключыць у яе ўсе банкі-ўдзельнікі плацежнай сістэмы «БелКарт» і як мага больш прадпрыемстваў гандлю і сэрвісу краіны. Гэта праграма дазваляе трымальнікам картак «БелКарт» (пры наяўнасці ўсяго толькі аднаго пластыку, пры гэтым ён можа быць нават зарплатным) атрымліваць зніжкі і бонусы пры штодзённым здзяйсненні пакупак у гандлёвых пунктах даступнасці», — адзначыў выканаўца абавязкаў дырэктара нацыянальнай плацежнай сістэмы Уладзімір Гусараў.

18-22

Зніжкі плюс бонусныя балы

Грашовая эканомія «Моцнай карткі» не зводзіцца толькі да зніжак па праграме лаяльнасці гандлёвых прадпрыемстваў і структур сэрвісу. У дадатак да дысконтаў трымальніку карткі налічваюцца балы за безнаяўныя плацяжы па картцы. У межах такой бонуснай праграмы балы налічваюцца за ўсе безнаяўныя аперацыі, якія ажыццяўляюцца трымальнікамі картак у любым прадпрыемстве гандлю. Назапашаныя балы потым можна будзе выкарыстоўваць на атрыманне спецыяльных зніжак у прадпрыемствах-партнёрах, падарункавых сертыфікатаў і іншых прывілей. Адзін такі бал налічваецца за кожныя 100 тысяч рублёў, якія аплочваюцца гэтай карткай.

Бонусная праграма «Моцная картка» з'яўляецца дадатковым стымулам для аплаты ў безнаяўным фармаце сваіх паўсядзённых пакупак у любых прадпрыемствах гандлю і сэрвісу. Тут адзінае, што патрабуецца ад кліента — проста плаціць карткай.

Дырэктар кампаніі-аператара праграмы лаяльнасці акцыянернага таварыства
«ПрафМаркетСістэм» Алег Захараў 
адзначыў, што балы ўлічваюцца ў сістэме на сайце аператара www.bestcard.by, даведацца пра колькасць назапашаных балаў і абмяняць іх на бонусы можна ў асабістым кабінеце пасля рэгістрацыі карткі. Каталог бонусных прапаноў будзе пастаянна дапаўняцца новымі, яшчэ больш цікавымі зніжкамі ад шматлікіх удзельнікаў праграмы. «У цэлым праца над якасным напаўненнем дысконтнай і бонуснай праграм вядзецца пастаянна — гэта адзін з найважнейшых напрамкаў нашай дзейнасці», — адзначыў дырэктар кампаніі.

Уладзімір Гусараў паведаміў, што цяпер у праграме лаяльнасці ўдзельнічаюць дзве фінансавыя ўстановы — Белінвестбанк і Тэхнабанк, якія ўжо эмітавалі больш за 45 тысяч картак. Сёлета на працягу года яшчэ некалькі банкаў рыхтуюцца да ўступлення ў праграму. Свае «моцныя» карткі ў бліжэйшай перспектыве плануюць выпусціць акцыянерныя таварыствы «Парытэтбанк», «БПС-Ашчадбанк» і «Банк «Масква-Мінск».

18-23

«Пластык» класа прэміум

Летась Тэхнабанк ужо паспяхова стартаваў з новай карткай «Талака», калі адкрыў лінейку прэміяльных прадуктаў з выкарыстаннем картак «БелКарт». Новы прадукт «БелКарт-Прэміум» з праграмай лаяльнасці «Моцная картка» па папярэдняй ацэнцы будзе не менш запатрабаваны. Атрыманне зніжак у шырокай сетцы буйных гандлёвых прадпрыемстваў, а таксама ўдзел у бонуснай праграме з масай даступных прывілей цяпер актуальныя для сучасных спажыўцоў банкаўскіх паслуг. «Менавіта ўлічваючы зацікаўленасць кліентаў якаснымі прадуктамі, Тэхнабанк плануе выпусціць сёлета каля 5 тысяч такіх картак», — адзначыла начальнік упраўлення банкаўскіх плацежных картак ААТ «Тэхнабанк» Вольга Ермачэнка.

Сяргей КУРКАЧ.

ДАВЕДКА

«БелКарт» з'яўляецца лідарам па колькасці плацежных картак, якія знаходзяцца ў абарачэнні на тэрыторыі Беларусі. Па стане на пачатак года больш за 5 млн 200 тысяч, што складае 42,4% усяго рынку плацежных картак краіны. Доля колькасці аперацый па картках «БелКарт» складае больш за 42,2%.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.